Миоры в вихре фестивальных событий

  У шосты раз вераснёўскія Міёры ў віхуры фестывальных падзей. Паўвостраў напаўняўся музыкай, спевамі, радасным гоманам. З ваколіц і здалёк ехалі госці, каб паспрабаваць журавінавую смакату, паслухаць курлыканне журавоў, палюбавацца імі з назіральных пляцовак, купіць адмысловыя сувеніры і падзівіцца, якія ў нас працавітыя, гаспадарлівыя ды ўмелыя людзі. Гэты ўнікальны культурны праект дазваляе захоўваць і памнажаць традыцыі Міёрскага краю, папулярызаваць самабытную мясцовую прыроду і ўносіць пэўны ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальнага супрацоўніцтва. Сведчанне таму — пастаянны ўдзел у фестывалі замежных гасцей. Сёлета яны наведаліся нават на стартавае мерапрыемства святочнага тыдня. Ім стала дзелавая сустрэча з перспектыўнай моладдзю, заснавальнікамі малога і сярэдняга бізнесу раёна, на якой прысутнічалі і прадстаўнікі абласной улады. 

 У фае райвыканкама разгарнулася экспазіцыя інвестыцыйнага і турыстычнага патэнцыялу Міёршчыны. Дасягненні харчовай прамысловасці дэманстравалі хлебапёкі. Прадставілі звыш сарака відаў хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. У тым ліку хлеб з журавінамі. З водарам свежай выпечкі гарманічна спалучаўся пах прысмакаў ад мясакамбіната. Паспытаўшы пачастункі, госці бліжэй пазнаёміліся з магчымасцямі нашых вытворцаў. Турыстычную скарбонку прадставіў стэнд заказніка "Ельня". Мясцовую душу і таленты раскрывалі брэндавыя вырабы "Лаўкі цудаў" тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 Старанні простых людзей, высокакваліфікаваных спецыялістаў — асноўнае, што спрыяе развіццю ўласнага сектара эканомікі, паляпшае сферу паслуг, фарміруе канкурэнтны асяродак. Але гарантам руху наперад выступаюць у першую чаргу новыя ідэі, бізнес-праекты. Іх чакаюць ад прадпрымальных жыхароў раёна, падкрэсліў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў у пачатку дзелавой сустрэчы з перспектыўнай моладдзю, заснавальнікамі малога і сярэдняга бізнесу.


 Адкрыць новыя гарызонты, падзяліцца думкамі дапамагаюць стасункі з прадстаўнікамі суседніх краін. Яны цэняць шчырасць і гасціннасць беларусаў і гатовы супрацоўнічаць. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, у актыве вобласці, яе раёнаў і гарадоў больш за сотню падпісаных пагадненняў, дагавораў, мемарандумаў. Заключана больш за 180 інвест-дагавораў, накіраваных перш за ўсё на развіццё сельскай гаспадаркі, у тым ліку і на Міёршчыне, будаўнічай індустрыі, энергетыкі, нафтахіміі, дрэва-, і льноапрацоўкі і інш. Поле для сумеснага ўзаемадзеяння вялікае. Маладым прапанавалі смялей генерыраваць ідэі, шукаць эфектыўныя механізмы, якія працавалі б на эканоміку. Гэтаму пасля дзелавой сустрэчы вучылі на семінарах прадстаўнікі Віцебскага бізнес-цэнтра.

  Рэальныя арыенціры развіцця рэгіёну і прыярытэты вызначае будаўніцтва на Міёршчыне завода па вытворчасці белай бляхі. Падрабязней на гэтым спыніўся генеральны дырэктар "ММПЗ-груп" Пётр Шымуковіч.


 З замежнымі гасцямі вялася размова пра рэалізацыю сумесных праектаў. Саветнік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Хабрас на міёрскай зямлі бываў не аднойчы. Цэніць яе гістарычную спадчыну, прыродны патэнцыял. У выніку перамоў, якія адбыліся пасля, дасягнута дамоўленасць з раённым і абласным кіраўніцтвам падпісаць у хуткім часе двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адпачынку і турызму. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў абяцаў падтрымку міярчанам у рэалізацыі задум на тэрыторыі Латвіі.


 Дзелавое супрацоўніцтва каштоўнае не толькі афіцыйнымі дакументамі. Куды важней звычайныя чалавечыя стасункі. Узаемная цеплыня саграе, як правіла, да наступнай сустрэчы.  А пра мінулую нагадвае алея каштанаў, якую гаспадары міёрскай зямлі і паважаныя госці пасадзілі па вуліцы Ягора Томкі ў райцэнтры.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.