Как ангел

Як анёл

 

Неверагодная гісторыя пачалася са знаёмства Соф’і і Аляксандра. Ён малады хлопец, нежанаты, яна — замужняя жанчына, старэйшая за яго на некалькі год. Яны разам — двое маладых людзей, якія шмат гадоў жылі ў адным горадзе побач і не задумваліся аб існаванні адзін аднаго. Пры іх сустрэчы не ўзнікла той узаемнай сімпатыі, якая абяцае працяг знаёмству. Але засталося незразумелае адчуванне невядомай сілы, якая раўнаважна прыцягвала да сябе і адпіхвала прэч. Спатканне не паходзіла на выпадковае, здавалася, што Соф’я і Аляксандр — не чужыя між сабой людзі...

 

Аднойчы на шумнай вечарыне шматлікія госці весяліліся дапазна. А калі зайграла музыка, Соф’я заспявала, Аляксандр падхапіў. Іх галасы зліліся ў адзін мілагучны струмень гукаў. Ён аб’яднаў і закрануў душэўную таямніцу вечнага. Песня скончылася. І здалося, што агульная душа спеваў развалілася на дзве палавінкі. Часткі былі настолькі аднолькавыя, што немагчыма было адрозніць, якая каму належыць. Таму наўгад адзін кавалак вярнуўся да Аляксандра, другі — да Соф’і. Але ніхто падмены не заўважыў, нават яны самі...

 

Хутка вечар скончыўся, госці разышліся.

Мінула тры гады. Соф’я і Аляксандр больш не бачы-ліся, толькі пры рэдкіх сустрэчах здалёк віталі адзін аднаго.

Аднойчы ранкам Соф’я прачнулася з пачуццём трывогі і супакою. Седзячы на ложку, яна намагалася прыпомніць свой сон, у якім бачыла вялікі сонечны дом і любавалася сваім адбіткам у люстэрку. У сне да яе прыйшоў незнаёмец. Соф’я павярнулася, каб лепш разгледзець яго твар. Знешне гэта быў Аляксандр. Жанчына здзівілася, але не пазнала ў ім свайго знаёмага. Хлопец у вобразе Аляксандра ціха сказаў: “Цябе тэрмінова клічуць...” Усё пераблыталася ў думках Соф’і. “Ты хто? — нарэшце прагаварыла яна, — што табе трэба?” “Я твой анёл, — спакойна адказаў прышэлец. — Пойдзем са мной разам. Цябе жадаюць бачыць...” Хто і дзе чакае Соф’ю, анёл не растлумачыў і не ўдакладніў. Але жанчына ні хвіліны не вагалася ў сваім рашэнні і адразу згадзілася пайсці ўслед за апекуном. Вера ў вечнае падказвала яе сэрцу: падману не будзе, давярай анёлу як сабе. У сне ён заўсёды быў побач...

 

“Мой анёл...” — успамінала свой сон Соф’я. Яна ледзь  не паверыла, што ён так сапраўды выглядае. Але вырашыла, што ніколі не раскажа аб гэтым Аляксандру... “Наіўна верыць снам і пераносіць у сваё жыццё ад іх смутак і радасць, — думала яна. — Немагчыма з лёгкасцю сцерці з маёй памяці шмат значных падзей. І чаму заўсёды хочацца ведаць, што адбудзецца з табой потым?”

 

Праходзяць гады... Соф’я і Аляксандр па-ранейшаму жывуць у адным горадзе і пры выпадковых сустрэчах заўсёды вітаюць адзін аднаго. З таго часу Аляксандр ажаніўся, гадуе дачку. Малая вельмі падобная на свайго бацьку. Бялявая, з кучаравымі валасамі дзяўчынка глядзіць на свет блакітнымі, як неба, вачыма. З дзіцячай наіўнасцю яна цікавіцца навакольным светам. Пры сустрэчы з Соф’яй малая дзяўчынка ўсміхаецца. А Соф’я верыць, што дзіця вельмі падобнае на сапраўднага анёла...

 

Ніхто не ведае працягу гэтай гісторыі, акрамя самой Соф’і. Яна вырашыла нікому не расказваць пра Аляксандра, якога яна лічыць падобным на свайго апекуна. Соф’я верыць, што калі-небудзь яе маленькая тайна знікне назаўсёды разам з ёй...

Нельга паставіць на гэтай гісторыі кропку. Бо для Соф’і як і для іншых людзей, паўстае асабістае пытанне: “Як выглядаю я? Можа сваімі паводзінамі і знешнім выглядам я расчароўваю людзей. А яны вераць, што я падобна на іх апекуна?”

“І што б там ні думалася, — разважала Соф’я, — а заўсёды хочацца пачуць у свой адрас: “А ты як сапраўдны анёл...!”

 

Святлана ВАЛАЖОНАК.

 

 

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.