Конкурс "Автоледи-2018" прошёл в Миорах

 Пятніца. 27 ліпеня. Міёры. Аўтадром. Неба зацягнута хмарамі. На пляцоўцы ўсмешкі, жарты, лёгкае хваляванне. Жараб’ёўка вызначае, у якой паслядоўнасці выступяць канкурсанткі. За рулём дзяўчаты штодня, а на конкурсе хтосьці ўпершыню. Гэта свое- асаблівы экзамен. 

У стыльных уборах, на абцасах, упэўненыя ў сабе і сваіх аўтамабілях удзельніцы раённага конкурсу “Аўталэдзі” паспаборнічалі ў ведах дарожнай азбукі і вадзіцельскім спрыце.

 Прадстаўляць канкурсанткам членаў журы не трэба. Усе аўталэдзі — вучаніцы інструктара Віктара Рубаніка. Актывісткі не толькі на дарозе, таму ведаюць першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Вікторыю Пяткевіч. Не знаёмы хіба што з інспектарамі аддзялення ДАІ Валерыем Валеўкам і Арцёмам Лукшам. Парушальнікаў дарожных правіл на спаборніцтва не дапускаюць.


 ЭФЕКТНА выглядалі і самі ўдзельніцы, і іх аўтамабілі. У чырвонай сукенцы на чырвонай “Аўдзі”, аздобленай чырвонымі ружамі, прыехала Рэгіна Швед разам з мужам Андрэем і малодшай дачушкай Міланай. Актыўная і энергічная, яна выбрала колер жыццёвай сілы і поспеху.
— Ружы засталіся з нашага вясельнага картэжа. Вырашыла выкарыстаць іх для ўпрыгожвання і цяпер. Так бы мовіць, на ўдачу, — гаворыць канкурсантка. — Вадзіцельскі стаж у мяне адзінаццаць год. За рулём адчуваю сябе камфортна і ўпэўнена. За практычную частку спаборніцтва не перажываю, думаю, складаней будзе справіцца з тэорыяй.


 Для аўталэдзі — пяць іспытаў. У конкурсе візітак з творчым падыходам прадстаўлялі сябе і свае аўтамабілі. Вольга Арцімовіч на новы лад расказала казку пра Чырвоную Шапачку. Кошычак з піражкамі ў якасці рэквізіту застаўся. Да бабулі галоўная гераіня дабіралася па трасе на “Таёце”. Сустрэла на шляху інспектара ДПС.


— Паўдзельнічаць у спаборніцтве цікава. На падрыхтоўку не затраціла шмат часу. За рулём два з паловай гады. Атрыманыя ў аўташколе тэарэтычныя веды ў памяці яшчэ трывалыя, — расказвае Вольга. — Я працую ў раённай бібліятэцы, на работу хаджу пешшу, бо жыву недалёка. На машыну не забываюся. Знаходжу час, каб папрактыкавацца за рулём.


НА рашэнне тэарэтычнага тэста з дзесяццю пытаннямі адводзілася дзесяць хвілін. Справіліся намнога хутчэй. Аднак здаць тэорыю без памылак удалося не ўсім. Лепшы вынік у Вольгі Арцімовіч — дзевяць правільных адказаў.


 Былі складанасці і ў другім тэарэтычным конкурсе. Дзесяць пытанняў на веданне “ўнутранага свету” аўтамабіля з варыянтамі адказаў. Які від масел мае высокія эксплуатацыйныя ўласцівасці, ці дазваляюць Правілы дарожнага руху выкарыстоўваць зімовыя шыны ў іншую пару года, што такое VIN-код аўтамабіля? Такія задачкі значыліся ў тэсце.


Амаль без памылак выступілі ўдзельніцы ў конкурсе кіравання. Дажджу не ўдалося стаць перашкодай.
— Гэта самы просты этап, таму што за рулём пастаянна, — заўважае Аксана Калеснік — Кірую аўтамабілем пяць год. Мінулым летам таксама ўдзельнічала ў “Аўталэдзі”. Збіраюся на конкурс аўтааматараў увосень. Мне падабаюцца такія спаборніцтвы. Ёсць стымул паўтарыць правілы дарожнага руху, хоць час ад часу перачытваю іх проста для сябе.


 Аксана лічыць, што на дарозе павінны быць узаемаветлівыя адносіны паміж усімі ўдзельнікамі руху. Для конкурсу новых дарожных знакаў падрыхтавала знак “Смела, але не нахабна”. Гэта папярэджанне для кіроўцаў, якія займаюць адразу два месцы на паркоўцы ля магазіна, выкідваюць смецце з акна аўтамабіля, гучна ўключаюць музыку, абдаюць пешаходаў халодным душам з лужын.


СПАБОРНІЦТВА завяршылася. Журы падводзіць вынікі. Канкурсанткі могуць з палёгкай уздыхнуць. Але хваляванне не адпускае. Цікава, як размеркаваліся месцы на вадзіцельскім п’едэстале. Інтрыгу трымалі нядоўга.


Трэцяе месца ў конкурсе “Аўталэдзі-2018” заняла Рэгіна Швед. На другім — Аксана Калеснік. Абагнала саперніц Вольга Арцімовіч. Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. 

Для даведкі:

Раённы конкурс “Аўталэдзі” прайшоў упершыню мінулым летам. Арганізатар мерапрыемства — райкам ГА “БРСМ”. Спаборніцтва з’яўляецца магчымасцю ўдасканаліць вадзіцельскае майстэрства, павысіць узровень тэарэтычных ведаў, раскрыць творчыя здольнасці.

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.