На мінулым тыдні ў Пад’ельцах гасцінна адчыніў дзверы магазін “Вясковы”. Некалі ў тым памяшканні была сталовая. Час унёс свае карэктывы. І прасторная будыніна змяніла сваё аблічча, а знутры аздоблена пластыкам, сайдзінгам. Інакш кажучы, сучасны каларыт, ад існуючай раней няўтульнасці і следу не засталося. Цёпла, светла, прасторна. Тавараў на розны густ. Выбар самы што ні ёсць вялізнейшы. —Цяпер нам у Міёры зусім няма патрэбы дабірацца,—кажуць пакупніцы, складваючы ў карзіну бліскучыя пакеты з макаронамі, крупамі.—Хлеб свежы, булкі мяккія, рыбы ўсялякай. Прадаўцы не нацешацца, што не толькі змяніліся ўмовы іх працы, але і істотна паболела пакупнікоў. Загадчыцай магазіна з’яўляецца Ірына Валянцінаўна Пучынская. Усё жыццё адпрацавала ў гандлёвай сферы, значную частку—таваразнаўцам. Спецыяліст вопытны. Ды і іншыя работніцы—людзі не выпадковыя. Сваю справу ведаюць. —Мы ж бачым, што людзі задаволены, бо могуць падысці, спакойна выбраць тавар,—адзначаюць прадаўцы.—Для нас галоўнае, каб задаволіць попыт пакупніка, каб набыў чалавек тое, што яму трэба. Прыемна чуць і разумець, што ў “Вясковым” рады любому наведвальніку. Тут могуць параіць, падказаць, дапамагчы з’арыентавацца ў вялізным моры тавараў. А пакупнікі, бачачы станоўчыя перамены, цешацца, што клопат пра іх становіцца ўсё больш рэальным. Новабудоўлі і абнаўленні—прыкмета заможнага жыцця. Згадзіцеся, прыемна ўсведамляць, што перспектывы ў нас акрэсленыя, бо жывуць і працуюць людзі на будучыню, а ў абслугоўванні вясковых працаўнікоў ААТ “Пад’ельцы” зроблены істотны крок наперад.