Два па 55

ЮБІЛЕЙДва па 55
 
Здараецца ж такое: кіраўніку будаўнічай арганізацыі ПМК-55 Валерыю Мікалаевічу Брылю 21 ліпеня споўнілася 55 гадоў. Спалучэнне аднолькавых лічбаў звярнула на сябе ўвагу і дало падставу расказаць пра гэтага чалавека больш падрабязна. Але Валерый Мікалаевіч наадрэз адмовіўся размаўляць з журналістам і тым больш фатаграфавацца. “Нават на Дошку гонару не фатаграфуюся”, пачулася ў адказ.

Трэба было дзейнічаць па запасному варыянту: вось ён.

 

Даведка

Брыль В. М. нарадзіўся 21 ліпеня 1956 года ў г. Глыбокае. Закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва. Па накіраванню пачаў працаваць прарабам у Глыбоцкай ПМК з 14 жніўня 1978 года, пераводам заняў пасаду галоўнага інжынера Міёрскай ПМК-55 29 чэрвеня 1983 года. 17.07.1985 г. прызначаны кіраўніком перасоўнай механізаванай калоны.

Намеснік начальніка старшыні райвыканкама Л. І. Лясовіч, які курыруе пытанні будаўніцтва на Міёршчыне, характарызуе Валерыя Мікалаевіча па-дзелавому скупа: высокакваліфікаваны спецыяліст, граматны работнік, выдатны арганізатар. Аператыўна вырашае ўсе пытанні. Добры псіхолаг, разбіраецца ў людзях і стараецца іх падтрымаць. Узначальваемая ім Міёрская ПМК-55 у ліку лепшых у трэсце “Полацксельбуд”. Прыкладны сем’янін.

 

Галоўны інжынер ПМК-55 Л. І. Касевіч:

— Кажуць, што 55 для мужчыны не юбілейная дата, а толькі рубеж для ацэнкі пройдзенага. Для майго кіраўніка гэтая лічба мае яшчэ і непасрэдную сувязь з назвай узначальваемага прадпрыемства, з якім ён непарыўна звязаны без малога 30 гадоў. Так, Валерый Мікалаевіч больш чвэрці стагоддзя бяззменна кіруе самай вялікай будаўнічай арганізацыяй Міёршчыны. Лёс звёў мяне з ім менавіта ў пачатку яго кіраўніцкага шляху. Тады я, выпускнік Міёрскай СШ №1, атрымаў мэтавае накіраванне на навучанне ў Наваполацкі політэхнічны інстытут ад ПМК-55 па спецыяльнасці інжынер-будаўнік. У перасоўнай калоне праходзіў вытворчую практыку, яшчэ студэнтам пазнаёміўся з калектывам, лінейнымі інжынерна-тэхнічнымі работнікамі і кіраўніком. Маштабы выконваемых работ уражвалі, а ўсім гэтым складаным механізмам кіраваў малады, энергічны, мэтанакіраваны, прафесійна падрыхтаваны і таленавіты кіраўнік Валерый Мікалаевіч Брыль. Потым на працягу 10 гадоў пад яго кіраўніцтвам у якасці майстра-прараба ўзводзіў вытворчыя і жылыя аб’екты, займаўся стварэннем інжынернай інфраструктуры і сацыяльнай сферы на Мёршчыне і за яе межамі, нават у Расіі. Заўсёды адчуваў высокую патрабавальнасць кіраўніка да сябе і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Энергіі і мэтанакіраванасці гэтага чалавека можна пазайздросціць. У самых складаных сітуацыях ён не губляе вытрымку, валодае сабой і знаходзіць адзіна магчымыя шляхі вырашэння вытворчых праблем.

 

Ужо больш 10 гадоў працую на пасадзе галоўнага інжынера ПМК-55, з’яўляюся своеасаблівым “другім нумарам” у арганізацыі. Часам задумваюся над тым, што змянілася за гэты час? Узведзена шмат аб’ектаў, абнавіўся калектыў, мадэрнізаваны вытворчыя магутнасці, памянялася структура і спецыфіка будоўляў, іншымі сталі ўнутраны свет і погляды будаўнікоў. З’явіліся новыя машыны і механізмы. Нязменным застаўся кіраўнік калектыву, які знаходзіўся ля руля ўсіх пераўтварэнняў. Нібы час не падуладны над гэтым чалавекам, ён па-ранейшаму энергічны, рашучы, патрабавальны. Без гэтага цяпер немагчыма захаваць калектыў, развіваць яго вытворчы патэнцыял. А яшчэ Валерый Мікалаевіч сапраўдны сем’янін, які бязмежна любіць сваіх блізкіх і родных.

 

З нерасказанага Валерыем Мікалаевічам:

— Цяпер у вас водпуск, чым будзеце займацца?

— Буду ў няньках, бо прыязджаюць мае любыя ўнучкі, а ім адпаведна 9 і 3 гады. Некалі двойчы ездзіў адпачываць у Туапсэ, дзе ўпершыню пабачыў мора. А цяпер адпачынак з тэлефонам ля вуха, бо не парываю сувязі з вытворчымі справамі.

 

— Адпачынак па-дамашняму, гэта што?

— Вясной гэта градкі ў агародзе, якія потым даводзіцца рэгулярна паліваць. Яшчэ ў канцы чэрвеня яны парадавалі першымі агуркамі, а цяпер і памідоры пачаліся. У парніках спеюць гібрыдныя гатункі, а на адкрытай градцы — чэры, дробныя, але ўраджайныя і смачныя. Раннюю капусту ўжо спажылі.

 

Патрабуюць часу яблыні, грушы, чарэшні. Даглядаю вінаград, у садзе некалькі гатункаў, у тым ліку “Алёшанькін”. Новае папаўненне “Міраж”, “Цімур”.

Раней у лесе збіраў ягады, цяпер — толькі грыбы. Ведаю, дзе растуць баравікі і апёнкі.

Па субботах — свая лазня з парылкай.

 

— А як са спортам?

— У маладосці захапляўся баскетболам, а цяпер пераважна бокс і футбол па тэлевізары, іншыя спартыўныя праграмы, нават калі перадачы ідуць глыбокай ноччу. Ды яшчэ навіны, фільмамі асабліва не захапляюся.

 

— Час на друкаваныя СМІ знаходзіце?

— Рэгулярна сачу за газетамі “Советская Белоруссия”, “Віцебскі рабочы”, “Міёрскія навіны”. Шукаю навінкі ў часопісах “Дом”, “Прыгожыя дамы”, “Драўляныя дамы” і іншых. У іх нямала звестак пра новыя будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі, сучаснае афармленне інтэр’ераў. Тады міжволі рука цягнецца да алоўка і паперы, каб прадугледзець, як навінка будзе глядзецца ва ўласным доме ці ў жыллі каго з сяброў. Цяпер думаю над асучасваннем і ўдасканальваннем кухні.

 

— Па ўсяму бачна, што інжынер-будаўнік умее забіць цвік не толькі ў сваёй кватэры?

— Дапамагаю бацькам, якія жывуць у Глыбокім. А бацьку, былому партызану, ужо 84. Яму асабліва патрэбна падтрымка ў дамашніх справах.

— Якім багаццем ганарыцеся?

— У маіх дзвюх дачок цудоўныя мужы і дзве прыгажуні-унучачкі—радасць нашай сям’і.

 

Інтэрв’ю не праводзіў Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

 

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.