Авторизация
 

Наша зямлячка Наталля Бучынская піша казкі

 Нарадзілася 24 лютага 1970 года ў вёсцы Ідолта ў сям’і настаўнікаў. У 1985-м скончыла Мілашоўскую васьмігодку, а ў 1987-м – Міёрскую СШ № 2. Потым у 1993-м адолела філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам, магчыма, аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем у залежнасці ад карэктыў жыцця. Жыве і працуе ў Мінску.

Першая казка пабачыла свет у раённай газеце «Сцяг працы» ў 1986-м. Гучалі казкі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка» і «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХІ стагоддзя» ў 2008-м выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012-м – аўтарскі пераклад на рускую мову, у 2013-м (выдавецтва «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by», у 2015-м – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае. У 2016-м яна намінавана на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст.


У 2016 – 2017-м актыўна ўдзельнічала ў рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom».
Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.).


Асобныя казкі ўключаны ў склад зборнікаў «З днём народзінаў, альбо Свята, якое ёсць у кожнага», «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).
У 2019-м у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі».
Актыўна падтрымлівае сацыяльны праект «Беларусь: профессионалы – детям в трудной жизненной ситуации».

Прапануем вашай увазе адну з казак Наталлі Бучынскай.

Лепісін і Быляк. Вітамінныя чалавечкі

Знаёмцеся! Гэтых малюпусікаў завуць Лепісін і Быляк. Лепісін жыве сярод апельсінаў. А Быляк – сярод яблыкаў. Яны сябруюць. Кожны заняты справай – сочыць, каб дзеці елі дастаткова яблыкаў і апельсінаў. У іх шмат вітамінаў! Калі дзеці ўжываюць мала вітамінаў, Быляк і Лепісін ходзяць сумныя і панурыя. І склікаюць адзін другога на нараду.

Быляк уладкаваўся нанач ля вялікага яблыка. Вочы зліпаліся, пазяхалася штохвіліны, а заснуць не мог. Данімала нейкае бубненне над вухам. Час быў позні. Быляк вызірнуў са схованкі. На кухні нікога, а тэлевізар працуе. Чалавечак хацеў выключыць надакучлівую скрыню. Але ішла перадача пра яго любімыя яблыкі! Быляк натапырыў вушы.


– Многія краіны пачалі апрацоўваць яблыкі хімікатамі, – расказвала вядоўца. – Гэта спрыяе іх добраму захоўванню праз зіму. Яблыкі выглядаюць прыгожымі і апетытнымі! Але тыя, хто іх есць, пачынаюць пакутаваць на алергію! Асабліва дзеці!
Быляк захваляваўся! Ён ведаў, што такое алергія! На шчочках высыпаюць чырвоныя балячкі, яны чэшуцца, дзеці капрызяць. А калі дзеці капрызяць, яны не хочуць гуляць, не хочуць бегаць і скакаць. І растуць марудна!


Як так? А ён збіраўся раніцай падсунуць смачны яблык хлопчыку, што жыў з бацькамі ў гэтай кватэры! Славік любіць яблыкі, яго і ўгаворваць не трэба. З’есць кашу, пасля яблыкам падмацуецца! А Быляк з замілаваннем паглядае на гэта і цешыцца.
Па тэлевізары далей расказвалі пра шкодныя і не шкодныя спосабы захавання яблыкаў. (*Не ўсе яблыкі апрацоўваюць, не пужайцеся! Тыя, што выраслі ў садах вашых бабуль і дзядуль, хутчэй за ўсё нічым не апрацаваныя! Толькі і іх трэба мыць!) Але Быляк ад узрушэння больш нічога не чуў. Ён падхапіў заплечнік і кінуўся да Лепісіна – за парадай.


– Тук-тук! – пагрукаў Быляк у дзверы.
– Што грукочаш? – усклікнуў Лепісін, адчыняючы. – Ажно вушы залажыла!
– Не да тваіх вушэй, дружа! Тут такое робіцца!


Быляк хуценька пераказаў навіну. І дадаў:
– Нават чарвячкі ды мошкі такія яблыкі не чапаюць. Баяцца алергіі. І як цяпер дзяцей яблыкамі карміць? Як ім у вочы глядзець? – ледзь не плакаў Быляк.
– А калі мыць яблыкі перад ежай? – спытаў Лепісін.
– Мыць – абавязкова! Але ці дапаможа?


Апельсінавы чалавечак адсунуў талерку з амаль аблупленым ад скуркі апельсінам, зняў з гачка халат. Усе важныя пытанні Лепісін і Быляк вырашалі, апрануўшы белыя халаты. Так ім лепш думалася.
Быляк таксама ўбраўся ў халат і паклаў на стол прыгожы яблык, набыты ў краме. Малюпусікі дасталі скрыначкі з міні-лабараторыямі і пачаліся доследы над яблыкам. У кожнага меўся вітамінавымяральнік. Ён паказваў і карысць, і шкоду, якую можа прынесці садавіна.


Мылі яблык з мылам. Церлі шчоткай. Прасвечвалі яго кварцавай лямпай. Пасыпалі содай. Мазалі зялёнкай. Мучыліся самі і мучылі яблык. А хімічная апрацоўка ніяк не паддавалася. І раптам Лепісіну прышла ў галаву геніяльная думка! Ён падсунуў пад вітамінавымяральнік напалову абабраны апельсін.


Прыбор паказаў цікавы вынік: скурка апельсіна пульсавала небяспечным для садавіны сінім святлом. Значыць, апельсін быў таксама апрацаваны хімікатамі. Затое абабраныя долькі свяціліся карысным жоўтым святлом!
Лепісін паскроб у патыліцы.


– Відаць, апельсіны таксама апрацоўваюць хімікатамі. Але абабраны апельсін ужо не шкодны!
– Ну-тка, праверым! – зацікавіўся Быляк, схапіўшы невялічкі ножык, абрэзаў з яблыка скурку. Знятая скурка пад вітамінавымяральнікам таксама свяцілася сінім. А абабраны яблык – жоўтым!


Лепісін і Быляк паціснулі адзін аднаму рукі. Яны далі рады праблеме! Засталося толькі прывучыць усіх дзяцей, іх мам і тат, бабуль і дзядуль абіраць скурку з яблыкаў.
Раскажы пра гэта сваім сябрам. Так ты дапаможаш Быляку і Лепісіну і ўратуеш некага ад алергіі!

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 075
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 84 331
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 77 170
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 215
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 40 676
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 398
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 536
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 февраля 2020
Артемий, Василий, Владимир, Гавриил, Евгений, Иван, Леонтий, Мартин, Михаил, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Вера, Зоя, Ирина, Светлана

Именины 25 февраля 2020
Алексей, Антон, Евгений, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта