Авторизация
 

Андрэй МУРАЎЁЎ – пісьменнік-фантаст паходзіць з Мілашова

 Мілашова здаўна славіцца талентамі і знакавымі мясцінамі. І сядзібай шляхецкага роду Мілашаў, і касцёлам, адзіным у стылі мадэрн у Беларусі. Адсюль паходзяць дзіцячыя пісьменніцы Алена Масла і Наталля Бучынская, а яшчэ Андрэй МУРАЎЁЎ – пісьменнік-фантаст, аўтар шасці ўважыстых кніг у жанры гістарычнага фэнтэзі, выдадзеных шматтысячнымі тыражамі ў буйных выдавецтвах Беларусі і Расіі. 

Акрамя таго, таленавіты зямляк гучна заявіў пра сябе ў сферы камп’ютарных гульняў і кіруе выдавецкім падраздзяленнем карпарацыі “Варгеймінг” у краінах СНД і Украіне.

Мілашова выпесціла і ўзгадавала слаўнага сына зямлі беларускай.
– Мама мая Люся Стэфанаўна (у дзявоцтве Найдзёнак) родам з гэтых мясцін, – расказвае субяседнік. – Нарадзіўся на Міёршчыне, але пражыў тут нядоўга, бацькі пераехалі ў Мінск. Тым не менш менавіта гэты куток Беларускага Паазер’я лічу сваёй малой радзімай. Сюды часта прыязджаў да бабулі, праводзіў тут канікулы і бадай што ўвесь вольны час. Наша сям’я сябравала з сям’ёй пісьменніцы Алены Масла. Яе тата-настаўнік калісьці кватараваў у маёй бабулі. У Мілашове бываю і цяпер, ездзім з маці на могілкі да родных.


Сёлетняя Радаўніца не стала выключэннем. Мама накіравалася на Міёршчыну, а Андрэю прыйшлося крыху адтэрмінаваць паездку, бо паклікала камандзіроўка. На той момант, калі з ім звязвалася раённая газета, Андрэй Мураўёў знаходзіўся на Кіпры ў галаўным офісе карпарацыі. Бывае там часта, адным часам нават жыў, ды родную Беларусь не прамяняе нават на востраў ля Міжземнага мора:
– Гэта ж мара і мая, і кампаніі – працаваць на востраве ля Міжземнага мора. Але і тут ёсць свае складанасці. Напрыклад, кліматычныя. Мясцовае надвор’е зусім не для беларуса. Летам да паўсотні градусаў спякоты, сёння ж (сёмага мая – заўв. аўт.) на тэрасе плюс 30.


А ў нас толькі плюс 7 і дождж…
– Якое шчасце, – сходу абескуражвае мяне Андрэй. – Такое на Кіпры бывае толькі ўзімку. Але ж дамы нічым не ацяпляюцца, сцены тонкія, таму як на вуліцы – так і ў жыллі.


Да камандзіровак Андрэй прывык. Больш за тое, дзякуючы ім і стаў пісьменнікам. Але спачатку начытаў сабе базу:
– Вечары ў паездках доўгія. Чым заняцца? Чытаць… А потым і сам паспрабаваў выкласці сюжэты на паперу. Дакладней, на адваротныя бакі дагавораў. Памятаю, першую частку свайго першага фантастычнага твора завяршыў у дзве гадзіны ночы. Адчуў, што нешта атрымалася, не адклаў у стол, не закінуў у доўгую скрыню… Словам, хобі сваё развіваў.


Чаму такі адмысловы жанр – гістарычнае фэнтэзі?
– Бо мы ў Савецкім Саюзе выхоўваліся на прыкладах доблеснай гісторыі. Адбіліся ў памяці цудоўныя фільмы пра Аляксандра Суворава, Пятра І, а чаго каштуе тытулаваная стужка “Спартак” пра паўстанне ў Рыме! Гісторыя не трывае ўмоўнасцей, але я заўсёды задумваўся, што было б пры альтэрнатыўным збегу абставін… Таму невыпадкова выбраў жанр спалучэння фактаў і фантазіі.


 У вашых кнігах больш прыдумак ці рэальнасці?
– Можна лічыць, 80 адсоткаў падзей вядомыя з хронік. Але на кожным гістарычным этапе шмат прабелаў. Запаўняю іх прыдумкамі, расповедамі. Напрыклад, многія моманты з Вялікай Айчыннай вайны мне расказвала бабуля, іх скарыстаў. Пэўную фантастыку ўжыў у апісанні крыжовых паходаў.


Нетрывіяльна, што вашы кнігі “Меч на ладонях”, “Паладины”, “Гроза тиранов” і “Непрощенные”, якую напісалі разам з беларускім пісьменнікам-фантастам Анатолем Драздовым, звязаны адной сюжэтнай лініяй…


– Сапраўды, паяднанасць ёсць. У аснове зместу ўсіх кніг – сучасныя героі, якія трапляюць у розныя эпохі – Сярэднявечча, напалеонаўскіх войн, Другой сусветнай… Напрыклад, у пыльных абозах крыжовых паходаў апынаюцца археолаг і казак з 1906 года, чырвонаармеец з 1939-га і фатограф дзікай прыроды з 1999-га. Перакінутыя ў далёкае мінулае, яны вымушаны дужацца з тымі, хто лічыць сябе вышэй за людзей. Вандруюць па Еўропе ў нялёгкі для яе час, змагаюцца і фліртуюць, абараняюцца і абараняюць...


Вы раўняецеся на некага з пісьменнікаў?
– Лічу за ўзор творчасць Аляксея Іванова. Ён вядомы не толькі цудоўнымі гістарычнымі стужкамі, але і забаўляльнымі сюжэтамі. Напрыклад, фільмам пра географа, які прапіў глобус (сюжэт палічылі лепшым на кінафестывалі “Лістапад” – заўв. рэд.). Раўняюся на прадстаўнікоў постсавецкай Данецкай школы фантастыкі, яна вельмі моцная.


Але і вашы кнігі выходзяць вялізнымі тыражамі…
– Калі можна так сказаць… У 2005 годзе наклад дасягнуў 8 тысяч асобнікаў, у сярэ- дзіне двухтысячных – 3,5 тысячы. Але тады людзі любілі чытаць, а цяпер у кніг крыху іншы статус.


Хочаце сказаць, людзі сталі менш чытаць?
– Не тое, каб менш. Літар як знакаў адольваем нават больш. Толькі гэта паведамленні, ютуб-каналы, сацыяльныя сеткі, месэнджары. Моладзь не чытае класіку, бо цяжка яе ўспрымае. Цяпер занадта імклівы час, і ён вымушае хуткай рэакцыі. Гэта павінна адбівацца і на літаратуры. Мала каго зацікавяць лірычныя адступленні на некалькі старонак. Я выдаваўся ў буйных беларускіх і расійскіх выдавецтвах і толькі з трэцяй кнігі авалодаў сучаснай тэхнікай пісьма. Менш займеннікаў, доўгіх сказаў, апісанняў. Сюжэт павінен рухацца хутка, здзіўляць, паказваць рэзкую змену падзей. Вось што запатрабавана. 

***
Чым наракаць на незапатрабаванасць кнігі, наш герой рэкамендуе перагледзець падыходы да яе і ўлічыць патрабаванні сучаснага – і дарослага, і малога – чытача. Наш герой наогул не любіць скардзіцца, ён будуе жыццё сам, як і сюжэты для сваіх кніг, як і фантастыку, па-заліхвацку прыдуманую. Рэалізуе праекты на астраўку ля Міжземнага мора, развівае карпарацыю ў Мінску. А з кожнай камандзіроўкі вяртаецца з вялікай ахвотай, бо дома чакае сям’я, дзе выхоўваюцца тры хлопчыкі. Яны таксама любяць фантастыку.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

Фота з архіва Андрэя МУРАЎЁВА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта