Каго людзі клічуць — свае?
Таго, хто ім блізкі і родны,
Хто матчынай мовай пяе,
З кім дзелім мы лёс свой народны.
Ды толькі ці ўсе мы — свае?
А можа, бывае іначай?
І хтосьці жыццё аддае,
А хто перад ворагам скача…
А што людзі клічуць вайной?
Вайной вымяраецца неба,
Каштоўнасць дарогі зямной
І вартасць скарыначкі хлеба.
Вайной вымяраюць сваіх.
Сваіх, хто памерці гатовы
За долю Радзімы, за ўсіх,
Спявае хто матчынай мовай;
І тым, каму хочацца жыць
Так моцна, што ім і не трэба
Ніякіх сваіх бараніць—
Лепш біць галавою аб глебу,
Гнуць спіну ў пакоры нямой
Прад ворагам, зверам і катам.
Не бачыць, як кроўю сваёй
Зямлю паліваюць салдаты.
Наўмысна не бачыць, не чуць
Дзіцячага енку і плачу.
Такія не могуць адчуць,
Што слова свае для іх значыць.
Такія свае горш за тых,
Каго людзі клічуць чужымі.
Не дай бог такіх вось “сваіх”
З сапраўднымі зблытаць сваімі.
Каго людзі клічуць — свае?
Таго, хто такім застаецца
І ў міры, і на вайне
Да ўдару апошняга сэрца.
Фота для ілюстрацыі.
Ірына РАДЗІХОЎСКАЯ.