Авторизация
 

У Міёрах ушанавалі лаўрэатаў “Чалавек года” і ўручылі пашпарты школьнікам

 Больш фота глядзіце ў альбоме "Ушанаванне лаўрэатаў "Чалавек года Міёршчыны"

У Міёрскім раённым Доме культуры 15 сакавіка ўшанавалі лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Міёршчыны” і ўручылі пашпарты школьнікам. Ва ўрачыстасці прыняў удзел дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Мацвееў.

 НА 2019-ы прыпадаюць важныя юбілейныя даты ў гісторыі нашай краіны. Мінула сто год з дня ўтварэння БССР. У ліпені адзначым 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 15 сакавіка споўнілася дваццаць пяць год асноўнаму закону — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адметныя падзеі прыгадаў старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў і заўважыў, што яны аб’ядноўваюць многія пакаленні, чыёй працай ствараўся дзень сённяшні. У перыяд БССР закладзены грамадска-палітычны, эканамічны, культурны фундамент беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Ён вытрымаў выпрабаванне часам і стаў надзейнай асновай суверэннай Рэспублікі Беларусь. Цяпер наша краіна — праваднік бяспекі і стабільнасці ў цэнтры Еўропы.

  
Маладым людзям, якім выпаў гонар атрымаць пашпарт у важнае дзяржаўнае свята, кіраўнік раёна наказаў памятаць пра сваю радзіму і ведаць, што яны ёй патрэбны, адказна ставіцца да абранай справы, бо ад гэтага залежыць наша будучыня. Прыкладам майстэрства і асабістага поспеху Ігар Валер’евіч назваў лаўрэатаў звання “Чалавек года Міёршчыны”.


 ПАД музыку і апладысменты падымаюцца на сцэну працаўнікі, якія сумленным выкананнем абавязкаў і высокімі вынікамі заслужылі быць лепшымі. Гэта аператар машыннага даеяння СУП “Цітова” Таццяна Свірко, машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны лесапункта ДЛГУ “Дзісенскі лясгас” Мікалай Мятла, кіроўца міёрскага ўчастка філіяла “Аўтобусны парк №2 г. Полацка” Анатоль Зарудніцкі, кіроўца пагрузчыка ПМК-55 Пётр Міхайлаў, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі “Дэмскі сад” Уладзімір Кашкур, загадчык Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч, загадчык Волкаўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, старэйшына вёскі Волкаўшчына Таццяна Казлоўская, трактарыст-машыніст ААТ “Папшулі” Іван Талапіла. Людзі розных прафесій, характараў і лёсаў. Аб’ядноўвае іх уменне працаваць на сваіх месцах старанна, якасна, эфектыўна.

   
Яшчэ адна юбілейная лічба. Вызначылі пяцідзесятага ўладальніка звання “Чалавек года Міёршчыны”. Дыплом і памятны сувенір уручылі ўрачу агульнай практыкі, загадчыку Язненскай участковай бальніцы Уладзіміру Пашковічу.

   
МЕСЦА на сцэне саступілі моладзі. Пашпарты ўручалі школьнікам дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Мацвееў і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Міёрскага РАУС Таццяна Лысёнак.

 У Дзень Канстытуцыі паўнапраўнымі грамадзянамі краіны сталі дваццаць два школьнікі Міёршчыны.

Сярод іх вучні 8 “Б” класа СШ №2 Ганна Федуковіч, Максім Давідсон, Святлана Юргель, Анастасія Мікель і …

   
— Зараз у пашпарце пагляджу, — усміхаецца малады чалавек і гартае свой дакумент: — Аляксандр Дундзер.
Заўважаюць, што з пашпартамі на руках адчулі сябе больш дарослымі і самастойнымі.

   
 — Вы — апора дзяржавы, яго будучыня, перспектыва. Творчы, эканамічны, інтэлектуальны патэнцыял. Жадаю вам быць годнымі грамадзянамі нашай краіны. Смялей глядзіце ў будучыню, рызыкуйце, дасягайце вяршынь. Любіце Беларусь і сваю малую радзіму — Міёршчыну, — наказваў юнакам і дзяўчатам Уладзімір Сямёнавіч.

   
Васьмікласніца СШ №2 Ганна Федуковіч атрымала пашпарт у дзень нараджэння.
— Сёння мне споўнілася чатырнаццаць год. Запомню гэты дзень. Перад цырымоніяй хвалявалася. Прыемна і пачэсна атрымліваць самы важны дакумент у такой урачыстай абстаноўцы, — дзеліцца ўражаннямі. — Сваю будучыню планую звязаць з юрыдычнай сферай. Мару па свеце павандраваць. Але жыць і працаваць — у Беларусі.

   
Аднакласнікі Ані свае прафесійныя планы таксама звязваюць з роднай краінай.
ПАСЛЯ ўрачыстасцей музычныя віншаванні дарыў тэатр песні “Субацея” з Наваполацка. У нашым горадзе артысты выступалі ўпершыню. Вясёлыя, жвавыя і галасістыя, яны спадабаліся міёрскаму гледачу. 

   

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта