Авторизация
 

18 жніўня не стала паэта Міёрскай зямлі Браніслава Мараза. Успомнім пра яго

 Як рэліквію, як найлепшы запавет захоўваю ў хатнім архіве  пажоўклы лісточак — пісьмо ад Браніслава Мараза ў рэдакцыю “Міёрскіх навін”, дзе аўтар, міёрскі пясняр, шчыры паэт цёпла звяртаецца да роднай газеты:

“Добры дзень, шаноўная рэдакцыя! Сардэчна дзякую, што вы рэгулярна друкуеце мае допісы, вершы, апавяданні… Гэта прыносіць мне ра- дасць, стварае творчы ўздым, у нейкай ступені нават амалоджвае. Хай жа вам усім будзе добра, не пакідае бадзёры настрой!”

Калі надыходзіць жнівень, міжволі ўспамінаецца сумная вестка: 18 чысла пакінуў родную зямлю і адышоў у блакітную вечнасць пясняр старонкі міёрскай Браніслаў Мароз.


Тут жа ўзгадваюцца мае самыя любімыя радкі паэта:
Вазьму ў рукі кіёчак бярозавы
І за сонейкам следам пайду
Я ў той край, дзе вятры нецвярозыя
З ліп зацвіўшых зрываюць фату.


Далей у гэтым вершы апісваецца, як “Схінаецца жыта даспелае // Пад цяжарам калоссяў буйных”. Уласныя залатыя калоссі Браніслава Мараза наліты пранікнёным вершаваным словам, пад іх цяжарам зямляк схінуўся, пакорна змагаючыся з хваробай, адышоў у лепшы свет. Але гэтыя — поўныя шчодрай дабрыні і таленту, важкія каласкі ўзбагацілі паэтычную ніву безліччу адмысловых зярнятак, якія засталіся нам вечнай спадчынай.


Браніслаў Мароз вельмі любіў жыццё, сваіх дзяцей, унукаў, жонку Ядзвігу Францаўну… Вядома ж, як і ў любога чалавека — тым больш з чуллівай душой — у Браніслава Юльянавіча сустракаліся складанасці… Але ён ніколі не выглядаў панура, заўсёды ўсміхаўся. Помніцца пры сустрэчы яго залівісты смех, нібыта салаўіны пошчак… А з весялосцю, унутранай задаволенасцю і жывецца лягчэй, і даброты зямныя прыцягваюцца.


Зямляк ствараў шмат жартоўнага, бо меў выдатнае пачуццё гумару. Калі чытаеш яго "смяшынкі", то смешна да кожнай клетачкі цела. Ізноў з майго любімага:


Па хадзьбе стаць чэмпіёнкай
Можа наша паштальёнка.
Раз прынесла тэлеграму:
"Сустракайце, дзеткі, маму".
"Дзякуй", — кажуць у адказ, — 
Трэці дзень, як маці ў нас.


Браніслаў Мароз — чалавек незвычайна мудры. Па-першае, ад прыроды. Па-другое, з вышыні прыстойна пражытых гадоў. Ён умеў праз тонкі гумар, душэўную іронію, народную алегорыю пакпіць са шкоднікаў, гультаёў, што тыя самі з сябе шчыра смяяліся. Чаго толькі каштуюць яго павучальныя байкі! Дзясяткі, а мо і сотні іх друкаваліся ў роднай райгазеце. Давайце павучымся разам:


І адбылося гэта так:
Цукровы вырваны Бурак
Аднойчы з Цукрам
побач апынуўся
І да яго ён незнарок даткнуўся.
Аж пасінеў ад злосці Цукар
І закрычаў: “Гэй, валацуга,
Ты што, мяне запэцкаць хочаш?
Пратры бацвіннем свае вочы.
Ты ўвесь запырсканы зямлёй
І нейкім кіслым пахнеш потам,
Мне сорамна стаяць з табой.
Тваё, брат, месца там — пад плотам.
А я — бліскучы рафінад,
Навук салодкіх кандыдат.
Са мною мудрыя галовы
П’юць чай штодзённа
У сталовых”.
Ад крыўды зморшчыўся Бурак
І прашаптаў: “Эх, небарак,
Як хутка ты аб тым забыў,
Што бураком нядаўна быў”.


Сапраўды цудоўна і надта павучальна. Адразу здымаецца карона з галавы ў тых, хто дыяменты ў ёй падлічваць збіўся…
Помніцца, з мінулых публікацый пра Браніслава Мараза ў рэдакцыю прыходзіла шмат водгукаў пра адзін адметны жыццесцвярджальны куплет. Браніслаў Юльянавіч у лісце, адрасаваным у рэдакцыю, пісаў: “У канцы 50-х гадоў мой брат Антон служыў у Савецкай арміі ў ГДР, я ж — у Вялікім Ноўгарадзе. Аднойчы ён прыслаў мне паштоўку з такім куплетам:


Не говори, что мир печален.
Не говори, что трудно жить.
Умей средь жизненных развалин
Смеяться, строить и любить…


Вось гэтага ў прынцыпе і прытрымліваюся ўвесь час”.
Гэтае чатырохрадкоўе ўпадабалі многія чытачы раёнкі. Насамрэч яму ёсць працяг, які лёгка знайсці ў сусветным сеціве. Верагодна, для некага прыведзеныя словы паслужаць своеасаблівым дэвізам. Істотна, што Браніслаў Мароз цвёрда запрыкмеціў іх і працытаваў праз дзясяткі гадоў. Такое можа зрабіць толькі глыбока ўдумны чалавек, які выбраў шлях — дзякаваць, а не скардзіцца.


І сапраўды пясняр толькі дзякаваў — сям’і, Богу, людзям. Служыў верай і праўдай народу. А гэта дарагога каштуе. Браніслаў Мароз аддана верыў у Бога, і песня на яго словы “Святы Язафат” увайшла ў парафіяльны песеннік і дагэтуль спяваецца ў мясцовым касцёле.

Святы Язафат, апякун Беларусі,
Ты нас азараеш любоўю сваёй.
У бурах жыццёвых нідзе не сагнуўся
Я пад надзейнай аховай тваёй.
Як ты, буду верны магутнаму Богу,
Касцёлу, Айчыне і роднай зямлі.
Ты праўды, святла паказаў нам дарогу,
У еднасці, веры каб жыць мы маглі.
Сваёю крывёй ты Прыдзвіння абшары
Абмыў, каб разлады мінулі і зло,
Каб больш не плылі над святынямі хмары,
А зоркай каляднай там ззяла святло.
Святы Язафат, апякун Беларусі,
Для веры Хрыстовай настаў светлы час.
З удзячнасцю Богу я шчыра малюся,
І ты памаліся за грэшных за нас.
Нялёгкай бывае дарога да неба,
Нямала сустрэнеш на ёй перашкод,
Таму дапамога твая так нам трэба
Ды абарона ад цяжкіх нягод.


Біяграфія песняра вядомая бадай што ўсім міярчанам, дасведчаным у мясцовай творчасці. Браніслаў Мароз мае больш чым 40-гадовы стаж у кінавідэасетцы раёна. Працаваў кінамеханікам, мастаком, кінаінжынерам. Гэта адказна і ганарова. Але быць інжынерам людскіх душ — куды пачэсней. У земляка гэта, мяркуючы па любові і павазе да яго твораў, выдатна атрымалася. Застаецца паважаць і памнажаць спадчыну. І маліцца за таленавітую душу міёрскага песняра ў трэцюю гадавіну з яго смерці.

Фота з архіва рэдакцыі.
Алена Басікірская.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 88 763
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 61 534
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 29 270
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 28 101
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 27 742
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 24 406
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 16 719
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 сентября 2018
Александр, Илья, Корнилий, Леонтий, Лукьян, Николай, Петр, Степан, Юлиан

Именины 25 сентября 2018
Алексей, Даниил, Иван, Николай, Федор, Юлиан, Афанасий, Семен

Госці краін
free counters
Партнеры сайта