Галоўная > Літаратурная старонка > Літаратурны фестываль у Сілічах з удзелам міярчанкі

Літаратурны фестываль у Сілічах з удзелам міярчанкі


27-05-2016, 15:52. размясціў: gazeta
Литературный фестиваль в Силичах с участием миорчанки15-18 мая горна-лыжны комплекс Сілічы пад Мінскам прыняў беларусаў, расіян і ўкраінцаў на літаратурным фестывалі. Кожная краіна прадставіла лепшых маладых аўтараў у галіне прозы, паэзіі і крытыкі. 
 
З айчынных—паэты Ганна Сцяпанава (Мартынчык), Кацярына Массэ, Рагнед Малахоўскі, які выступаў і на Міёршчыне. З празаікаў—аспірантка з універсітэцкай лабараторыі фальклору БДУ Маргарыта Латышкевіч, рэдактар аддзела часопіса "Вясёлка" Дар'я Лёсава. Прыемна, што выключная магчымасць пабываць на семінары з празаічнымі тэкстамі выпала і аўтару гэтых радкоў. 
 
Кіраўнікі майстар-класаў—вядомыя і паважаныя. З Расіі: сцэнарыст Андрэй Дзмітрыеў, публіцыст, паэт і празаік Аляксандр Казінцаў, галоўны рэдактар часопіса "Замежная літаратура", перакладчык Аляксандр Лівергант, празаік і крытык Раман Сенчын. Кіраваў прыёмам сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, драматург Георгій Марчук. Арганізатар семінару—старшыня Саюза пісьменнікаў Масквы, дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч, прэзідэнт Фонду сацыяльна-эканамічных і інтэлектуальных праграм Сяргей Філатаў. 

Падобны фестываль праходзіць у Ліпках (Расія), каб адкрыць новыя маладыя імёны. Яго таксама праводзіць вышэй згаданая ўстанова. Надзейныя паплечнікі—Міністэрства культуры і Федэральнае Агенцтва па друку і масавых камунікацыях. Выток Форуму—з 2001 года, пабывалі на ім прадстаўнікі з больш чым 70 рэгіёнаў Расіі і 20 замежных краін. 

Сёлета ўдзельнікі ў Сілічах падчас круглых сталоў паразважалі пра літаратуру ў постсавецкі перыяд, пра рускую мову як сродак культурных зносін, пабывалі на сустрэчах з гасцямі, выступалі і самі. Кожны выказаў уласнае меркаванне паводле творчасці калег па пяры. Бяседвалі на тэму "Свет вачыма маладога літаратара" ў мемарыяльнай зале Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе сабраліся кіраўнікі айчынных часопісаў, газет, выдавецтваў. Віталі фарумчан філфакаўцы педуніверсітэта імя Максіма Танка. 

Шмат цікавых імён для сябе адкрыла—вельмі знакамітых у Расіі і Украіне. Не прамініце ў інтэрнэт-сеціве пачытаць прозу Алены Тулушавай, Максіма Маткоўскага, Арслана Хасавава, вершы Івана Валасюка, Клемянціны Шыршовай, Кацярыны Дзерышавай. І канечне ж, айчынныя аўтары па-за канкурэнцыяй.
Фота для ілюстрацыі.
Алена БАСІКІРСКАЯ.


Вярнуцца назад