Ёсць шмат варыянтаў цікава і ўтульна правесці цёмны зімовы вечар ці халодны вольны дзень. Напрыклад, за добрай казкай. Раённая дзіцячая бібліятэка рэкамендуе сваім чытачам сучасныя гісторыі і творы, якія сталі класікай.
1. В. Бианки, Н. Сладков, Э. Шим «Лучшие сказки о животных»
Яркія ілюстрацыі і буйны шрыфт. Цікавыя аўтары і добрыя гісторыі. Кнігу ацэняць дашкольнікі і вучні-пачаткоўцы. Выданне ўключае творы вядомых дзіцячых пісьменнікаў. Тут і захапляльная казка Віталя Біянкі «Первая охота» пра сабачку, які ўпершыню скіраваўся паляваць, і гісторыя Мікалая Сладкова пра «Хитрющего зайчишку», што падмануў дзвюх лісіц, і павучальны наказ Эдуарда Шыма «Молчком-то лучше» пра хамячка, які сябраваў з сойкай.
2. Н. Носов «Незнайка и его друзья»
Нязнайка – любімы герой многіх пакаленняў дзяцей. Кніга змяшчае невялікія гісторыі пра яго прыгоды. Цікава, павучальна, пазнавальна. З маленькімі чытачамі могуць вярнуцца ў дзяцінства іх бацькі, калі правесці час за кнігай разам.
3. К. Чуковский «Все про Айболита»
Хто не ведае Айбаліта?! Напэўна, кожны дарослы з лёгкасцю працытуе некалькі радкоў з вершаванай гісторыі пра добрага доктара. У кнізе аповяд пра Айбаліта ў прозе. Таксама на ілюстраваных старонках вершы, казкі «Муха-Цокотуха», «Телефон», «Путаница».
4. Э. Успенский «Дядя Федор, кот и пес»
Кніга зручнага фармату запрашае на сустрэчу з любімымі героямі. Аповяд пра дзядзьку Фёдара і яго сяброў дапаўняюць яркія ілюстрацыі. Класіка дзіцячай літаратуры папулярная ў сучасных юных кнігалюбаў.
5. Ю. Кузняцова «Першая вандроўка Мышкі»
Цікавая казка сучаснай беларускай пісьменніцы Юліі Кузняцовай. Галоўная гераіня – карова Мышка. Пасвіцца на палетку ёй надакучыла, вырашыла падарожнічаць на паветраным шары. Наперадзе яе чакае шмат прыгод. Па вяртанні зразумее, што вельмі засумавала па родных мясцінах.
6. Н. Лясковская «Сказка о варежках и бабушках»
Невялікая па аб'ёме кніга змяшчае тры казкі. «Сказка о варежках и бабушках» – гісторыя, як дзяўчынка згубіла рукавічку ў Снежнай каралевы, а бабуля дапамагла яе вярнуць. «Сказка о стиральной машине» раскажа, як пральная машына, якая доўга не ведала, для чаго яе зрабілі, знайшла сваё прызванне. «Сказка о бедном ежике» раскрые сакрэт, чаму вожык бедны.
7. Й. Лада «О хитрой куме лисе»
У аснове расповяду – гісторыя пра лісу. Яшчэ маленькай ляснік прынёс яе сваім дзецям. Яны навучылі жывёлу сядзець на ланцугу, размаўляць на мове чалавека і нават пісаць хвастом «ЛІСА». Праз час ліса вырашыла вярнуцца ў лес. Выжываць у дзікай прыродзе вучылася па казках, якія чыталі ёй дзеці лесніка.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.