Авторизация
 

Малюе словам

Рисует словом
Галіна Пятроўна Загурская (Міснік) нарадзілася ў Лявонпалі ў 1945 годзе. Як сцвярджае сама жанчына, малявала з дзяцінства, спачатку алоўкамі, пазней — акварэллю і гуашшу.
Мастацкія здольнасці праявіліся пазней, калі вучаніцай старэйшых класаў пачала афармляць школьныя сценгазеты. І ўсё ж гэта стала сэнсам жыцця з выхадам на пенсію, менавіта тады занялася паэзіяй і мастацтвам. З 2005 года актыўна ўдзельнічае ў выставах, кірмашах, фестывалях і святах народнай творчасці. Правяла персанальныя выставы ў Полацку, Наваполацку і Віцебску. Пераважна стварае пейзажы, якія вылучаюцца каларытам, цішынёй і спакоем.

 

Між тым, па адукацыі Галіна Пятроўна настаўнік, закончыла фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Выкладала ў сваёй роднай Лявонпальскай сярэдняй школе, а таксама на Смаргоншчыне. З 1973 года жыла ў Полацку, дзе ўдзельнічала ў падрыхтоўцы будучых медыкаў і будаўнікоў.

"Я ведаў, што Галіна са школьных гадоў захапляецца маляваннем, і толькі нядаўна дазнаўся, што ў яе асобе нашае Прыдзвінне мае яшчэ аднаго няўрымслівага творцу, — так некалі адзываўся для "Міёрскіх навін" пра зямлячку Сяргей Панізнік. — Аказваецца, Галіна Загурская падрыхтавала да выдання сваю кнігу вершаў. Прэзентацыя яе мастакоўскіх і паэтычных набыткаў прайшла ў Полацку, дзе гучалі і песні на яе словы…"

 

Гэта пра далёкія падзеі 2005 года. Цяпер у яе зборы дзве кнігі: "З далоняў сэрца" (2007), "Да зямлі прытуліцца" (2009), рыхтуецца да друку трэцяя. Піша вершы пра радзіму, вайну, каханне, прыроду, мастацтва. Яе творы, бездакорныя па форме, дазваляюць адпачыць душою кожнаму. Яна — рэдактар Полацкага народнага літаратурнага аб'яднання "Надзвінне". Старшыня гэтага аб'яднання Мікалай Балдоўскі адзначаў, што Галіна Загурская чуе і бачыць сюжэт, умее працаваць са словам гэтак жа ўпэўнена, як і з пэндзлем мастака. Відаць, невыпадкова яе вершы маюць назвы "Колеры жыцця", "Акварэльная ціша", "Ружовым ранкам", "Блакіт, аблокі і святло".

 

А ў карцінах Галіна Пятроўна захавала прыгожыя куткі роднай прыроды, краявіды Міёршчыны і Полаччыны, палацы і саборы. Яны дэманстраваліся на 8 персанальных выставах, а на абласной у мінулым годзе адзначаны дыпломам. Арт-цэнтр Марка Шагала набыў яе карціну "Балотца ў лесе" для сваіх фондаў.

Прафесіяналы адзначаюць гарманічны каларыт карцін Галіны Загурскай, які радуе вока пяшчотнымі спалучэннямі лёгкіх і празрыстых колераў. Яны не характэрны для малявання алеем, але ў мастачкі гэта атрымліваецца.

 

У 2012 годзе жанчына пачала ўдасканальваць сваю творчасць у народным клубе самадзейных мастакоў "Белае палатно" Полацкага гарадскога палаца культуры. І на яе палотнах з'явілася нешта такое, што аказвае магічнае ўздзеянне на гледача, выклікае хвалю эмоцый і асацыяцый. Усё напоўнена жыццёвай праўдай і паэзіяй.

Сярод лепшых мастацкіх твораў Галіны Загурскай крытыкі называюць карціны "Дарога да храма", "Сутонне", "Полацк асенні", "Сад увосень".

 

Нядаўна ў бібліятэцы імя Якуба Коласа закончылася выстава карцін Галіны Загурскай "Мае краявіды". А да гэтага былі "Трапяткія імгненні" ў Полацку, "Колеры жыцця" ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур і іншыя. "Я ўсё ўяўляю, як пішу вершы, — некалі сказала пра адзінства сваёй творчасці Галіна Пятроўна.—Цягу да малявання адчула з малых гадоў. Нават памятаю пах тых першых шасці алоўкаў, якія мне купілі…"

 

Чытачам раённай газеты прапаную падборку вершаў нашай полацкай зямлячкі Галіны Пятроўны Загурскай.

 

Ростані

 

Бягуць-бягуць дарогі з дому —

Адна назад вядзе заўжды

І нас вяртае к дарагому

З любой далёкае мяжы.

… На ростанях гасцей страчалі —

На скрыжаванні трох дарог…

І долю дзеўкі там гукалі

У зімовы Шчодры вечарок.

Мігценне зорак у вышынях

І песня дзіўная ў начы,

Скрып палазоў па снезе сінім, —

Магло ўсё долю прадрачы.

На ростанях ахвяравалі,

Каб пэўных збавіцца хвароб,

Знахаркі там сваё шапталі,

Здымаючы наход, падроб…

Узносіцца і крыж вячысты

На скрыжаванні трох дарог,

Каб ён, асвечаны і чысты,

Аберагчы сяленне мог…

 

У чаканні свята

 

Год завяршае свой бег:

Чымсьці сагрэў, абнадзеіў,

Зроблена нешта наспех,

Іншых мінуць бы падзеяў…

А наваколле пяе —

Часу напружаны струны…

Мае год кожны свае

Вехі і памяць, і руны:

Нешта адпрэчыць зусім,

Нешта запіша ў скрыжалях…

Год адыходзіць. За ім —

Свята надзеяў і жалю.

 

Рака жыцця

 

Рандэль

Бягуць імгненні разам з намі

Ў раку гадоў жыцця-быцця,

Яны імкнуцца да зліцця

І з вечнасцю, і з салаўямі,

Што цешацца вясною з намі,

Спяваючы да забыцця.

Бягуць імгненні разам з намі

Ў раку гадоў жыцця-быцця,

Каб дзіўна поўніць ночы снамі,

Што ад быцця і небыцця…

І покуль прагнем мы жыцця

Ды цешымся яго дарамі,

Бягуць імгненні разам з намі…

 

ххх

 

Ці то шчасцем павеяла сёння,

Ці то гора маё адышло:

Я адчула сябе гэтак вольна,

Зноў душа — крышталёвае шкло.

Мая доля блукала па свеце,

Нейкі крок мне было да бяды,

І халоднай здавалася квецень,

Бо шукала я марна сляды

Свайго шчасця — яно заблукала,

Мне пакінула смутак на схоў,

Але сёння ізноў загучала

Песня вечара — ціха, без слоў…

 

А для сябе зрабіў два прыемныя адкрыцці, перабіраючы выразкі з перыядычных выданняў, якія яна даслала. Першае: Г. П. Загурская прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 2010 годзе як паэтэса, і аўтар дзвюх кніг вершаў. Другая: адначасова ў гэты творчы саюз быў прыняты Андрэй Леанідавіч Мураўёў, празаік. Ён нарадзіўся 27 верасня 1976 года ў Міёрах. Закончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці "Эканоміка і кіраванне ў будаўніцтве". Жыве ў Мінску, працуе менеджэрам па рэкламе. У літаратуры заявіў пра сябе як аўтар фэнтазі. Выдаў раманы "Меч на далонях" (2007 год), "Паладзіны" (2008), "Граза тыранаў" (2009).

Сапраўды, багатая Міёршчына талентамі.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 279
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 87 395
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 84 343
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 459
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 661
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 532
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 656
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 мая 2020
Александр, Василий, Георгий, Ефим, Макар, Сергей, Тарас, Юрий, Ирина

Именины 25 мая 2020
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта