На працягу трох дзён доўжыўся абласны інструкцыйна-метадычны семінар “Аб удзеле ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы летапіс населенага пункта”. У Віцебску перад намі выступалі метадысты абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай працы з дзецьмі. У гэты ж дзень адбылася паездка ў Полацк і Наваполацк. Знаёміліся з новым музеем гісторыі і культуры, этнаграфічным у сярэдняй школе №5.
На наступны дзень краязнаўцы вобласці былі ў нашай школе, дзе адбылася прэзентацыя працы гуртка “Арганаўты мінулага” па збору матэрыялаў для напісання летапісу вёскі Чэрасы. Кіраўнік гуртка Вітольд Антонавіч Ермалёнак паказаў шматлікія археалагічныя знаходкі, знойдзеныя ў наваколлі населенага пункта, дакументы і архіўныя матэрыялы, якія раскрываюць гісторыю Чэрасаў з XVI па XX стагоддзе. Затым наведалі музей кнігі і друку ў Міёрскай СШ №3. У час экскурсіі даваліся канкрэтныя парады па напісанні летапісаў.
У гэты ж дзень краязнаўцы пабылі ў Празароках Глыбоцкага раёна. У мясцовай школе знаёміліся з абрадавымі гульнямі гэтага краю і тутэйшымі дынастыямі. Потым пераехалі ў Ветрынскую школу Полацкага раёна, дзе адбылося знаёмства з экспазіцыямі народнага музея і вядомым краязнаўцам Полаччыны В. Р. Карасёвым. У апошні дзень у абласным цэнтры падводзіліся вынікі семінара, адбылася прэзентацыя выданняў, у якіх адлюстраваны падзеі ў розных куточках Віцебшчыны.