Авторизация
 

Улада і насельніцтва сустрэліся ў Дзісне

 Штомесяц у раёне праводзяцца дні работы з насельніцтвам. У снежні па плане значылася Дзісна. У мінулую сераду чатыры інфармацыйныя групы ў складзе кіраўнікоў служб райвыканкама, райсавета дэпутатаў, санэпідэмстанцыі, прадстаўнікоў аддзелаў унутраных спраў і надзвычайных сітуацый наведаліся ў працоўныя калектывы горада. Напярэдадні аб’язджалі аб’екты і цікавіліся ўмовамі жыццезабеспячэння. 

У той час старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў правёў прыём грамадзян у гарсавеце. Тут жа сустрэўся з дзісенцамі па пытаннях развіцця горада, у мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі аблвыканкама. У складзе дэлегацыі першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Аляксандр Касцюкоў, старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Віктар Зайцаў, намеснікі начальніка Галоўных упраўленняў гандлю і паслуг Жанна Лістападава і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юрый Рагуценак, галоўныя спецыялісты Упраўлення культуры Дзяніс Юрчак і Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Фадзеенкаў. 

Напачатку Ігар Валер’евіч акцэнтаваў увагу на паказчыках развіцця Міёршчыны ў цэлым. Тут можна рабіць выснову, што эканоміка прыкметна ажывае. У маі ў аблвыканкаме ўзгоднена Канцэпцыя развіцця раёна на бліжэйшыя дзесяць год. Яе рэалізуюць практычна за кошт інвестыцыйнага капіталу з мінімальным выкарыстаннем сродкаў бюджэту. Згодна з запланаваным, у жніўні 2019-га чакаецца запуск першай чаргі металапракатнага завода з аб’ёмам вытворчасці 150 тысяч тон белай бляхі і 50 тысяч — чорнай. Праз восем месяцаў пачне дзейнічаць другая чарга завода. Выпускаць стануць 240 і 150 тысяч тон прадукцыі адпаведна. Трэцяя чарга норму выпрацоўкі павялічыць. Патрэбу Беларусі ў 30 тысяч тон белай бляхі цалкам забяспечыць міёрскі завод. Астатняя пойдзе на экспарт. Попыт прагназуецца высокі, бо бляху такой таўшчыні — усяго 0,1 мм — вырабляюць толькі ў Германіі.


 Адобрана будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра, ініцыятарам і інвестарам якога выступае “ММПЗ-груп”. З улікам развіцця рэгіёну не абысціся без новага жылля. Папоўніцца кватэрны фонд металапракатнага завода. Амаль усё гатова, каб узводзіць саракакватэрны дом для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.


Сёлета здадзена ў эксплуатацыю цэнтральная раённая бальніца, неабходная жыхарам раёна. Там цяпер усё па апошнім слове медыцынскай тэхнікі, а значыць, на высокім узроўні абарона здароўя лю- дзей. Магчыма, больш нованароджаных у раёне з’явіцца. Як заўважыў старшыня, дэмаграфічная абстаноўка ў раёне гэтага патрабуе. За мінулыя дзесяць гадоў нас паменела на пяць тысяч чалавек. У той жа час падрастаюць дзеці, ствараюць сем’і. Маладыя прыязджаюць працаваць і на металапракатны завод. Дашкольныя ўстановы запоўнены, свабодных месц няма, таму вырашаюцца пытанні будаўніцтва тыпавога дзіцячага садка на 200 месц.


Для паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва распачата праектаванне райпаліклінікі. З’явіцца і кардыясасудзісты цэнтр, разлічаны на 550 рабочых месц. Канцэпцыю яго развіцця адобрыў Прэзідэнт краіны. На базе ўстановы плануецца праводзіць больш за 80 аперацый у год па шунціраванні сэрца. Задзейнічаюць нямецкіх хірургаў, якія будуць працаваць вахтавым метадам. Як запэўніў старшыня райвыканкама, аперацыі на сэрцы ў нас абыдуцца больш танна на 30 працэнтаў, чым у Германіі, на 25 — чым у Чэхаславакіі.


Вырашаюцца і надзённыя пытанні. Апошнім часам насельніцтва раёна наракала на пустыя паліцы ў магазінах. Каб папоўніць іх неабходным таварам, з трэцяга снежня частку гандлёвых аб’ектаў перадалі ў падпарадкаванне Ушацкаму райспажыўтаварыству, астатнія прыме Верхнядзвінскае. Маршрут аўталавак не мяняецца, колькасць таксама — іх сем, даставяць сельскім пакупнікам усё неабходнае па графіку.
Гандлёвае абслугоўванне будзе развівацца. У райцэнтры адрэстаўрыравалі будынак былой рэмбыттэхнікі, у сценах якога мяркуе размясціцца “Еўраопт”. За горадам, ля аб’язной дарогі, жадае пабудаваць свой магазін кампанія “Санта Рытэйл”.


 Калі райцэнтр стане атрымліваць добры прыбытак, ажыве і Дзісна. Пра развіццё горада раённыя ўлады клапоцяцца. На днях бальніца сястрынскага догляду атрымала новую машыну хуткай дапамогі. Ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу з’явіліся вулічныя трэнажоры, дзе больш увагі можна надаваць здароўю. Не за гарамі і наваселле. На наступны год запланавана праектаванне дзевяцікватэрнага жылога дома. Са старшынёй аблвыканкама ўзгоднены пытанні аб пачатку будаўніцтва ачысных перасоўных збудаванняў і закальцоўкі водаправода, што пазбавіць дзісенцаў ад праблем забеспячэння вадой. Па просьбе маладых сем’яў з’явяцца дзіцячыя пляцоўкі ля шматкватэрных дамоў.


Наконт адкрыцця магазіна “Еўраопт” у Дзісне старшыня райвыканкама патлумачыў: улада свае абавязацельствы выконвае. Зямельны ўчастак падабраны, афармленне неабходнай дакументацыі на завяршальнай стадыі. Затым выставяць яго на аукцыён. Усё залежыць толькі ад кампаніі Еўрагандаль, ці возьме ўдзел у таргах.


Што да рабочых месц, то нямала вакансій у сельскіх гаспадарках, якія ў радыусе васьмі кіламетраў ад Дзісны. Там запатрабаваны бухгалтары, эканамісты, інжынеры, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы і іншыя спецыялісты.


Старшыня гарсавета Яўген Баран дапоўніў, што ў Дзісне выконваюцца зацверджаныя райвыканкамам, райсаветам дэпутатаў мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі. Чысціня, азеляненне, уладкаванне памятных месц, парку — дэвіз горада. Сёлета ў моста праз Дзісну з’явілася новае пакрыццё. Пры дапамозе ямкавага рамонту прывялі ў парадак дарогі па вуліцах Леніна, Кузьміна, Калініна, Каперніка, Полацкай. Па Тэльмана наогул цяпер новы асфальт. Шмат дзе спілавалі аварыйныя дрэвы, астатнім фарміравалі кроны. Палепшыўся выгляд тэрыторый ля сацыяльных і гандлёвых аб’ектаў.


Сёлета ў гаспадарчы абарот уцягнулі тры пустуючыя будынкі, за кошт чаго значна папоўнілася казна гарсавета. У былым аптэчным кіёску адчыніўся магазін “Будаўнічыя і зоатавары”, гандляры арандуюць частку камбіната бытавога абслугоўвання, рамантуецца колішні дзіцячы садок па вуліцы Леніна.


— Жыццё мяняецца да лепшага, калі добрасумленна працаваць і зарабляць, — звярнуўся Ігар Валер’евіч да дзісенцаў. — Важны ўнёсак кожнага жыхара ў развіццё горада. Пажаданне, каб і самі стараліся для паляпшэння ўласнага дабрабыту.


 Першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Касцюкоў звярнуў увагу, што візіт спецыялістаў структурных падраздзяленняў з Віцебска планавы, каб па даручэнні старшыні аблвыканкама азнаёміцца з бягучымі справамі ў раёне і Дзісне.


Падрабязны даклад Ігара Кузняцова задаволіў дэлегацыю. Раённая ўлада дасканала валодае сітуацыяй. Па выніках года ёсць зрухі наперад. Прагучала толькі пажаданне не спыняцца на дасягнутым.


 Старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці аблвыканкама Віктар Зайцаў заклапочаны станам аб’ектаў нерухомасці Міёрскага райспажыўтаварыства. У Дзісне чатыры з пяці ў аварыйным стане. Гэта дакументальна пацверджана кампетэнтнымі службамі. Прадаць праблематычна, але без належнага нагляду яны толькі разбураюцца. А значыць, становяцца крыніцай павышанай небяспекі. У адным на выпадковых візіцёраў у любы момант можа абваліцца столь. Працэс зносу каштуе значных грошай, якіх у райспажыўтаварыства, як уласніка, няма. Віктар Васільевіч звярнуўся да старшыні Дзісенскага гарвыканкама з просьбай узяць на асаблівы кантроль гэтыя аб’екты. 

На пачатак года ў Дзісне налічвалася 1462 жыхары, у тым ліку 751 — працаздольнага ўзросту. Тут функцыянуе неабходная сацыяльная і вытворчая інфраструктура. Працуюць 17 гандлёвых аб’ектаў, якія забяспечваюць таварамі спажыўкааперацыя, прыватныя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 936
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 499
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 291
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 36 951
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 673
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 883
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 904
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2019
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2019
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта