Авторизация
 

Шукаю рыфмы след. Міёрскі край у лёсе паэткі Яўгеніі Янішчыц

 Міёршчына мае дачыненне да лёсу і літаратурнай дзейнасці вядомай беларускай паэтэсы, ураджэнкі Палесся Яўгеніі ЯНІШЧЫЦ.

Важным для Яўгеніі Янішчыц аказаўся 1971 год: скончыла філалагічны факультэт БДУ і стала жонкай ваеннага журналіста, збіральніка фальклору, празаіка і паэта Сяргея Панізьніка. Вяселле адбылося ў жніўні ў Юрмале, дзе жыла сястра яе абранніка. Відаць, да гэтага быў прымеркаваны верш «Сустрэча», крыху нетыповы для Сяргея Сцяпанавіча. Бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што наш зямляк не надта захапляўся любоўнай лірыкай, а тут нарадзіліся нечаканыя для яго творчасці радкі:


Цячэ туман у золкія канавы.
Чмяліным мёдам пахне сенажаць.
Каля мяне, дзе выспелыя травы,
купальскія праменьчыкі гараць.
І сам цяпер нібы часцінка гаю
ці зёлкавая тайна ў сцябле.
Я прызнаюся ў першы раз:
кахаю
зямлю, агонь, дубраву…
І цябе.


Твор узяты з другой па ліку кнігі паэта «Палявая пошта», што выйшла ў свет у 1972-м, аднак, па сцвярджэнні аўтара, камплектавацца яна пачала значна раней. Ілюстрацыяй да яе можа быць вясельны здымак. Гарадскі фон – напэўна, Юрмала. Белая сукенка, вэлюм, дэманстратыўна выстаўленая правая «акальцаваная» ручка і насцярожана-чакальны (калі не памыляюся?) выраз твару ў яе. Строгі гарнітур і ўсхваляваная ўсмешка ў яго.


Потым будзе вясельнае падарожжа на Палессе да бацькоў маладой і на Міёршчыну – па родных мясцінах маладога. Не ведаю дакладны маршрут, але Ліпава, Даўгінава, Лявонпаль і Бабышкі шлях павінен быў ахапіць. Ліпава назваў першым, бо тут у Віктара Рагоўскага застаўся вясельны здымак, а на сядзібе яго бацькоў зроблены астатнія. Іх праз Тамару Аўсяннікаву, сяброўку Яўгеніі Іосіфаўны (на той час прыехала па размеркаванні працаваць настаўніцай у Язненскую СШ), даслаў сам Сяргей Сцяпанавіч.
Рагоўскія – знакамітая дынастыя музыкаў і захавальнікаў мясцовай абрадавай спадчыны, многія з іх суседзі і сябры Сяргея Сцяпанавіча. Іх галасы і мелодыі трапілі на яго дыскі «Пад ясну зарыцу…» (2013 год) і «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў» (2016). А непасрэдна памяці Віктара Рагоўскага прысвечаны верш «Зноў кручы і броды…»


… быць з Віктарам – свята!
Зноў кручы і броды…
Не цішыў акорды:
Граў польку – сагрэцца,
а вальс – абдымацца…
Каб зноўку сустрэцца, –
ёсць Памяць прызнацца:
з Рагоўскіх кагорты
музыка наш мёрскі
прытулачак боскі
прыняў, бо не горды…


Для Яўгеніі амаль што вясельным падарункам стала першая ўласная кніга вершаў «Снежныя грамніцы», якая пабачыла свет напярэдадні клопатных для паэтэсы падзей у 1970-м. Не без садзейнічання Сяргея. Мяркую, творы таго перыяду адлюстроўваюць настрой паэтэсы, калі віравала каханне, але трэба было заканчваць вучобу і ўглядацца ў будучыню.


Горкі пах палыну,
Не зап’еш, не заснеш.
Забягу, загляну,
Як і чым ты жывеш.


Вось такое веснавое ўражанне ў аднайменным вершы. Наступны твор «Непрыручаная птушка» потым будзе асацыіравацца з самой Яўгеніяй. Вось яе самахарактарыстыка:


Мне па душы глухія пушчы,
Лістоты замець на дварэ.
Я непрыручанаю птушкай
Жыву між сполахаў і дрэў.
Працяг тэмы ў іншым творы:
Сябе нанова адкрываю,
Выношу з шуму свой пратэст –
Пустых размоў не пераймаю.
Ёсць у маўчанні іншы змест.
Выснова: Напэўна шчасце ў мяне
не па ўзросту.


 Тут жа просьба:
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.


Кідаюцца ў вочы агульныя вобразы, што з’явіліся ў абодвух паэтаў. У яго «выспелыя травы», у яе – «хмяльныя». Толькі яны чамусьці не радуюць:
Хвіліны пройдуць дарагія,
Як пышнае цвіценне траў.
І зменяць дні зусім другія
Той дзень, што шчасце абяцаў.
…Смяюся, калі плакаць трэба.
Журба – калі на вуснах смех…


Зноў углядаюся ў вясельны здымак. Узмацняецца ўражанне: у момант, калі павінна быць адчуванне бязмежнага шчасця, у вачах пад снегам вэлюму трывожнае чаканне. А мо толькі здаецца? Ва ўсялякім выпадку, першая кніга заканчваецца нібы стрымана аптымістычна:


Ведаю, адолею бяду
І наклічу радасць выпадкова.
Я сама сабой, калі вяду
З болю непрыручанае слова.


Потым будзе праца загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ і хуткае ўступленне ў Саюз пісьменнікаў СССР, нараджэнне сына, супрацоўніцтва ў «Сельскай газеце» і часопісе «Маладосць», паездка ў ААН. Будуць кнігі «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980) і іншыя, прэміі за іх. Я ж шукаю ў рыфмаваных радках водгукі таго вясельнага падарожжа, што прайшло праз наша Ліпава на Міёршчыне. І не знаходжу. Гартаю зборнікі лірыкі. У іх шчымлівыя радкі пра чаканне, трывогі, расчараванні, непрыкаянасць… Пра родных людзей, землякоў. Абразкі Палескага жыцця. І ні слова пра час, калі Яўгенія павінна была адчуваць сябе шчаслівай.
Мо я дрэнна шукаў?


Калі адходзяць слынныя паэты,
Цішэй сама становіцца зямля…


Гэта таксама яе радкі.

Фотаматэрыял з архіва Сяргея ПАНІЗЬНІКА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 521
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 92 648
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 032
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 135
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 662
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 708
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 813
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 октября 2020
Авраам, Ефим, Константин, Максим, Петр, Яков

Именины 21 октября 2020
Василий, Виктор, Владимир, Дмитрий, Иван, Николай, Павел, Петр, Елизавета, Мария, Надежда, Пелагея, Таисия, Татьяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта