Департаменту охраны МВД исполняется 65 лет

 29 кастрычніка Дэпартаменту аховы МУС спаўняецца 65 год. Да юбілею службы Міёрскае аддзяленне, якое летась адзначыла 50-годдзе, падыходзіць з высокімі паказчыкамі.

У вобласці Міёрскае АДА лідзіруе па колькасці ўзятых сёлета пад ахову будынкаў.
Дабавілі чатыры аб'екты дзяржаўнай уласнасці, восем жылых дамоў і кватэр, трынаццаць кнопак трывожнай сігналізацыі. Начальнік аддзялення Міхаіл Пракопчык адзначае, што крадзяжоў з ахоўваемых аб'ектаў не дапушчана. Хоць спробы былі.


—У Мікалаёўскім сельсавеце ў дачны дом, абсталяваны сігналізацыяй, пранік злодзей. Яго затрымалі на месцы, — расказвае Міхаіл Часлававіч.—Складана зразумець, на што разлічваюць зламыснікі, калі забіраюцца ў жыллё пад аховай. Такія выпадкі адзінкавыя.


 За дапамогай у ахову некаторыя домаўладальнікі звяртаюцца, калі грымне гром. Паставіў на сігналізацыю дачу ў Міёрскім сельсавеце пацярпелы ад крадзяжу гаспадар. З яго ўзяў прыклад сусед. Можа быць спакойны дачнік з Павяцкага сельсавета, цяпер злодзеі абмінуць яго дом.


Пра спраўнасць тэхнічнага абсталявання клапоцяцца электраманцёры. Пастаянна правяраюць, каб застрахавацца ад збояў. Дасканала ведаюць сваю работу Леанід Пруднікаў, Юрый Сташулёнак, браты Ігар і Павел Вайдашэвічы.


Дваццаць год прымае сігналы на пульт і каардынуе маршрут групы затрымання дзяжурная Алена Шаркель. На рабочым стале тэхніка і журналы. Кожны выезд трэба зафіксаваць на паперы.


Аддзяленне аховы не здае пазіцый па колькасці выяўленых правапарушэнняў і раскрытых злачынстваў. Міліцыянеры затрымліваюць п'яных грамадзян у грамадскіх месцах, хуліганаў, папярэджваюць дробныя крадзяжы. Пільна сочаць за грамадскім парадкам Віталь Рынкевіч, Іван Вішнеўскі, Юрый Рубанік, Сяргей Вішнеўскі, Дзяніс Гаўрылаў. На пастах у аддзяленні Белаграпрамбанка і ў су-дзе адказна дзяжураць Дзмітрый Пахірка і Максім Мізер. Сярод вартаўнікоў вызначаюцца Ада Мароз, Зоя Мацур, Аляксандр Савуць, Станіслаў Курловіч. Тры крадзяжы на мясакам-бінаце і хлебазаводзе папярэдзіла Іна Гарноўская.


 — Работнікі прадпрыемстваў не рызыкуюць выносіць прадукцыю. Але час ад часу такое здараецца, — гаворыць вартаўнік з 24-гадовым стажам. — На хлебазаводзе спрабавалі ўкрасці тры электрарухавікі. З мясакамбіната вывозілі звыш 22 кілаграмаў каўбасных вырабаў. Апошні выпадак здарыўся ў 10.55 раніцы. На пункт пропуску пад'ехаў міні-трактар прадпрыемства. Аглядала тэхніку і заўважыла прымацаваную да кузава металічную скрыню. У ёй — украдзеная прадукцыя.


Уважлівасць і пільнасць у тых жа аб'ёмах, як міліцыянерам і вартаўнікам, патрэбна работнікам бухгалтэрыі. Лічбы любяць дакладнасць. За фінансавыя справы ў аддзяленні аховы адказваюць Жанна Лаўрыновіч і Наталля Лявіцкая. Былы галоўны бухгалтар Зінаіда Яўстаф'еўна Шаркель другі год на заслужаным адпачынку. Сваіх калег не забывае, падтрымлівае і словам, і справай.
Міёрская ахова можа пахваліцца актыўнымі ветэранамі. Ігар Іванавіч Войтаў, Сяргей Паўлавіч Тронькін, Генадзь Пятровіч Сушко прыходзяць на мерапрыемствы, дзеляцца ўспамінамі і вопытам.


 Патрэбны маладыя супрацоўнікі. Тры вакансіі—кінолага, міліцыянера-вадзіцеля, міліцыянера групы затрымання.
— Аддаём перавагу хлопцам, якія прайшлі тэрміновую службу ў арміі. Гэта не адзінае патрабаванне, — гаворыць начальнік Міхаіл Пракопчык.— Міліцыянер аховы павінен валодаць сабой у крытычнай сітуацыі. Бывае, фізічнаму здароўю кандыдата на службу можна пазайздросціць, а псіхалагічнай стойкасці не хапае.
Што яшчэ трэба, каб прыйсці ў ахову і застацца надоўга?
—Любіць сваю работу і адказна спраўляцца з абавязкамі.
Начныя дзяжурствы і выклікі, гатоўнасць да непрадказных сітуацый, высокая ступень адказнасці за чужы дабрабыт і спакой сваіх блізкіх. Няпроста любіць такую работу. Між тым у многіх супрацоўнікаў аддзялення стаж налічвае да дваццаці і больш год.

 АХОВА Ў ЛІЧБАХ

У калектыве Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС 67 супрацоўнікаў. 16 з іх носяць міліцэйскую форму.
Пад аховай 96 аб'ектаў дзяржаўнай і прыватнай уласнасці, 136 жылых дамоў і кватэр у райцэнтры. На тэрыторыі раёна—35 аб'ектаў і 63 жылыя дамы. Кнопкамі трывожнай сігналізацыі абсталяваны 73 аб'екты і 14 дамоў.
З пачатку года міліцыянеры аддзялення выявілі 484 правапарушэнні. Дапамаглі раскрыць дзевяць злачынстваў. Двойчы—з дапамогай службовых сабак.

 Віншаванне ад начальнік Міёрскага АДА Міхаіла ПРАКОПЧЫКА: 

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны! Прыміце віншаванні з нагоды прафесійнага свята.
Гэты год для службы юбілейны. Прыемна, што сустракаем круглую дату з высокімі вынікамі службовай дзейнасці. Агульны поспех складаюць старанні кожнага на сваім пасту.
Хочацца пажадаць цяперашнім і былым супрацоўнікам добрага здароўя, без яго немагчымыя працоўныя і асабістыя ўдачы. Сямейнага дабрабыту-у нашай службе асабліва важны надзейны тыл. Аптымізму і добрага настрою-з пазітыўным поглядам на рэчаіснасць прасцей спраўляцца з цяжкасцямі.
Са святам! Усяго найлепшага! 

На здымках: 1. Вартаўнікі Іна Гарноўская і Ада Мароз правяраюць машыну Белкаапзнешгандлю на пункце пропуску мясакамбіната. 2. Былы міліцыянер і цяперашні вартаўнік Станіслаў Курловіч. 3. Электраманцёр Леанід Пруднікаў. 4. Дзяжурны пульта кіравання Алена Шаркель. 5. Міліцыянер-вадзіцель Дзяніс Гаўрылаў і міліцыянер-кінолаг Віктар Стома з сабакам Лордам. 6. Начальнік Міёрскага АДА Міхаіл ПРАКОПЧЫК.

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.