Авторизация
 

Тамара Аўсяннікава, былая настаўніца Язненскай школы, выдала кнігу “Скрыжалі”

 Электронная пошта прынесла вестку: паэтэса з Магілёва Тамара Аўсяннікава, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, выдала кнігу паэзіі “Скрыжалі”. Кароткая даведка на вокладцы сведчыць, што гэта не першая “спроба пяра”. Тамара Пятроўна – аўтар зборнікаў паэзіі “Ноты сэрца”, “Лістапад гадоў” і “Стромкая галінка”, а “Любачка” – яе кніга прозы. Нарадзілася ў вёсцы Сяўкі Лоеўскага раёна на Гомельшчыне. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ з 1971 года працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Язненскай СШ.

Як працавала? Ветэраны педагагічнай працы з Язна, з якімі давялося пагаварыць па тэлефоне, адгукаліся пра былую каляжанку цёпла, але памяць не захавала канкрэтных фактаў. Дапамагла нататка “Добры прыклад” за подпісам выпускніцы Язненскай СШ Тамары Яцкевіч у раённай газеце “Сцяг працы” за 1 верасня 1973 года. Вось вытрымка з яе:


“У пачатку свайго апошняга навучальнага года, у дзясятым класе, я марыла пасля школы заняцца вывучэннем рускай мовы і літаратуры, бо гэты прадмет быў для мяне самым любімым. Усё дзякуючы настаўніцы Тамары Пятроўне Краўчанка. Тады пытанне аб сваім будучым я вырашыла вельмі проста: скончу 10 класаў і паступлю на філалагічны факультэт якога-небудзь педагагічнага інстытута. Але вось аднойчы Тамара Пятроўна не прыйшла на ўрок. Яе замяніла другая настаўніца. Урокі літаратуры сталі не такімі цікавымі. Я выконвала заданні, атрымлівала добрыя адзнакі, але займалася без ранейшага энтузіязму. Думка аб тым, каб стаць філолагам, зусім знікла пасля таго, як атрымала двойку па дыктанту.


З таго часу маю ўвагу пачалі прыцягваць урокі фізікі. Законы Ньютана ніяк не звязаны з лірыкай Ясеніна, гэта так. Але што тады так прыкавала да іх маю ўвагу? Новая настаўніца фізікі Ларыса Сяргееўна нечым нагадвала Тамару Пятроўну. Яна і дапамагла мне зразумець, што галоўнае ў жыцці – настойлівасць у дасягненні сваёй мэты… Цяпер у мяне быў цвёрды намер стаць філолагам… 1 жніўня я трымала першы экзамен у Мінскі педагагічны інстытут…”


Не так, як планавала, атрымалася з выбарам прафесіі ў Тамары Яцкевіч, хаця цяга да паэтычнага слова, закладзеная любімай настаўніцай, у поўную сілу праявілася пазней: стала сельскім карэспандэнтам, друкавалася ў шматлікіх газетах, выдала кнігу паэзіі “Галалёд”, з заатэхніка перакваліфікавалася ў журналістку.


Што да Тамары Пятроўны Краўчанка, яна ў Язне стала Аўсяннікавай, з 1973-га жыве і працуе ў Магілёве. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак кіруе гарадскім літаратурным клубам “Святліца”, які штогод прэзентуе зборнік твораў сваіх членаў – вучняў і студэнтаў.
– Калі трымаю ў руках новую кнігу выхаванцаў, адчуваю радасць, нават большую, чым ад уласных выданняў, – дзялілася ўражаннямі  Тамара Пятроўна ў інтэрв’ю “Магілёўскай праўдзе”. – Чытаю, перачытваю, уношу папраўкі… Навучыць пісаць можна таго, хто хоча навучыцца. І галоўная роля педагога – зацікавіць, дапамагчы паверыць у сябе.

Навучыць пісаць вершы нельга. Мая задача – паказаць на прыкладах, што ў паэзіі добра, а што – не надта, дапамагчы разабрацца ў асноўных тэхнічных і сэнсавых момантах. Слова ў жыцці і ў паэзіі – не адно і тое ж…
Няхай Тамара Пятроўна даруе мне гэты адзіны абзац з разрозненых сказаў, што выбраны з вялікага інтэрв’ю. На мэту ставіў не пазнаёміць чытачоў раёнкі з творчай майстэрняй таленавітага чалавека, а толькі ахарактарызаваць яго самога.


І яшчэ цікавы момант. Менавіта з Язна Тамара Пятроўна ездзіла на вяселле вядомых паэтаў, нашага Сяргея Панізьніка з Бабышак пад Лявонпалем і “непрыручанай птушкі” з Палесся Яўгеніі Янішчыц. Яна ў студэнцкія гады жыла ў адным інтэрнацкім пакоі з Яўгеніяй, цяпер рыхтуе да выдання шматтомны збор яе твораў. Мяркуе, што ў час “мядовага месяца” шчаслівая маладая пара, Сяргей і Яўгенія, магла падарожнічаць па Міёршчыне. Пра гэта варта напісаць асобна, а пакуль прапаную верш Тамары Аўсяннікавай, прысвечаны яе знакамітай сяброўцы. А ёй самой шлю самыя шчырыя пажаданні да юбілею. 70-годдзе яна святкавала 23 мая.


Леанід МАТЭЛЕНАК.  

***
Нічога не вяртаецца назад:
Ні гэты міг, ні гэты дзень, – я знаю.
Я. Янішчыц.

“Нічога не вяртаецца назад…”
У дзень той спадарожніцам чытала.
Не ведала, што ты – у снегапад!
І на зямлі адной сцяжынкай болей стала.

“Нічога не вяртаецца назад…” –
Шчымліва ў вершы ты сваім пісала.
О, як нявесціцца вясновы сад!
Ды кветачкай адною ў свеце меней стала.

А сёння вершаў розных – цераз край.
І шкадаваць як быццам не да твару,
А я крычу ў лістапад праз май:
– Мой Бог, вясну вярні, вярні паэту мару!

О, як змяніўся свет за гэты час!
Чаму ж ты крылы ластаўчыны склала?
Няма тваёй усмешкі сярод нас –
І песняю тваёй на свеце меней стала.

Вясну любіла, спелае жніво,
“Сланечнікі” і “Касачы” Ван Гога,
У глебы брала сілу і цяпло,
Ірвалася да зор – у вечнасць йшла дарога.

Твой лёс паэта – неба прагавор.
Веаtа sоlіtudо* так натхняла!
Магнітам быў Галактыкі прастор –
І зоркаю адной на небе болей стала.

 *Веаtа sоlіtudо (лат.) – блаславенная адзінота (заўвага аўтара).

Вось як пра перыяд жыцця на Міёршчыне прыгадвае сама Тамара АЎСЯННІКАВА:
“У Язненскай СШ я працавала па размеркаванні з канца жніўня 1971 года па лістапад 1973-га. Гэта пачатак маёй працоўнай біяграфіі. З удзячнасцю ўспамінаю ўвесь калектыў школы. Але першыя практычныя парады ў прафесійнай дзейнасці атрымала ад завуча Алены Арцёмаўны Сівіцкай і Марыі Рыгораўны Лаўшовай. Было цяжка – 34 гадзіны, амаль што дзве стаўкі – руская мова і літаратура ў сярэднім звяне і старэйшых класах і беларуская мова і літаратура з класным кіраўніцтвам у чацвёртым класе. Лажылася ў ложак з пліткаю шакалада ў руцэ, але адкрыць не паспявала – засынала.


Маёй сяброўкай была каляжанка Галіна Аляксандраўна Драба, настаўніца матэматыкі. Да нашай моладзевай кампаніі далучылася настаўніца англійскай мовы, здаецца, яе звалі Аленай, на жаль, не памятаю прозвішча і імя па бацьку. Засталіся ў памяці шчырыя і непасрэдныя Аляксандр Піліпавіч, дырэктар, і яго жонка Зоя Іванаўна, настаўніца пачатковых класаў; паважаная і сур’ёзная сямейная пара Губерт – Сарокіна.


З замілаваннем успамінаю маленькага Лёву, сына сямейнай пары Какорычаў. Менавіта гледзячы на гэтага цудоўнага хлопчыка ў мяне абудзіліся мацярынскія пачуцці. З Віялетай Іванаўнай Сіняўскай мы ўвесь час жартавалі. Лабарантка Фаіна ратавала мяне (у маім рацыёне не хапала малака, да якога я мела асаблівую схільнасць) – прыносіла дамашні сырадой. Вельмі душэўны чалавек, ёй прыходзілася прасіць прабачэння за пасоленае малако, бо маці баялася суроку.


У школе ў мяне быў любімы дзявяты клас. Час сцёр імёны, але некаторыя помняцца: Валера Какорыч, Таня Жыткова, Таня Моўчун, Вася Валынец, Тамара Яцкевіч, дзве Надзеі... Нататка ў газеце “Сцяг працы” Тамары Яцкевіч мяне здзівіла. Тамара была закрытым чалавекам, ніяк вонкава сябе не праяўляла. З пазіцыі сённяшняга дня мне здаецца, што я яе прагледзела. Але ж на той час у мяне яшчэ не было ні вопыту, ні часу, каб заглянуць ёй глыбей у душу. Дарэчы, яе пачуцці, выказаныя ў маленькай нататцы “Добры прыклад”, некаторыя педагогі ўспрынялі як абразу у адносінах да старэйшых настаўнікаў. Пасля публікацыі настаўніцкая мяне сустрэла маўчаннем.


Ведаеце, я ўсім студэнтам раю не адмаўляцца ад працы па размеркаванні. Гэта добры вопыт. Да таго ж у Язне я сустрэла сваё каханне – Васіля Спірыдонавіча Аўсяннікава. Ён вярнуўся з арміі і працаваў у Магілёве на “Хімвалакне”. Так я трапіла ў гэты горад. Давялося памяняць шмат месц працы, ад мяне не залежных, атрымаць другую вышэйшую адукацыю эканаміста. Апошнім часам працую ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Агат” педагогам дадатковай адукацыі. Вось ужо сем навучальных гадоў кірую літаратурным аб’яднаннем “Святліца”, дзе са школьнікамі і студэнтамі займаемся паэзіяй і журналістыкай. Да гэтага пяць гадоў вяла клуб “Творчая гасцёўня” ў Доме творчасці “Эверэст”. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 872
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 788
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 53 455
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 328
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 105
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 684
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 660
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 июня 2019
Александр, Алексей, Андрей, Даниил, Дмитрий, Иван, Акулина, Александра, Анна, Антонина, Пелагея

Именины 25 июня 2019
Андрей, Арсений, Иван, Петр, Степан, Тимофей, Юлиан, Анна, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта