Концерт в Миорах посвящался 100-летию органов загса

 Святочны канцэрт, прысвечаны 100-годдзю органаў загса Беларусі, атрымаўся цёплым і па-сяброўску ўтульным. Падарункі і нечаканыя сюрпрызы. Светлыя ўспаміны і чорна-белыя фотаздымкі. Звонкія галасы і добрыя песні. Нязмушаныя ўсмешкі і апладысменты. Сотні пажаданняў  і сто свечак на торце. З яркіх момантаў саткалася свята, што прайшло 8 снежня ў раённым Доме культуры.

УЗОРНЫ аркестр баянаў і акардэонаў разам з кіраўніком Ігарам Лаўцом сустракаў у фае. Пад музыку госці разглядалі творчыя работы ўдзельнікаў клуба маладой сям'і "Мядовы месяц", выставу вясельных фотаздымкаў розных часоў, відэакліп з сямейнымі фота. На сцэне вальсам распачаў урачыстасць харэаграфічны калектыў "Дзьмухаўцы" дзіцячай школы мастацтваў.


 100 ГОД бывае толькі аднойчы. Сёлета векавую дату святкуюць людзі ювелірнай прафесіі. Быць засяроджанымі на літарах і лічбах, заставацца чулымі і ўважлівымі да чалавека — асаблівы талент. Так ахарактарызавалі справу работнікаў загса вядучыя Леанід Касевіч і Ірына Гушча.


У Міёрскім раёне штогод складаюць больш за васемсот запісаў актаў грамадзянскага стану. Займаюцца гэтым супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама, кіраўнікі спраў Дзісенскага гарадскога і дзевяці сельскіх выканкамаў. За кожным запісам — лёс чалавека. Як заўважыла начальнік аддзела загса Вольга Галімбоўская, сёлетні юбілей — свята занятых у службе спецыялістаў і ўсіх, хто да іх звяртаецца.
НАПАЧАТКУ віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Вячаслава Бялько. Удзячнасць за карпатлівую працу падмацаваў падарункам і ўзнагародамі. Ганаровую грамату райвыканкама ўручыў начальніку аддзела загса Вользе Галімбоўскай. Былому начальніку аддзела Ірыне Гушча, галоўнаму спецыялісту Вользе Пашкоўскай, кіраўніку спраў Язненскага сельвыканкама Марыне Селівёрставай аб'яўлена падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта. Кіраўнік спраў Новапагосцкага сельвыканкама Тэрэза Бараноўская ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.


 НА СВЯЦЕ шмат гаварылі пра сям'ю. Астравок дабрыні і ўтульнасці, надзейны падмурак і тыл, месца, дзе можна быць сабой. У юбілейны для органаў загса год круглыя даты адзначылі многія сем'і Міёршчыны. Пад цёплыя апладысменты падымаліся на сцэну юбіляры. Дзесяць год разам Іван і Юлія Ладыгі, дваццаць — Андрэй і Алена Чарнаок, дваццаць пяць — Аляксандр і Ірына Болтачы, а бацькі Аляксандра — Алег Іванавіч і Яніна Фамінічна—сёлета адзначылі залатое вяселле. Жамчужны юбілей сямейнага жыцця ў Міхаіла і Таццяны Цыцыліных, рубінавы— у Баляслава і Галіны Чарняўскіх, залаты — у Аляксандра Іванавіча і Марыі Антонаўны Кухаронкаў.  Кожнай сям'і ўручылі пасведчанне аб рэгістрацыі юбілейнага шлюбу, падрыхтаванае ў міёрскім загсе, і медалі ручной работы, над якімі працавала кіраўнік клуба народных майстроў "Святліца" Алена Батарчук.


У згодзе і каханні сустрэць залатое вяселле жадалі Ігару і Ганне Матэленкам, Уладзіміру і Алене Граковічам, якія стварылі сем'і сёлета. З пачатку года на Міёршчыне зарэгістравана 67 шлюбаў.


МНОГІЯ маладыя сем'і ўдзельнічалі ў фотаконкурсе "Вясельны картэж", арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзелам загса і газетай "Міёрскія навіны". Фотаздымкі даслалі 50 сямейных пар. Дыпломы пераможцаў і падарункі атрымалі Уладзімір і Алеся Сарулі, Канстанцін і Таццяна Кукуці, Павел і Аліна Сушко.


Ушанавалі шматдзетныя сем'і. З Язна прыехалі на свята Аляксандр і Кацярына Альхімовічы з дочкамі Аняй, Лізай і Юляй. У міярчан Канстанціна і Іны Кыцевых таксама трое дзяцей — Насця, Улад і Каця. Для маленькіх удзельнікаў свята — салодкія падарункі.
 АСОБНАЯ старонка прысвячалася былым супрацоўнікам міёрскага загса. Тры дзесяцігоддзі ім загадвала Дзіна Уладзіміраўна Язёнак. Не адзін дзясятак год аддала справе галоўны спецыяліст Зінаіда Мікалаеўна Шэсцерава. У Міёрах пачыналася прафесійнае станаўленне цяперашняга галоўнага спецыяліста аддзела загса Наваполацкага гарвыканкама Вольгі Маняк. Запісы пра работу ў загсе маюцца ў працоўных кніжках галоўнага спецыяліста сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Таццяны Зарудніцкай і былога супрацоўніка аддзела адукацыі, камісіі па справах непаўналетніх Ніны Федуковіч.


СПЕЦЫЯЛЬНЫ падарунак супрацоўнікі загса падрыхтавалі для начальніка ўчастка добраўпарадкавання УП ЖКГ Святланы Баравік. Дзень нараджэння ў яе 18 снежня. Як і ў органаў загса. Яшчэ адзін сюрпрыз чакаў гледача на сотым месцы, якое вызначылі шляхам матэматычных вылічэнняў.


 Музычныя падарункі для ўсіх дарылі Святлана Ішчук, ансамбль народнай песні "Мёрыца", Ала Цурыкава, Аляксей Конах, гурт "Бэмс", выхаванцы дзіцячага яслі-сада №1, Дар'я Шук, Тамара Якімёнак, Дзіяна Маляўка, мужчынскае трыа "Азярніцы", Ігар Мятла, Віталь Хаданёнак. Гледачы адказвалі працяглымі гучнымі апладысментамі.

 За матэрыяльную падтрымку і дапамогу ў арганізацыі і правядзенні святочнай урачыстасці супрацоўнікі аддзела загса выказваюць шчырую ўдзячнасць раённаму аб'яднанню прафсаюзаў; раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў; аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; раённым арганізацыям ГА "Белая Русь", "Беларускі Фонд міру", "БРСМ"; раённаму Дому культуры і ўсім артыстам; рэжысёру Вользе Борскай. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Больш фота на сайце ў Фотагалерэі па спасылках

http://album.mijory.by/displayimage.php?album=39&pos=0 ,

у сацыяльных групах "Міёрскія навіны" 

https://ok.ru/merskyanav 

https://vk.com/club93032809

і на старонцы https://www.facebook.com/mijory.by/

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.