У 2007 годзе ў перакладзе на беларускую мову ў Мінску выйшла кніга нашага земляка Рышарда Курыльчыка “Славянскі світанак”. А сёлета ў перакладзе вядомага журналіста-пісьменніка Анатоля Бутэвіча надрукаваны на беларускай мове яшчэ адзін яго твор “Нязломны з Назарэта”. На прэзентацыі кнігі прысутнічала захавальнік музейных фондаў СШ №3 Марыя Георгіеўна Ермалёнак. Аўтар падпісаў для нашага музея кнігі і друку два свае выданні.Пра нашага земляка Рышарда Курыльчыка кажуць, што ён з’яўляецца чалавекам адразу ў трох асобах. Па адукацыі—інжынер-канструктар, спецыяліст па будаўніцтву вялікіх электрастанцый, у тым ліку атамных. Яшчэ ён быў знакамітым польскім палітыкам, дзяржаўным дзеячам, працаваў на розных высокіх пасадах, у тым ліку ваяводам Слупскім і Паморскім, намеснікам міністра ў Варшаве. Па-трэцяе, Рышард Курыльчык вядомы не толькі ў Польшчы пісьменнік, але аўтар шматлікіх гістарычных раманаў і аповесцей. У сваіх творах, якія ахопліваюць вялізныя як па часу, так і па тэрыторыі абшары, ён шукае адказы на шматлікія загадкі гісторыі, над якімі б’юцца даследчыкі розных эпох. Але аўтар не толькі грунтуецца на гістарычным змесце, але па-мастацку займальна перадае сэнс гістарычных падзей. Вось чаму ў сучаснай Польшчы яго называюць апошнім з магікан у галіне гістарычнай прозы. Нават параўноўваюць са славутым Генрыкам Сянкевічам.
Наш зямляк—аўтар вядомых гістарычных кніг “Сакрэтныя архівы караля каралёў”, “Іерусалім”, “Апошні апостал”, “Папа” і інш. Першы твор на беларускай мове “Славянскі світанак” быў з прыхільнасцю сустрэты беларускімі чытачамі. Зараз мы маем магчымасць пазнаёміцца з яго новай аповесцю “Нязломны з Назарэта”. Гэта твор пра апошнія гады зямнога жыцця Ісуса Хрыста. Захапляльны, арыгінальны не толькі па зместу, але і па форме. Падзеі трох гадоў зямнога жыцця Божага сына асвятляюцца ў розных па памерах раздзелах—12 гадзінах. Пры тым пра Збавіцеля гаворыцца толькі ў апошняй—12-ай. У іх аўтар укладае глыбокі філасофскі сэнс.
Эпіграф кнігі на лацінскай мове: усе гадзіны раняць, але апошняя забівае.
Аўтар выдатна валодае гістарычнымі дакументамі і рэаліямі жыцця двухтысячагадовай даўніны. Ён па драбініцах сабраў гістарычныя звесткі аб грамадстве, людзях, якія жылі ў Палестыне на пачатку нашай эры.
Твор мастацкі, і таму аўтар дае сваю інтэрпрэтацыю гісторыі і стварае захапляльны сюжэт.
На маё меркаванне, новая кніга Рышарда Курыльчыка не пакіне раўнадушным нікога з чытачоў. Падчас сустрэчы аўтар быў вельмі рады, што на радзіме яго ведаюць і памятаюць, абяцаў прыехаць, каб наведаць роднае Дзедзіна, сустрэцца са сваімі землякамі.
В. ЕРМАЛЁНАК.