Авторизация
 

Зачараваны хлопчык. Казка

 У адной вёсцы жыў вельмі шкадлівы хлопчык. Крыўдзіў усіх звяроў і птушак. Коням, якія пасвіліся на лузе, страляў з рагаткі ў бакі маленькімі каменьчыкамі. Калі нізка на дрэве бачыў птушынае гняздо, абавязкова яго разбураў. А яшчэ катаўся на козах і авечках. 

Старыя людзі яго папярэджвалі: нельга крыўдзіць жывёл, бо можа так здарыцца, што сам станеш жывёлай. Але хлопчык не звяртаў на гэта ўвагі і толькі пасмейваўся.


Аднойчы ў вёску прыйшоў чараўнік і ўбачыў шкадлівага хлопчыка, які, як заўсёды, здзекваўся з жывёл. Чараўнік вырашыў пакараць яго. Напусціў свае чары і ператварыў хлопчыка ў белую авечку. Той спалохаўся і хацеў нешта сказаць, але ў яго атрымалася толькі: “М-е-е”. Хлопчык не ведаў, што рабіць, і пабег, куды вочы глядзяць. Ён так хутка імчаў, што зачапіўся за корч і скаціўся ў стары кар’ер, ударыўся аб камень і страціў прытомнасць.


Апрытомнеў ад нейкага шоргату. Хлопчык-авечка падняў галаву і ўбачыў вялікага Пацука, які спытаў:
— Што ж ты тут, авечка, робіш? Напэўна, адбілася ад статка, які пасецца на лузе каля вёскі?
Хлопчык-авечка не хацеў распавядаць пра сябе, таму што баяўся Пацука. Сказаў, што тут апынуўся, уцякаючы ад ваўка.


— Добра, — сказаў Пацук, — я давяду цябе да твайго статка.
—Я не з гэтага сяла і не ведаю, дзе мой статак.


—Тады пойдзем да майго сябра Ката. Ён тут недалёка жыве. У яго гаспадароў ёсць авечкі, можа, ты там прыжывешся.
І яны рушылі ў дарогу. Прыйшлі да нейкай хаты. Там на лавачцы ляжаў вялізны рыжы Кот. Пацук падышоў да яго і кажа:
—Добры дзень, Кот. Я знайшоў гэтую авечку. Можа, вы яе возьмеце да сябе жыць? Яна не ведае, дзе яе дом.


Кот адказаў, што трэба спытаць у гаспадароў, а яны прыедуць толькі заўтра, але авечка можа пераначаваць у іх.
Кот праз адтуліну ў дзвярах залез у хлеў, адчыніў яго і паклікаў авечку. Пацук нацягаў туды саломы, а Кот знайшоў мяшок, каб падаслаць пад бок.


— Вось табе, авечка, і ложак, — сказалі яны. — Вазьмі яшчэ будзільнік.
У хуткім часе Хлопчык-авечка заснуў.


Раніцай празвінеў будзільнік. Але Хлопчык-авечка любіў доўга паспаць. Ён выключыў будзільнік і зноў заснуў. Хутка пад’ехалі гаспадары. А Хлопчык-авечка яшчэ спаў. Кот заскочыў у хлеў і закрычаў:
—Уставай, гаспадары едуць!


Хлопчык-авечка прачнуўся, са страху выскачыў на вуліцу і схаваўся за хлеў. Потым да яго падышлі Пацук з Катом і пытаюцца:
— Чаго ты збегла? Ты ж сама хацела пазнаёміцца з гаспадарамі.
Тут небарака заплакаў і расказаў, як ён крыўдзіў жывёл, і за гэта чараўнік ператварыў яго ў авечку.


—Нялёгка табе будзе жыць авечкай. А ці можна цябе зноў зрабіць чалавекам?
— Не ведаю, — адказаў Хлопчык-авечка.
— Пойдзем да маіх гаспадароў, — сказаў Кот. — Табе ж трэба дзесьці жыць.
— Добра, — згадзілася авечка.


Прыйшлі яны да хаты. Гаспадары і пытаюцца ў Ката, што гэта за авечка. А Кот толькі памахаў хвастом і сказаў:
— Мяў-мяў.
— Напэўна, гэта авечка адбілася ад статка, трэба спытаць у суседзяў, — вырашылі гаспадары.
Але суседзі таксама не ведалі, адкуль узялася гэтая авечка.


Тады гаспадары падумалі і вырашылі яе зарэзаць. Іх размову пачуў Пацук, які ў гэты час залез у хату, каб пажывіцца чым-небудзь смачным. Ён пабег на двор і ўсё расказаў Кату. Пацук з Катом забраліся ў хлеў і сказалі ўсім жывёлам, што сёння ноччу будзе сход.


Наступіла поўнач, Пацук і Кот пачалі размову:
— Хто з вас, жывёлы, дапаможа беднай авечцы, якая ўчора прыйшла да нас?
— Я дапамагу, — прамычэла Карова.
— І мы, авечкі, не пакінем яе ў бядзе.
— А мы не будзем дапамагаць, — сказалі свінні, — мы лянуемся.
— Мы таксама не будзем, — заквахталі куры, — у нас сваіх спраў хапае.
— Ну, і яно сабе, — сказаў Кот, — абыдземся без вас.


Раніцай гаспадар пайшоў вастрыць ножык. Кот залез у хлеў праз вакно і ўбачыў, што Хлопчык-авечка прывязаны. Паклікаў Пацука, а той перагрыз вяроўку. Тады Карова заднімі нагамі выбіла дзверы ў катуху. Але ў гэты час гаспадар зайшоў у хлеў. Усе авечкі кінуліся яму пад ногі і павалілі. Дзякуючы гэтаму Хлопчык-авечка, Кот і Пацук выскачылі на двор і кінуліся ў лес.


Беглі яны, пакуль не замарыліся. Селі адпачыць пад вялізную елку. На ёй сядзела варона. Запытала:
— Што вы тут робіце?
І яны, перабіваючы адзін аднаго, расказалі гісторыю, якая здарылася з Хлопчыкам-авечкай.
Варона сказала:
— Жыве на высокай гары стары Воўк. Ён, напэўна, ведае, як табе зноў стаць чалавекам, бо самы мудры ў нашай мясцовасці.
Пайшлі яны шукаць вялікую гару. Ішлі праз цёмны лес і па дарозе сустрэлі старога Вожыка. Ён пытаецца:
— Куды вы ідзяце?
Таварышы ўсё расказалі.


— Я ведаю гэтага Ваўка, — сказаў Вожык. — Ён мудры і будзе загадваць вам загадкі. Раскажу, якія чуў ад свайго бацькі. Вось паслухайце. Возера ў возеры, возера ў возеры, возера ў возеры. Што гэта значыць? Не ведаеце? Калі ў вялізную міску наліць вады, у тую міску паставіць меншую міску з вадой, і ў гэту міску паставіць маленькую міску з вадой. Яшчэ адгадайце і такую загадку. Калі ён спакойны, то малы, а калі трывожны — вялікі. Хто гэта?


Хлопчык-авечка падумаў і кажа:
— Гэта марская рыба ёрш.
— Правільна. Больш загадак я не ведаю. Будзеце думаць самі, — сказаў Вожык і пабег па сваіх справах.
Сябры крыху адпачылі і пайшлі шукаць вялікую гару. Ішлі яны доўга, а гары ўсё няма. Тады Кот кажа:
— Зараз я залезу на той вялізны дуб і пагляджу вакол, можа, убачу яе.
Так і зрабіў.


— Вунь тая гара, я яе бачу!!! — закрычаў з дрэва.
Падышлі сябры да гары.
— Вялікая гара! — кажа Пацук.
— Як мы на яе ўзбяромся? — захваляваўся Хлопчык-авечка.


А Кот падумаў і сказаў:
— Не бядуйце, сябры, у мяне ёсць вяроўка і кіпцюры вострыя. Я ўзбяруся на гару і прывяжу вяроўку да дрэва. Па вяроўцы залезеце і вы.
У хуткім часе ўсе аказаліся на вяршыні гары. Там стаяў невялікі драўляны домік. З дома выйшаў стары Воўк.


—Хто вы і што тут робіце? — спытаў Воўк. — Ідзіце прэч з маёй гары, я не люблю гасцей.
І напусціў на іх моцны вецер. Але сябры ўхапіліся за вяроўку і моцна трымаліся. Калі вецер паціх, Пацук сказаў:
— Воўк, дапамажы нам, калі ласка, у нашай бядзе, тады мы пойдзем.
— Малайцы, — кажа Воўк, — вы не пабаяліся майго ветру, таму дапамагу вам. Але спачатку адгадайце загадкі. І ён загадаў дзве загадкі, якія расказваў Вожык.


Пацук, авечка і Кот адразу адказалі.
— Добра, — сказаў стары Воўк, — а цяпер паспрабуйце адгадаць самую складаную загадку. Што здаецца нежывым, а на самой справе жывое?
Доўга думалі сябры, ніяк не маглі адгадаць. Тут Хлопчык-авечка сумна паглядзеў на дрэва, да якога Кот прымацаваў вяроўку. Яно стаяла ціха, быццам нежывое, а як падзьмуў вецер, закалыхала сваімі галінкамі. І Хлопчык-авечка здагадаўся.


— Гэта ж дрэва, — кажа ён, — бо яно быццам нежывое, але ж расце і п’е карэннямі ваду.
— Правільна, — сказаў Воўк, — цяпер расказвайце пра сваю бяду.
Расказалі яны ўсё Ваўку, а той і кажа:
— Я мог бы вам дапамагчы, але ў мяне Баба-Яга ўкрала чароўны посах. Без яго нічога не магу зрабіць.
Хлопчык-авечка заплакаў.


— Калі хочаце дапамагчы свайму сябру набыць яго сапраўднае аблічча, вам неабходна вярнуць посах, — сказаў Воўк Кату і Пацуку.
— Добра, мы дапаможам Хлопчыку-авечцы, — сказалі сябры. — Але як знайсці Бабу-Ягу?
Воўк даў ім клубочак, які прывядзе іх да хаты Бабы-Ягі.


— А яшчэ, — кажа Воўк, — я вам дам яблычак. Калі за вамі будзе гнацца Баба-Яга, адкусіце кожны па кавалачку і пабяжыце хутка, як вецер. Яшчэ вам спатрэбіцца гэты веер. Калі з’ясце яблык, а Баба-Яга будзе блізка, махніце на яе веерам — і вецер яе здуе. Ну, і апошняе,— сасновая іголка. Калі Баба-Яга будзе зноў вас даганяць, уторкніце іголачку ў зямлю — і за вамі вырасце сасновы непраходны лес.
Падзякавалі сябры Ваўку, спусціліся з гары. Кот кінуў клубочак, і ўсе скіраваліся за ім.


Ішлі яны гэтак днём і ноччу, дабраліся да хаты Бабы-Ягі.
— Добра, што мы прыйшлі сюды ноччу, — кажа Пацук. — Я паспрабую залезці ў хату і пашукаць посах, а вы чакайце мяне вось за той вялікай елкай.


Залез Пацук у дом, агледзеўся. На печы спала Баба-Яга, а ў кутку свяціліся нейкія агеньчыкі. Пацук пачаў шукаць посах, але агеньчыкі раптам скочылі на яго. Ледзь вывернуўся. Гэта аказалася вялізная шэрая Сава, якая выпусціла кіпцюры і хацела з’есці яго. Выскачыў Пацук з дому і пабег да елкі. Расказаў усё сябрам. Кот падумаў і кажа:
— Я пайду ў хату і спраўлюся з гэтай Савой.
— Будзь асцярожны, — сказаў Кату Хлопчык-авечка, — не разбудзі Бабу-Ягу. Тады бяда будзе.


Кот залез у хату праз комін і ў кутку ўбачыў вялізныя круглыя вочы, якія набліжаліся да яго. Ціхенька зачмыхаў і скочыў на Саву. Яна вывернулася, паляцела і разбу- дзіла Бабу-Ягу. Сава трымала посах у лапах, але выпусціла, калі Кот на яе напаў. Той схапіў яго, хутка адчыніў дзверы і памчаў да вялікай елкі.


Убачыла Баба-Яга, што няма посаха, скочыла ў ступу і кінулася ў пагоню. Кот, Пацук і Хлопчык-авечка таксама не трацілі час дарэмна — пабеглі, як маглі. Хутка стаміліся, а Баба-Яга іх даганяе, вось-вось схопіць. Адкусілі сябры па кавалачку яблыка і памчаліся з усіх ног. Ляцелі так, пакуль не з’елі ўвесь яблык. А Баба-Яга зноў даганяе. Махнулі яны веерам, і моцны вецер адкінуў Бабу-Ягу далёка назад. Узрадаваліся сябры. Але Баба-Яга перамагла вецер і зноў пусцілася ў пагоню. Кот, Пацук і Хлопчык-авечка зусім замарыліся, а Баба-Яга зусім блізка, вось-вось схопіць Ката за хвост. Ужо і руку працягнула да яго.


— Давай мне іголку, — крычыць Кот Пацуку, — бо зараз Баба-Яга мяне схопіць!
Стаў Пацук шукаць у сябе іголку і не знайшоў.
— Я яе згубіў!!! — закрычаў ён.
— Што нам рабіць? — усхвалявана запытаў Хлопчык-авечка.
Раптам адкуль ні вазьміся з’явіўся стары Воўк, уторкнуў сасновую іголачку ў зямлю — і за сябрамі ўстаў непраходны сасновы лес. Баба-Яга не змагла праз яго прабрацца і павярнула назад. Хлопчык-авечка закрычаў:
— Ура! Мы выратаваны!!!


Узяў Воўк посах, стукнуў ім адзін раз аб зямлю — і ў Хлопчыка-авечкі замест капытоў з’явіліся рукі і ногі, стукнуў другі раз — стала чалавечая галава, а як стукнуў трэці — поўнасцю ператварыўся ў чалавека.


Падзякаваў хлопчык усім жывёлам, якія яму дапамагалі, і са сваімі сябрамі, Пацуком і Катом, адправіўся дамоў. Жылі яны доўга і шчасліва.
З той пары хлопчык больш ніколі не крыўдзіў жывёл, заўсёды ім дапамагаў, калі тыя траплялі ў бяду. 

Ілюстрацыя І. ЛІСІЧОНКА.

Іван Лісічонак,
вучань 5 класа Дворнасельскай школы

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта