17 ноября — День образования службы участковых
gazeta 17-11-2017, 08:00 2 404 НавіныУчастковы інспектар міліцыі — не пасада, не прафесія, а лад жыцця. За трынаццаць год на службе Мікалай ШВЕД у гэтым упэўніўся. У святочныя дні — узмоцнены рэжым. Трэба быць гатовым выехаць на месца здарэння ў выхадны. Будні запаўняюць тэлефонныя званкі, прафілактычныя гутаркі, дакументацыя. У напружанай і часам непрадказнай службе Мікалай Мікалаевіч знайшоў сваю нішу.
— У мінулым годзе прапаноўвалі перайсці ў аператыўна-дзяжурную службу. Адмовіўся. Заставацца на адным месцы — не для мяне, — расказвае міліцыянер. — Участковы інспектар — сам сабе рэжысёр. Плануеш свой дзень, сустракаешся з людзьмі, аб'язджаеш тэрыторыю. Больш разнастайнасці.
Мікалай Швед адказвае за правапарадак у Павяцкім і частцы Перабродскага сельсаветаў. Калі за дзень наведаць усе населеныя пункты, набяжыць 150 кіламетраў. Вывучыў атмасферу кожнай вёскі і хутара. Ведае, дзе трэба бываць часцей, каму нагадаць пра наступствы супрацьпраўных учынкаў.
АБСТАНОЎКУ на сваім участку характарызуе як стабільную. Цяжкіх злачынстваў сёлета не здаралася. Крымінальная класіка — крадзяжы. Злодзеі забіраюцца ў пакінутыя дачныя дамы і "зачыненае" на мятлу жыллё пенсіянераў. З адміністрацыйных правапарушэнняў, як і паўсюль, лідзіруе знаходжанне ў нецвярозым стане ці распіццё спіртнога ў грамадскім або на працоўным месцы.
— Пакаранне да правапарушальнікаў прымяняю ў залежнасці ад сітуацыі. Калі можна абысціся папярэджаннем, выбіраю гэтую меру. Калі вінаваты не зрабіў належных вывадаў,адкажа больш строга. Найбольш эфектыўным метадам лічу лячэбна-працоўны прафілакторый. Некаторыя, вярнуўшыся адтуль, завязваюць са спіртным назаўсёды. У іншых хапае вытрымкі на некалькі месяцаў. Гэта таксама вынік, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч.—У любым выпадку парушальнік павінен усвядоміць, што паступае супраць закона і пакараны справядліва. Наш былы ўчастковы Юрый Барысенка вучыў так: пасля таго, як на вінаватага складзеш пратакол, той павінен сказаць "Дзякуй".
МЕНАВІТА па прапанове калегі Мікалай пайшоў у міліцыю. Ён не марыў пра службу ў праваахоўных органах са школьнай парты. Вучыўся ў Лужаснянскім аграрным каледжы, скончыў зоаінжынерны факультэт ветэрынарнай акадэміі ў Віцебску. Паўгода, пакуль не прызвалі ў армію, працаваў у сельскай гаспадарцы ў Мінскай вобласці. Калі вярнуўся дадому ў Павяцце, паслухаўся парады колішняга ўчастковага. Першы пост — ізалятар часовага ўтрымання. У хуткім часе прызначылі сачыць за правапарадкам у родных мясцінах.
— Пачатак быў адначасова простым і складаным, — расказвае міліцыянер. — Тэрыторыю ведаў добра, бо вырас тут. З другога боку, адчуваў сябе няёмка, калі складаў пратаколы на аднавяскоўцаў. Паступова ўсё стала на свае месцы. Напрацаваў вопыт, дасягнуў узаемаразумення з сяльчанамі.
ЯШЧЭ БОЛЬШ, чым разуменне на працы, важная падтрымка дома. Чакаюць са службы жонка Іна Васільеўна, сын-чацвёртакласнік Рэнат і дачушка Паліна, якая ходзіць у дзіцячы садок. З роднымі міліцыянер праводзіць вольныя хвіліны, багатым запасам якіх пахваліцца не можа. Улетку адпачываюць на ваколічных азёрах, ладзяць пікнікі ў сваім двары. Хобі Мікалая Мікалаевіча — матацыклы. Захоплены сталёвымі коньмі з дзяцінства і марыць пра "харлея". Пакуль у дамашнім аўтапарку налічваецца чатыры больш сціплыя адзінкі мотатранспарта. Разам з сынам іх рамантуюць, чысцяць, фарбуюць. Не абдзелены ўвагай службовы аўтамабіль і ўласны трактар. Апошні патрэбны для апрацоўкі агародаў.
НОВЫ дзень участковага інспектара міліцыі Мікалая Шведа пачынаецца ў шэсць раніцы. Незалежна ад таго, у колькі завяршыўся ўчарашні. Трэба справіцца па гаспадарцы. Затым — на службу. Развітваючыся з сям'ёй, не абяцае, што будзе дома адразу пасля 18.00. І ведае, што яго сустрэнуць з цеплынёй у любы час.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.