Премию имени С. М. Туснолобовой-Марченко заслужила София ГУЗ из Узмён

 Лепшых жанчын Віцебшчыны ўшанавалі сёння ў аблвыканкаме з нагоды Дня маці. Сярод намінантак на прэмію імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка моцная духам, непахісная перад складанасцямі лёсу Сафія ГУЗ з Узмён.

Сафія ГУЗ — аптымістка, усяляе ў акружаючых веру ў сябе. Падтрымлівае зносіны з сябрамі, лёгка знаходзіць агульную мову з незнаёмымі. Разам з мужам Дзмітрыем выхоўваюць дваіх сыноў.

Так бывае не ва ўсіх. Сафія ГУЗ не бачыць. Але гэта не перашкаджае ёй быць уважлівай і чулай маці. Не паспелі Максім з Арцёмам пераступіць парог дома, ужо расказваюць, як прайшоў дзень. Дзеляцца сумненнямі і перажываннямі, просяць парады, дапамагаюць самі. З асаблівай цеплынёй і любоў адносяцца да мамы.


— Дзецям многае дазваляю. Ведаю, што трэба быць больш строгай, але не магу, — прызнаецца субяседніца. — Галоўнае, каб выраслі сапраўднымі людзьмі, гатовымі прыйсці на дапамогу. Прыклад таму заўсёды перад імі.


Чатырнаццацігадовы Максім і Арцём, якому хутка споўніцца дванаццаць, самі ведаюць мяжу дазволенага. Добра вучацца, старэйшы — бяззменны вядучы школьных мерапрыемстваў, малодшы займаецца спортам і танцуе. Змалку прывучаны да працы, не саромяцца падмесці хату або памыць посуд. Разам з татам кормяць жывёлу, абкошваюць падворак.


Сафія творчая і актыўная. Цесна супрацоўнічае з настаўнікамі, удзельнічае ў школьных мерапрыемствах. Першая прынясе ў школу вырабы з прыродных матэрыялаў, заўсёды прыйдзе на бацькоўскі сход. Цікавіцца поспехамі сваіх хлопцаў.


Побач з Сафіяй Паўнелаўнай не бывае сумна, адзначаюць яе знаёмыя. Калі чымсьці захапілася, поўнасцю аддае сябе справе. Але не засяроджваецца на адным: піша вершы, пляце з газетных трубачак, рыхтуе вырабы з бісеру. У планах — навучыцца пляценню з кукурузнага лісця. Некаторыя здзіўляюцца: як можна нанізваць маленечкія бусінкі, калі нічога не бачыш?! Сафія на ўласным прыкладзе даказвае — гэта рэальна. Навучылася ўсё рабіць самастойна. Няхай не так, як усе, іншым спосабам, але гатуе смачныя стравы сваім мужчынам, прыбірае дома, збірае ўраджай, нават шые. Ці існуе для яе штосьці немагчымае?


— Спачатку было цяжка, а потым падумала: я ж рабіла гэта раней, калі бачыла. Што змянілася? І стала прывыкаць абыходзіцца без чужой дапамогі.


Летась Сафія ўдзельнічала ў рэспубліканскай спартакіядзе інвалідаў па зроку. Дадому прывезла два медалі. Адзначаны яе поспехі ў творчым конкурсе, які праходзіў у Віцебску, дзе чытала прытчу ўласнага сачынення. Наступную ўзнагароду — абласную прэмію імя Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка атрымала ўчора. Рыхтавалася, як заўсёды, адказна. Хвалявалася, але справілася са сваімі эмоцыямі.
— Схіляюся перад Сафіяй, — кажа загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Таццяна Шульга. — Яе душа настолькі адчыненая, што здаецца, там няма дзвярэй. Замест іх — арка.


Удзячна Сафія Гуз спецыялістам тэрытарыяльнага цэнтра, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць.
Сілы духу і мэтанакіраванасці гэтай мініяцюрнай жанчыны хопіць, напэўна, на траіх. Светлая і адкрытая, яна прыцягвае ў сваё асяроддзе такіх жа людзей. Побач з ёй зараджаешся пазітывам, адчуваеш сябе свабодным. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.