Авторизация
 

Дзісна адзначала дзень нараджэння

 У мінулую суботу ўзбярэжжа Заходняй Дзвіны, якая філігранна акантоўвае дзісенскі парк, нагадвала пчаліны вулей. Шматлюдна. Па наваколлі ліліся звонкія песні ў выкананні артыстаў, распаўсюджваўся дымок ад мангала з шашлыкамі. Дзятва весялілася на шматлікіх атракцыёнах, стараўся дагадзіць усім густам гандаль. 

Упершыню так масава і ярка напярэдадні важных дат — Дня Незалежнасці Беларусі і 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Дзісна адзначала свой дзень нараджэння.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, а Дзісне ўжо звыш тысячы год, яна адчувае сябе цудоўна. Не даюць зачэзнуць энергічныя з маладым запалам жыхары.


 Назіраючы, як збіраюцца ў калону працоўныя калектывы горада, пазнаёміліся з Ірынай Ліфанаўнай Рамановіч. Яна спяшалася з кірмашу дадому, каб паспець на свята ў парк, але вельмі хацела пабачыць, як рушаць у дарогу ўрачыстыя з паветранымі шарамі і сцяжкамі землякі. Ураджэнка Браслаўскага раёна ўжо больш паўсотні гадоў як дзіснянка. Тут даўно ўсе амаль родныя, асабліва калектыў дзіцячага садка, дзе прайшлі яе незабыўныя працоўныя гады.


Ірына Ліфанаўна сцвярджае, што дзісенскі народ добразычлівы, дружны, тут няма раўнадушных да чужых праблем. Не ўпусціла магчымасці пахваліць Эдуарда Цярэшку як умелага арганізатара грамадскіх спраў. Высока ацэньвае работу медыцынскага персанала бальніцы сястрынскага догляду за чулыя адносіны да пацыентаў. Заўсёды з вялікім імпэтам наведвае канцэртныя праграмы ў ГЦК. Радуецца сустрэчам з мясцовымі паштавікамі, у якіх рэгулярна выпісвае раённую газету.


Нарэшце пад усеагульнае захапленне прадстаўнікі ўжо названых дзісенскіх калектываў, а таксама швейнага цэху “Віцябчанкі”, лясгаса, вытворчага ўчастка УП ЖКГ, установы адукацыі, школы мастацтваў, сацыяльнага прытулку, аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых і інвалідаў, Дома рамёстваў рушылі згуртаванай калонай ва ўрачыстым маршы. Да іх прымыкалі жадаючыя з ліку гараджан, тыя, хто з павагай ставяцца да дзісенскага краю. Маршрут пралягаў ад стогадовага моста да парка на беразе Заходняй Дзвіны. Узначальвалі маляўнічую калону кіраўніцтва раёна і горада. Наперадзе шэсця – байкеры са сцягамі. У рытме танца рухаліся юныя ўдзельніцы харэаграфічнага гуртка цэнтра культуры. А злева і справа суправаджалі прывітанні махаючых рук і нацэленыя вочкі камер смартфонаў.
На сцэне невялічкага амфітэатра перш за ўсё старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў павіншаваў дзісенцаў з Днём Незалежнасці Беларусі, 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нагадаў, што ў гэтыя дні ў далёкім 1944 годзе ішлі баі за вызваленне Дзісны. Больш за тыдзень змагаліся за раён у цэлым. І свята маленькага горада ў гонар тых, хто падарыў магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам.


 Як заўважыў Ігар Валер’евіч, 29 чэрвеня па праву можна лічыць знамянальнай датай, бо зараджаецца новая традыцыя адзначаць свята горада кожны год. Спадзяванне кіраўніка раёна, што гэты шлях атрымаецца доўгім і эфектыўным. Тады стануць імкліва паляпшацца ўмовы для жыцця дзісенцаў. Асабліва, калі любоў да роднага краю будзе праяўляцца ў канкрэтных справах кожнага жыхара, у добрасумленнай, адказнай рабоце ў працоўных калектывах.


За пажаданнямі прыйшла чарга ўзнагарод. За значны ўклад у развіццё горада Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова Генадзь Каранеўскі. Такую ўзнагароду заслужылі начальнік ЛВДС “Дзісна” Віктар Клябанаў, загадчык філіяла Міёрскага цэнтра дзяцей і моладзі Вольга Смаршчок. Падзякі старшыні аб’яўлены актыўным ветэранам працы Таццяне Бандарэвіч і Міхаілу Шымуковічу.


За значны ўклад у міратворчы і дабрачынны рух пачэснай узнагародай абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” адзначана Таццяна Стальмачонак.


У святочны дзень паспяхова завяршыўся аўтапрабег па месцах баявой славы, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікоў. Арганізатар – дырэктар прыватнага прадпрыемства “Аўтасервіс-Двіна” Эдуард Цярэшка. Важкі яго ўклад і ў падрыхтоўку свята горада. Як заўважыў старшыня Міёрскага райвыканкама, каб яму ў дапамогу яшчэ некалькі такіх энтузіястаў, як Эдуард Казіміравіч, раён развіваўся б сямімільнымі крокамі. Дзісенцу аб’яўлена падзяка райвыканкама. Такая ўзнагарода і ад начальніка Полацкага пагранічнага атрада Паўла Харчанкі за садзеянне ў рэалізацыі Дзяржаўнай пагранічнай палітыкі, актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.


Заўважаны старанні актывіста і на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Андрэй Стралецкі, звярнуўшы ўвагу на важныя вехі гісторыі Дзісны, пажадаў яго жыхарам, каб дзякуючы іх намаганням самы маленькі горад Беларусі развіваўся і пакрысе станавіўся вялікім.


І канешне, не забыліся пра тых, хто стварыў непаўторную атмасферу свята на беразе Дзвіны, хто свой талент прысвячае ўсёй Міёршчыне. Дырэктар гарадскога цэнтра культуры Аляксей Астукевіч атрымаў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, яго жонка Наталля – дыплом Дзісенскага гарвыканкама ў намінацыі “Лепшы работнік”.


У кагорце перадавікоў і начальнік аддзялення паштовай сувязі Таццяна Гілеп, урач-тэрапеўт бальніцы сястрынскага догляду Тамара Лінтоўская, намеснік дырэктара школы по вучэбнай часці Валянціна Івашчук, выхавальнік яслі-садка Зінаіда Маняк, майстар Дома рамёстваў Уладзімір Майсяёнак, выкладчык школы мастацтваў Валянціна Кавалеўская, загадчык гаспадаркі філіяла Міёрскага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Бушыла, педагог дзіцячага сацыяльнага прытулку Галіна Цюлько, уборшчык службовых памяшканняў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Алена Двойніна, пажарны аварыйна-выратавальнага паста №16 Васіль Яленскі, машыніст тралёвачнай машыны лясгаса Пётр Кавалеўскі, швачка цэха №4 прадпрыемства “Віцябчанка” Наталля Сачыўка, машыніст кацельнай устаноўкі ўчастка УП ЖКГ раёна Тадэвуш Цароў, электраманцёр электрычных сетак Уладзімір Баравік.


Старшыня Дзісенскага гарвыканкама Яўген Баран звярнуў увагу, што Дзісна для кожнага свая: хтосьці тут нарадзіўся і вырас, ці прыехаў, знайшоў сваю мару і застаўся. Яднае адно: усе любяць сваю малую радзіму, ганарацца яе шматгадовай гісторыяй і традыцыямі. Яўген Іванавіч пажадаў мясцовым жыхарам, каб узаемная павага і ўсеагульная падтрымка сталі асновай умацавання гарадской супольнасці.
прАДОЎЖЫЛА свята канцэртная праграма “Квітней горад мой”, якую падрыхтавалі і правялі з удзелам гарадскіх актывістаў і мясцовых артыстаў Наталля і Аляксей Астукевічы. Падрабязней чытайце ў пятніцу. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 126
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 79 361
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 55 885
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 563
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 353
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 885
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 884
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 июля 2019
Герман, Лукьян, Павел, Сергей, Евдокия

Именины 19 июля 2019
Александр, Анатолий, Андрей, Антон, Архип, Валентин, Василий, Виктор, Ефим, Иннокентий, Лукьян, Федор, Марфа, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта