Выстава "Наш край родны", прысвечаная 80-годдзю Віцебскай вобласці, дзейнічае з 25 студзеня ў Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Запрашальныя паштоўкі на выбары 1939 і 1940 гадоў, дакументы аднаго з першых на Міёршчыне калгасаў "17-га верасня", фотаальбомы пасляваенных дзіцячых дамоў у вёсках Александрова і Павянужжа, звесткі пра землякоў — герояў сацыялістычнай працы. Гэтыя і іншыя матэрыялы адлюстроўваюць старонкі нашай гісторыі.
НАВЕДВАЛЬНІКАМ выставы раскажуць пра ўз'яднанне Міёршчыны з БССР у 1939 годзе, пра ўтварэнне Міёрскага раёна і адметныя падзеі ў яго развіцці.
— На працягу васьмідзесяці год наш раён не заўсёды знаходзіўся ў складзе Віцебскай вобласці. Між тым аповяд пра яго гісторыю пачынаем з часу ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, — гаворыць дырэктар музея Аксана Лагунёнак. — Згодна з дакументамі, якія захаваліся, арганізаванага супраціўлення савецкай уладзе на Міёршчыне не было. Але той час нельга назваць простым. У раёне не хапала арганізатараў вытворчасці, адукаваных і пісьменных людзей. Ішла барацьба з бязграматнасцю. Стваралі хаты-чытальні, дамы сацыяльнай культуры, клубы. Дзейнічала хата-чытальня ў Пераброддзі. Тут меліся музычныя інструменты, сталы для настольных гульняў, фотавітрыны. Сяльчане прыходзілі на даклады і лекцыі. У пачатку 1941 года пачынаюць працаваць 30-дзённыя курсы для жывёлаводаў.
З ЭКСКУРСІЙНАГА аповяду аматары краязнаўства даведаюцца, як ішло аднаўленне сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час, калі пабудаваны асноўныя прадпрыемствы горада, установы аховы здароўя і культуры. Прадстаўлена на выставе літаратура па гісторыі і сённяшнім дні Віцебскай вобласці, пра вядомых выхадцаў з Міёршчыны.
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Дзень нараджэння Віцебскай вобласці — 15 студзеня 1938 года.
Міёрскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года.
8 студзеня 1954 года Дзісенскі і Міёрскі раёны ўвайшлі ў склад Маладзечанскай вобласці.
У 1959 годзе Дзісенскі раён ліквідаваны.
20 студзеня 1960 года ліквідавана Маладзечанская вобласць і Міёрскі раён увайшоў у склад Віцебскай.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.