Авторизация
 

Святлана ВАЛАЖОНАК

Горкае марожанае

 

Тры рублі адной новенькай купюрай ляжалі на стале. Толькі руку працягні і грошы твае. Уладзік азірнуўся вакол. Цёткі Сымоніхі ў хаце няма недзе корпаецца ў гародчыку. А грошы безнаглядныя. "І колькі рыбалоўных кручкоў за іх можна купіць, летуценна падумаў Уладзік. Яшчэ і на марожанае застанецца!"

 

Ад сонечных промняў грошы спакусліва зіхацелі зеленаватым колерам, нібы дражніліся: "Вазьміце!". "А калі і вазьму? — падумаў Уладзік. — Хто ж дазнаецца?", — схапіў і выбег на вуліцу. "Вось яно, шчасце! — радаваўся хлопчык. — Лета! Школьныя канікулы толькі пачаліся, а так пашанцавала!" Ён купіў усё, што задумаў. Цэлы дзень гуляў з таварышамі на вуліцы. А ўвечары, перад закрыццём магазіна, на апошнія капейкі набыў яшчэ адзін пачак марожанага.

 

Падыходзячы да дома, Уладзік спыніўся ля брамкі, бо халоднае марожанае цякло ліпкім струменем па руках. А даядаць пяты, а можа і шосты пачак за дзень ужо не хацелася. Ад салодкага ў роце было горка. Толькі цяпер хлопчык успомніў, што пасля сняданка акрамя  марожанага цэлы дзень больш нічога не еў. "Маці з бацькам пэўна вярнуліся з працы!" Ён кінуў недаедзены ласунак сабаку, спаласнуў рукі ў бочцы з дажджавой вадой і забег у хату.

 

За сталом сядзеў хмуры бацька. Маці стаяла побач і выцірала краем хусцінкі слёзы. Малодшыя браты Мішка і Грышка спалохана выглядалі з-за фіранкі на дзвярах залы. "Нешта здарылася, — падумаў Уладзік. — Бо звычайна ў гэты час бацька корпаецца па гаспадарцы, маці гатуе вячэру, а малыя проста гуляюць. А тут…"

 

"Уладусь, хадзі сюды, — паклікаў бацька. — Ты адрамантаваную матыку Сымонісе аднёс?" — "Так, яшчэ ранкам, — сказаў Уладзік і адчуў, як у грудзях закалацілася сэрца. — Чаму правяраюць?"  — "Сынок, можа ты галодны? — спытаў бацька. — Табе чаго не хапае?" — "Хапае", — прашаптаў хлопчык. "Тады ў чым справа? — працягваў бацька. — Прызнайся, гэта ты ўзяў у Сымоніхі грошы?" Уладзік моўчкі апусціў галаву і не ведаў, што адказаць. Толькі адчуваў, як гарачая кроў у скронях моцна пульсуе. "Дык браў ці не?" — не вытрымала маці. Уладзік кіўнуў галавой. Яму зрабілася сорамна і страшна. У галаве прамільгнула думка: "Напэўна, цяпер бацька здыме рамень і адлупцуе." Але на здзіўленне Уладзіка, бацька дастаў з кішэні грошы і загадаў аднесці Сымонісе:"Тваё шчасце, сынок, калі яна іх возьме! А іначай…" Выбягаючы з дома, Уладзік не пачуў апошніх слоў. Але добра ведаў, што бацька не жартуе.

 

Уладзік ішоў па вуліцы і ў кулаку сціскаў тры рублі. Падышоўшы да хаты Сымоніхі, затрымаўся на хвілінку ля ганка, потым нерашуча пастукаў. Старая адчыніла дзверы і пляснула ў далоні: "А ты тут што робіш так позна? Праходзь у хату". — "Я, цётачка… Я… грошы прынёс!" — адказаў Уладзік. "Дзетачка, — сказала яна, — якія грошы? Можа, я памылілася, і гэта быў не ты. Я потым шкадавала, што расказала твайму бацьку". — "Гэта я, — ціхенька прашаптаў хлопчык. — Вазьміце!" — і працягнуў далонь з пакамечанымі трыма рублямі.

 

"Не вазьму! — расхвалявалася Сымоніха. — Я ж не бачыла, што ты браў!" Старая жанчына прысела на канапу. Уладзік разгубіўся. Што рабіць? Бабуля не бярэ грошы. Голас ва Уладзіка задрыжэў: "Цётачка, прашу, забярыце!" Па хлапчуковых шчоках пацяклі скупыя слёзы. "Пакінь лепш сабе! Мне пенсіі хапае. Пражыву!" — не здавалася Сымоніха. Уладзік не змог стрымацца, і загаласіў ва ўсю моц. Ён і сам не памятаў, як стаў на калені. "Цётачка, калі ласка, забярыце! Гэта я раніцай украў грошы!" Сымоніха ўстала, выцерла свае вочы ад слёз. Яна падняла з падлогі Уладзіка, прытуліла да сябе. "Ты добры хлопчык, толькі больш ніколі так не рабі! Абяцаеш?" — спытала яна. "Абяцаю! — наўзрыд плакаў Уладзік. — Я… я больш ніколі-ніколечкі не вазьму..!"  — "Веру!" — адказала Сымоніха і забрала грошы.

 

Уладусь вырас, але не забыўся пра сваё абяцанне. Стаўшы дарослым чалавекам, ён застаўся ласуном. Кожны раз у дзень зарплаты купляе марожанае кілаграмовымі ўпакоўкамі. І хоць салодкае марожанае набываецца за свае кроўна заробленыя грошы, раз-пораз ды і прыпамінаецца Уладусю яго гаркаваты смак.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 279
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 87 395
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 84 343
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 459
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 661
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 532
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 656
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 мая 2020
Александр, Василий, Георгий, Ефим, Макар, Сергей, Тарас, Юрий, Ирина

Именины 25 мая 2020
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта