Цудоўны навагодні падарунак для сябе і землякоў-міярчан падрыхтаваў пісьменнік-празаік Франц Сіўко. Нагадаю, што ён нарадзіўся ў вёсцы Вята ў 1953 годзе, закончыў Павяцкую СШ. Працаваў ў школах Верхнядзвінска і Віцебска, рэдакцыі абласной газеты "Віцебскі рабочы". Выкладаў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 года.
Дык вось, Франц Іванавіч выдаў накладам у 300 асобнікаў у мінскім выдавецтве "Логвінаў" чарговую, дзясятую па ліку кнігу пад назвай "Плебейскія гульні". У ёй тры аповесці— "Цымант", "Дзве вясны дзяцей Прыяпа" і непасрэдна "Плебейскія гульні". Вялікія аматары сучаснай беларускай літаратуры ўжо маглі атрымаць пэўнае ўяўленне пра іх змест, бо некаторыя поўнасцю або часткова друкаваліся ў часопісе "Дзеяслоў" і штомесячніку "Літаратурная Беларусь".
Аўтар інтрыгуе жыхароў Міёршчыны тым, што асобныя сюжэты аповесцяў з новай кнігі навеяны ўспамінамі з малой радзімы. Не лішнім будзе дадаць, што раней Франц Іванавіч заявіў пра сябе як выдатны спецыяліст крымінальнай інтрыгі (перачытайце пры магчымасці яго "Апошняе падарожжа ў краіну ліваў"). Вось і зноў абяцае элементы дэтэктыву.
Гэтая кніжка—вынік працы апошняга дзесяцігоддзя,—адзначае аўтар.