Авторизация
 

Скульптуру “Дзеці міру – дзецям вайны” адкрылі ў Дзень Перамогі ў Міёрах

 Скульптуру “Дзеці міру – дзецям вайны” адкрылі ў Дзень Перамогі. Яна размясцілася ў гарадскім скверы, непадалёк ад мемарыяла ў гонар воінаў-вызваліцеляў райцэнтра. Аўтар работы – слаўны сын міёрскай зямлі і сям’і таленавітых творцаў,  мастак, скульптар, уладальнік прадпрыемства па вытворчасці помнікаў Аляксандр ЧАРНЯЎСКІ.

   Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі раённай улады, грамадскасці, працоўных калектываў, жыхары і госці райцэнтра. Сімвалічную стужку перарэзалі кіраўнік раёна Ігар КУЗНЯЦОЎ і старшыня праўлення абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” Таццяна ТУМАНАВА. Яны ўпэўнены, што цяпер сквер будзе карыстацца ў міярчан і гасцей горада яшчэ большай папулярнасцю.  

 Дзень Перамогі, які аб’яднаў у сабе радасць і смутак, гонар за нашу гісторыю і боль непамерных страт, сабраў гараджан і гасцей райцэнтра ля Вечнага агню на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў. У руках многіх – партрэты абаронцаў Айчыны. Яны быццам зноў на перадавой. Як і ўдзельнікі той вайны, якія, нягледзячы на шаноўны ўзрост, знайшлі сілы завітаць на свята. На жаль, з кожным годам іх менш. Таму такія сустрэчы ўсё каштоўней.

 СВЯТОЧны мітынг напоўнены асаблівай урачыстасцю. Як сімвал светлай памяці, плошчу абудзіў звон. Так завяршылася памінальная ліція ў капліцы Аляксандра Неўскага, узведзенай у гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Яе адслужыў благачынны Міёрскай акругі, протаіерэй Віктар Вабішчэвіч.


 Затым гучалі падзякі за светлы мір, бязмежную мужнасць і стойкасць усім, хто цаной свайго жыцця абараняў Айчыну ад фашызму, хто загінуў у засценках канцлагераў нацыстаў, хто на сваіх плячах вынес цяжар вайны, выжыў і нястомна адбудоўваў краіну для дабрабыту наступных пакаленняў. Мы беражліва захоўваем ваенную гісторыю і на прыкладзе гераічных традыцый выхоўваем моладзь. У пачэсным каравуле змяняліся нашчадкі Вялікай Перамогі, ад іх залежыць наша бязвоблачная і светлая будучыня. Цёплыя прамовы прадстаўнікоў раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў падмацавалі традыцыі – ускладанне вянкоў і кветак да брацкай магілы, ушанаванне памяці загінулых хвілінай маўчання.


 Святочная калона з працаўнікоў калектываў райцэнтра, нераўнадушных людзей, якія з партрэтамі родных удзельнічалі ў акцыі “Беларусь памятае”, рушыла па вуліцы Леніна да гарадскога парка. Гэта не проста шэсце. Гэта гісторыя кожнага героя, які прайшоў праз самую страшную вайну. Кожны ўдзельнік ведае ўсё пра свайго блізкага. Успамінамі падзяліўся Пётр Пятроў:


 “Мой бацька Васіль Пятроў франтавік, гвардыі старшына. Пачаў вайну ў партызанах. Параненага даставілі на самалёце ў шпіталь на Вялікую зямлю, адтуль трапіў у падраздзяленне савецкай арміі трэцяга Беларускага фронту. Дайшоў да Кёнінгсберга. Удзельнічаў ва Усходня-Прускай аперацыі, дзе быў цяжка паранены. У шпіталі пад Яраслаўлем сустрэў Перамогу і пражыў 75 гадоў.


Мы – трое сяброў, дзеці франтавікоў, любілі слухаць успаміны сваіх бацькоў, калі тыя збіраліся разам. Уражаныя аповедамі, быццам самі пераносіліся ў гарачыя кропкі, тую аўру адчуваю і цяпер. Тата пастаянна выпісваў часопіс “Савецкі воін”, цікавіўся ваеннымі навінамі, што перадалося ў спадчыну. Люблю тэматычныя фільмы”.


 Пад успаміны ўдзельнікі традыцыйнага святочнага шэсця падышлі да гарадскога сквера. Тут, паблізу мемарыяла ў гонар воінаў-вызваліцеляў Міёрскага раёна, з’явілася дэкаратыўная скульптура “Дзеці міру – дзецям вайны”. Яе адкрыццё прымеркавалі да Дня Перамогі.


Кампазіцыя прадстаўлена ў выглядзе дзіцячай пляцоўкі. На пясочніцы пірамідка з пяці кубікаў, якія сімвалізуюць пяць ваенных гадоў. Антураж такі, быццам гарэзы нядаўна пакінулі гульню. Дэкаратыўная скульптура прысвечана пакаленню, шчаслівае маленства якога парушыла Вялікая Айчынная вайна. Тыя дзеці перажылі голад, разбурэнні, здзекі ў няволі. Заставаліся сіротамі і не ведалі бацькоўскай пяшчоты. На іх плечы леглі працоўныя будні, салдацкая служба. Толькі ў беларускіх лясах ваявалі каля 75 тысяч дзяцей міру. Яны станавіліся сапраўднымі героямі. Іх было шмат, але праз пасляваенныя дзесяцігоддзі засталося так мала.


 На верхнім кубіку скульптурнай кампазіцыі – галубок, сімвал міру. На гранях малюнкі на адпаведныя літары, лёгка чытаецца слова “МІР”. Новы сімвал заклікае берагчы чыстае неба над галавой, абуджае да асэнсавання мінулага, вучыць шанаваць Памяць.


Ідэя помніка ўзнікла тры гады таму сярод удзельнікаў клуба “Адраджэнне” беларускай асацыяцыі “ЮНЕСКА”, які дзейнічае ў Міёрскай СШ № 3 імя Я. Томкі. Вучні абышлі двары ў райцэнтры, каб падлічыць усіх прадстаўнікоў перад- і пасляваеннага пакалення. З вялікім жаданнем атуліць душэўнай цеплынёй двойчы сустракаліся з імі ў раённым Доме культуры.


 Кіраўніцтва раёна ініцыятыву адобрыла і падтрымала. Рэалізаваў задуманае таленавіты скульптар, дырэктар уласнага прадпрыемства па вырабе помнікаў Аляксандр Чарняўскі. Фінансавую дапамогу аказала праўленне абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру”. Устанавіла кампазіцыю і добраўпарадкавала навакольную тэрыторыю раённае УП ЖКГ. Кожны жыхар Міёршчыны зрабіў унёсак у добрую справу сваімі ахвяраваннямі ў фонд міру і ўдзелам у суботніку, на што звярнуў увагу старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Ён уручыў Ганаровую грамату скульптару, аб’явіў падзяку старшыні праўлення абласнога аддзялення фонду міру Таццяне Туманавай. І разам з ёй перарэзаў чырвоную сімвалічную стужку.


 Таццяна Уладзіміраўна шчыра рада сустрэчы на міёрскай зямлі, якая ўражвае яе сваімі краявідамі, людской шчырасцю. Ідэю скульптурнай кампазіцыі падтрымала не задумваючыся.


– У Беларусі ёсць помнікі дзецям вайны, але іх вельмі мала, – звярнула ўвагу старшыня праўлення абласнога аддзялення фонду міру. – Увага міярчан да гэтай катэгорыі старэйшага пакалення заслужаная. Загартаванае лёсам, яно не ачарсцвела душой. Моладзі варта вучыцца ў гэтых людзей маральнасці, дабрыні і самае галоўнае – працавітасці і міралюбівасці.


 На мерапрыемстве віталі прызёраў і пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх этапаў конкурсу творчых работ па тэме “Шчасце жыць у мірнай краіне”. У іх ліку вучні Дворнасельскай школы Вячаслаў Кукуць, Узмёнскай – Лізавета Шчарбіцкая, Дзісенскай – Іван Кавалеўскі. Шматлікія працоўныя калектывы атрымалі Ганаровыя граматы абласнога аддзялення за ўклад у развіццё традыцый міратворчасці, дабрачыннасці ў імя Міру, Дабрыні і Згоды ў грамадстве. Звернута ўвага і на асаблівасці ў рабоце раённай арганізацыі фонду міру. Яна жывая, дзейная, яе лідара Алу Смерцьеву па праву лічаць энтузіястам сваёй справы. 

 Галіна Фамінічна Конанава, міярчанка:
– На святочную ўрачыстасць прыйшлі разам з мужам Валерыем Уладзіміравічам і партрэтам яго бацькі. Уладзімір Карнеевіч Конанаў прайшоў дзве вайны – фінскую і Вялікую Айчынную. Меў шмат узнагарод. У тым ліку медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Севастопаля”, ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля вайны застаўся служыць у Севастопалі, затым з сям’ёй пераехаў у гарадок Сянно Віцебскай вобласці. Для нас дарагая памяць пра яго. Рады, што традыцыя прыходзіць на ўрачыстае шэсце 9 мая з партрэтамі родных, якія былі ўдзельнікамі вайны, знайшла водгук і ў нашым горадзе. Гэта важна. У першую чаргу для маладога пакалення, якое павінна зберагаць памяць пра сваіх прадзедаў, што змагаліся за мір.

Ірына Цярэнцьева, рэжысёр народнага тэатра Міёрскага РДК:
– Вельмі пачэсна рыхтаваць і весці мерапрыемства ў гонар Дня Перамогі. Радасна, што шмат гараджан далучылася да акцыі “Беларусь памятае”. Не знойдзецца беларускай сям’і, у гісторыю якой ні былі б упісаны ваенныя радкі. Даўно не стала майго прадзядулі Адама, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, а мы пра яго памятаем. Часам мой пяцігадовы сынок Дзіма, гуляючы ў салдацікаў ці з танкамі, пытаецца: “А вайна сапраўды была?” Расказваю яму тое, што ведаю. Кожнае новае пакаленне ўсё больш аддаляецца ад ваенных гадоў, тым важней зберагаць памяць пра тых, дзякуючы каму жывём пад мірным небам. Да свята 9 Мая ў мяне асаблівыя, трапяткія адносіны. Як да чагосьці святога. Так з дзяцінства закладзена. Гэты дзень не для адпачынку на прыродзе. Трэба аддаваць даніну пашаны і памяці ўсім, хто зведаў на сабе цяжар вайны. Пасля ўрачыстых мерапрыемстваў мы ўсёй сям’ёй глядзім ваенныя фільмы. Любімыя кінастужкі “В бой идут одни старики”, “На безымянной высоте” і іншыя нагадваюць пра подзвігі нашых салдат, прымушаюць задумацца пра каштоўнасць мірнага жыцця.

 Пастаянна клапоціцца пра пакаленне пераможцаў і многае робіць для захавання памяці раённая ветэранская арганізацыя, якую ўзначальвае Часлаў Кашкур. Існуе добрая традыцыя напярэдадні Дня Перамогі з прадстаўнікамі мясцовай улады, ваенкамам наведвацца да франтавікоў, малалетніх вязняў фашызму, у сем’і загінулых з віншаваннямі і падарункамі. Ужо не першы год удзел у добрай справе прымае грамадскі актывіст, адміністратар групы Укантакце “Праваслаўная моладзь Міёршчыны” Аляксандр Рынкевіч. Сёлета ён уручаў ветэранам ласункі, паштоўкі, велікодны буклет, каляндар і абразік.


– Падсаладзіць жыццё ветэранаў, выказаць шчырыя словы падзякі за Перамогу выклікаліся нераўнадушныя жыхары райцэнтра, працаўнікі калектываў, удзельнічалі і прадпрымальнікі, – расказвае Аляксандр. – Такіх падарункаў у дзяцінстве ваеннае пакаленне не атрымлівала. Тады кавалачак хлеба здаваўся саладзей за мёд, пра які толькі марылі. Аднак чакаюць яны не падарункаў, а найперш увагі, душэўнай цеплыні, у чым так маюць патрэбу.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 624
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 088
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 50 880
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 925
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 668
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 463
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 422
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 мая 2019
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Именины 24 мая 2019
Александр, Иосиф, Кирилл, Константин, Михаил, Ростислав

Госці краін
free counters
Партнеры сайта