Сердцем чутким голос ее ловлю

 Даўнія школьныя гады для мяне пакінулі не вельмі шмат успамінаў. На здымку аднакласнікаў-пачаткоўцаў у некаторых дзяцей час ужо сцёр імёны. Не лепшая сітуацыя з настаўнікамі больш позняга перыяду. А вось што ў 6 – 7 класах рускую мову і літаратуру выкладала патрабавальная Марыя Якаўлеўна, памятаю. Не толькі таму, што да кожнага яе ўрока трэба было старанна рыхтавацца. Яе наведвала сястра-паэтэса Еўдакія Лось, якая чытала свае вершы нам, школьнікам Дворнасельскай, тады сямігадовай школы.

Дакументальным сведчаннем працы Марыі Якаўлеўны ў гэтай вучэльні застаўся загад ад 1 верасня 1959 года (дзякую за яго пошукі цяперашняму дырэктару Антаніне Кляшчонак) аб замацаванні яе адказнай за Цілеўскі мікрараён. Там настаўніца павінна была вырашаць пытанні наведвання заняткаў вучнямі, наладжваць адносіны з іх бацькамі і займацца лікбезам. Пад гэтым ужо забытым словам мелася на ўвазе навучыць непісьменных дарослых сялян, а такія яшчэ былі, чытаць і пісаць хаця б сваё прозвішча і імя на дакументах.


– Марыя Якаўлеўна была маім класным кіраўніком у 6 класе, – дапаўняе мае ўспаміны ветэран педагагічнай працы Віктар Цітовіч, які вучыўся годам раней. – Яна кватаравала ў Васіля Грэцкага ў Дворным Сяле, яго хата знаходзілася побач з магазінам. А прыязджала да сястры не толькі Еўдакія, але і іх маці. Яна дзялілася ўспамінамі пра партызанскі рух на Ушаччыне і страшэнную блакаду, якую перажылі не толькі лясныя салдаты, але і яе сям’я разам з тысячамі мірнага насельніцтва. Памяццю пра тыя падзеі стаў мемарыял «Прарыў».


Мы, вясковыя падшыванцы, на веснавых канікулах падглядвалі праз вокны звонку за танцорамі ў мясцовым клубе. Вядома, сярод іх звярталі ўвагу на знакамітую прыезджую.


Тады будынак на ўскрайку Дворнага Сяла здаваўся вялікім. Меншую палавіну яго, два пакоі, займала кантора калгаса «За мір», астатняе па выхадных і святах станавілася кінаці танцавальнай залай. Дзяўчаты ў калгаснай частцы пакідалі паліто і пераабуваліся з гумовікаў у туфлі, каб пад гармонік і пад наглядам бабулек, што займалі лаўкі ля сцен, кружыцца з мясцовымі хлопцамі ў танцах. Калі праз шмат гадоў зноў давялося наведаць такое ж мерапрыемства, здзівіўся, наколькі сам будынак і танцзала паменшылі.
Але размова не пра гэта. Цяпер, як мінула нямала часу, вельмі зацікавіла, які след наведванне нашых мясцін пакінула ў творчасці Еўдакіі Лось. Найперш перачытаў кнігі паэзіі, што адносяцца да ўзгаданага перыяду. Гэта зборнікі «Сакавік» 1958 года, «Палачанка» з 1962-га, «Людзі добрыя» з 1963-га , «Хараство» з 1965-га, больш познія. І здзівіўся, калі выявіў тое, што зусім не шукаў.

Прапаную верш, які стане адкрыццём не толькі для мяне.

ЦВЕЦІНА

Цвеціна – на ўзлессі хаты,
Па кашу баравікі…
Нібы макаў цвет, дзяўчаты,
Хлопцы – дужыя дубкі.
Хараства на свеце многа,
Ну а тут – хоць адбаўляй!
Нездарма вялі дарогі
Усіх сватоў у гэты край.
Майго дзядзьку так да цёткі,
Як сямнаццаць той было,
Шляхам доўгім – не кароткім –
Да парога прывяло.
Прыгажуня ж цётка Прося
Заламала «не» ды «не»:
«Хай не ходзяць, хай не просяць –
І сваіх хапае мне!»
Цвеціна – на ўзлессі хаты,
Па кашу баравікі…
Зноў ішлі да цёткі ў сваты,
Зноў вязалі ручнікі…
Праляцела дзён нямала
З той далёкае пары,
Завірухі сердавалі,
Спеў заводзілі вятры.
Цётка Прося ўжо старая,
Сівы ж дзядзька скронь чухне
І з хітрынкай запытае:
– Як жа з гэтым самым «не»?
…Ты страчаў дзяўчыну-краску,
Хлопца – плечы з паўсцяны?
Не пытайся скуль, будзь ласкаў:
Ясна ж – цвецінцы яны!


Не памятаю, як знешне выглядала мая настаўніца рускай мовы і літаратуры. Мабыць, і яе партрэт адлюстраваны ў вершы «Сёстрам».

Сястрыцы, вачыма – пралесак радня,
Косамі – поля жытнёвага,
Верныя служкі працоўнага дня –
Хмарнага, прамянёвага!
Раслі не ў цяпле мы – у сцюжах вайны
І выраслі загартаванымі:
Ішлі на франты баявыя – адны,
Другія ішлі – з партызанамі.
Вайна адгрымела. Разруха пасля
Імкнулася здужаць употай.
Нам босыя ногі студзіла ралля.
Сутуліла плечы работа…
Асабіста пра сябе паэтэса напісала так:
Хударлявай дзяўчынкай бяляваю
Я расла ў глухім мястэчку…


А вось гэтыя радкі з верша «Думка» маглі быць навеяны і дворнасельскімі абставінамі:

Завітала на ігрышча,
Дзе дзяўчаты ружавеюць,
Дзе абцасы нішчаць хлопцы,
Дзе і бабкам не сядзіцца,
Дзе гармонік аж да дня…


Беларуская вясна навявае аднолькавыя матывы і на суседняй Ушаччыне, і на нашай Міёршчыне.

Ледзь толькі крануцца падснежныя воды,
Ледзь толькі вярба прывітае вясну,
Раблюся я ворагам крохкай прыроды –
Галінкі ламлю я і ў хату цягну.


Міне некалькі гадоў, і твор «Гняздо ластавак», адрасаваны сёстрам-настаўніцам, пачнецца такімі радкамі:

Вербы, абпаленыя перуном,
Вакол старога сяла – стаўкі…
Зляпілі гняздзечка над школьным акном
Дзве белагрудыя ластаўкі…


Усхвалявала творцу школа на ўскраіне мястэчка, але ў астатнім усё, як старая будыніна вучэльні ў тым жа Дворным Сяле.

Школа на ўскраіне горада роднага,
З садзікам, прызбаю, шыльдай злінялаю,
З трэллю хрыпатай званка непрыгоднага,
Са сценгазетаю ў сенцах няўдалаю!
Чым ты палоніш, малая, нязыркая,
Чым так вабяць пакойчыкі класныя?
Дзесь зазвінелі разбітай прабіркаю…
Дзесьці лічыльнікаў костачкі ляснулі…
Тут – пра балоты ўрадлівыя гоман,
Там – пра пустыні вільготныя спрэчка…
Домам рабілася, радасным домам
Школа для вучняў былога мястэчка.
Стрэнеш у ёй гарнітурчык картовы
І паркалёвыя стужачкі ў косах.


Несумненна, гэта пра школу і пакаленне вучняў канца 50-х – пачатку 60-х. Пра маіх равеснікаў.
Я не дачытаў усе творы таленавітай паэтэсы, апошняя яе кніга «Лірыка ліпеня» пабачыла свет у 1977-м. Яна адлюстроўвае ўжо іншы час, прысвечана асобам саюзнага і еўрапейскага ўзроўню, узнімае новыя тэмы, звяртаецца да далёкай ад нашых мясцін геаграфіі. Відаць, таму спатыкнуўся на вершы Яўгеніі Янішчыц са зборніка «Ясельда» з наступнага 1978-га «Памяці Еўдакіі Лось». Вось радкі з яго:


Анямела вечарэюць
Вочы руж і хрызантэм.
А да старасці яшчэ Вам –
Столькі вершаў і паэм!
Плача неба над сталіцай,
Як жалобная струна.
А ў вёсцы – касавіца,
Медунее Старына.
Вось бы Вам туды з’явіцца
(Бо й сынок – чым не касар!),
Нахадзіцца, надзівіцца.
У тры дарожанькі запар.
Краскі Вы б знайшлі якія
Ды наткалі б палатна,
Доня, Дуня, Еўдакія
З ціхай вёскі Старына.
Вось і я працягваю пошукі яе даўніх слядоў па нашай Міёршчыне.

Фота для ілюстрацыі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.