Авторизация
 

У Міёрах выбіралі "Самых класных класных"

 Конкурс прафмайстэрства “Самы класны класны”, які прайшоў напрыканцы сакавіка ў раённым Доме культуры, здзівіў, уразіў, запомніўся.  

 Калі ў сэрцы жыве любоў

КЛАСНЫ кіраўнік 7”Б” з Міёрскай СШ №2 Вера Сушко называе сябе звычайным чалавекам. Сваю галоўную задачу вызначае так — выхоўваць годных людзей. За трыццаць год у школе яе называлі класнай маці дзясяткі дзяцей. Вера Іванаўна ўмее заўважаць поспехі і падтрымліваць запал. Ведае шмат прытчаў і карыстаецца іх мудрасцю. Ідэі, як цікава правесці час з класам, бярэ, што называецца, з паветра. Прыклад таму — простая гульня на кемлівасць, сілу і спрыт са сваімі выхаванцамі.


 “30 ЖНІЎНЯ 2013 года я даведалася, што стану маці”, — пачала выступленне Таццяна Максіменка з СШ №3 імя Я.Томкі. Цяпер у яе дваццаць цікавых, творчых і энергічных дзяцей — 9“Б” клас. Разам са сваімі бацькамі яны сталі самай масавай групай падтрымкі на конкурсе. Танцавалі, удзельнічалі ў ток-шоў, абдымаліся. Па меркаванні Таццяны Мікалаеўны, класны кіраўнік павінен быць псіхолагам, арганізатарам карысных спраў, патрыётам, артыстам. Ёй удаецца іграць усе ролі.


 ХРАМ у душах сваіх дзесяцікласнікаў будуе Жанна Апалька з СШ №2. Больш за дваццаць год яна на справе — класны кіраўнік, а ў душы — дзяўчынка. Таму што трэба ўмець глядзець на свет дзіцячымі вачыма, каб разумець сваіх выхаванцаў, быць часткай класа. Акрыляе Жанну Віктараўну любоў. Да дзяцей, да сваёй справы. І да кніг, якія сталі добрымі сябрамі і дарадчыкамі. Адтуль чэрпае каштоўную мудрасць, якой бескарысліва дзеліцца з дружным класам.


ГУМАР, прыгажосць, аптымізм і добрае сэрца — прыкметы сапраўднай класнай маці. Школу і сям’ю ставіць на першае месца класны кіраўнік 7 класа Чапукоўскай школы Анжэліка Банькоўская. “Выхоўваць — цяжкая работа, аднак вельмі яе люблю”, — бадзёра сцвярджала канкурсантка. Выступленне Анжэлікі Іосіфаўны атрымалася яркім. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Дапамаглі апранутыя ў каляровыя футболкі сямікласнікі. Гэта невыпадкова. Сімвал класа — “Вясёлка”.


  РОДНАЯ беларуская мова натуральна і сакавіта гучала з вуснаў класнага кіраўніка 5 класа Новапагосцкай школы Таццяны Янушонак. “Напэўна, гэта і ёсць любоў”, — спявала яна пра сваю прафесію. Хто стаіць на месцы, той адстае. Гэтую мудрасць мае на ўвазе Таццяна Фёдараўна. “Мае вучні — маё адлюстраванне”, — упэўнена педагог. Стварае ў сваім класе добразычлівую атмасферу, падтрымлівае ініцыятыву, прапаноўвае цікавыя мерапрыемствы.


 ПА МЕРКАВАННІ канкурсанта з Завуццеўскай школы Васіля Шамшура, у дасканалым настаўніку сумяшчаюцца любоў да сваёй справы і да дзяцей. Лічыць, што адзін паход замяняе дзесяць класных гадзін. З выхаванцамі часта выпраўляецца на карысны адпачынак за межы школьнага двара. Шмат увагі надае патрыятычнаму выхаванню. Даглядаюць воінскія пахаванні, запісваюць успаміны пра Вялікую Айчынную вайну. Васіль Мікалаевіч упэўнены, што найбольш дзейсны сродак выхавання — уласны прыклад.


ПРАЗ інтэрактыўную газету, якую дапамаглі падрыхтаваць дзеці, расказала пра сябе Ірына Вярковіч з Дворнасельскай школы. Адносіны са сваімі шасцікласнікамі будуе на ўсмешцы і павазе да іх меркаванняў. “Класным кіраўніком не можа быць той, хто не памятае ўласнага дзяцінства”, — такое прафесійнае крэда ў Ірыны Анатольеўны. Ведае, што дзецям патрэбны не дыктатар, а дарадчык і сябар, побач з якім яны могуць заставацца сабой.

 Прызванне быць класным

ВЫРАЗНЫМІ і запамінальнымі атрымаліся творчыя партрэты ўдзельнікаў у конкурсе “Які я класны”. Другое выпрабаванне — “Разумнікі і разумніцы” — патрабавала вырашыць складаную сітуацыю ў класе. Справіліся лёгка і ўпэўнена. Наколькі згуртаваныя і гатовыя да творчых спраў класныя калектывы паказалі ў спаборніцтве “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я!”
КАЛІ прайшлі ўсе іспыты, слова ўзяло журы.


— Быць класным кіраўніком — не прафесія, а прызванне. На іх не вучацца, імі становяцца, — заўважыла старшыня журы, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Гур’ева. — Выбіраць лепшых вельмі складана. Мы ўбачылі, што ў кожнага класнага кіраўніка свая стройная сістэма выхавання з глыбокай сэнсавай напоўненасцю. Усе ўдзельнікі апраўдалі званне прафесіяналаў сваёй справы. 

 

  АДНАК у кожным конкурсе павінен быць пераможца. Дыпломамі ўзнагародзілі Васіля Шамшура, Ірыну Вярковіч і Веру Сушко. Граматы і падарункі ўручылі Анжэліцы Банькоўскай і Таццяне Янушонак. На першай прыступцы п’едэстала самых класных класных — Таццяна Максіменка.

Больш здымкаў у фотаальбомах групы "Міёрскія навіны" ("Миорские новости") у сацыяльных сетках 

https://ok.ru/merskyanav/album/53737563750539

https://vk.com/album-93032809_253188147

https://www.facebook.com/media/set/?set=oa.179418316024212&type=3

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта