Авторизация
 

Чужы сабака. Апавяданне

 Сабака ляжаў, скруціўшыся, на абочыне гуллівай аўтастрады недалёка ад аўтобуснага прыпынку. Брудна-белая поўсць яго з чорнымі плямінамі скалмацілася. Галава нерухома ляжала на пярэдніх лапах. Вочы былі заплюшчаныя.  

Яны не глядзелі нават тады, калі па дарозе на вялікай хуткасці праносілася чарговая машына. Гэта быў стары кокер спаніэль. Сабака паміраў.


Напэўна, чулыя гаспадары-гараджане не маглі бачыць, як на іх вачах гіне колішні любімец усёй сям’і, дзяцей таксама хацелася пазбавіць ад непрыемнага відовішча. Яны і прывезлі яго сюды, паклалі на траву, паўздыхалі цяжка ды паехалі назад у свой горад.


Сабачае цела калі-нікалі пачынала буйна калаціцца, памалу заміраючы зноў. Ніводнага чалавека ці звера не было вакол. Толькі некалькі здзіўленых пар вачэй праплылі міма, утаропіўшыся ў нерухомую постаць з бліскучых вакон сваіх аўто.


Андрэйка вяртаўся з цялятніка. Ён ужо мінуў самую гразкую бездараж. Месцамі ўдавалася абысці дарожную слату па полі, але ўсё роўна, як ні стараўся, набраў у дзіравыя гумовыя боты вады, ступіўшы недзе ў непрыкметную сярод травы лужыну. Нарэшце хлопчык выбраўся на бальшак і пайшоў па амаль што сухой і чыстай абочыне. Да вёскі яшчэ з паўкіламетра. Усё б нічога, але з шэрага неба пачынаў пырскаць кастрычніцкі дожджык, дробны, ды марудны, калючы. Старэнькая пацёртая куртачка не вельмі грэла. Хлопчык уцягнуў галаву ў плечы, якія падрыгвалі, прыбавіў хады. Вельмі хацелася хутчэй аказацца дома.


А мамка зноў захварэла. Таму і папрасіла яго сёння пайсці замест яе ў цялятнік дапамагчы цётцы Марылі. Тая, убачыўшы раніцай Андрэйку, толькі цяжка ўздыхнула, строга паківаўшы галавой, і ні пра што не спытала. Усё зразумела. Не першы раз. Учора субота была, не іначай з Нюркай удваіх пасля лазні справілі чарговую гулянку.


Андрэйка прыбраў у стойлах, згроб гной, падсцяліў цялятам саломы. Затрымаўся ў катушку цялушачкі з белай плямкай-зорачкай на ўвесь лоб. Менавіта ён, Андрэйка, назваў цяля Белазорачкай, калі толькі яно нарадзілася. З таго часу ўсё не мог нацешыцца хлопчык са сваёй Белазорачкі.


УсЁ ў калгасным цялятніку ён умеў, ды навука не патрабавала вялікага розуму, толькі жадання працаваць. Дзед Мікола тут таксама завіхаўся. Калі што якое, дык і падкажа, як зручней зрабіць. І заўсёды да Андрэйкі ён з пяшчотай: то па галоўцы пагладзіць, шкадуючы, а то іншы раз цукерку ці яблык смачны ў кішэню суне: “Вось табе, хлапчанё, гасцінчык!”


І мамку Андрэйкаву дзед Мікола таксама шкадаваў, называў гаротніцай.
— Бач ты, якая доля! Любі, шкадуй, сынок, сваю мамку. Яна ў цябе добрая, — з ласкавай тугой гаварыў стары і ўжо з другімі словамі звяртаўся да хлопчыка, стараючыся падбадзёрыць: “Ды і сам трымайся. Ты ж мужык! Жыццё — яно, брат, штука такая: якім бокам ты да яго павернешся, такім і яно да цябе. Станеш кіснуць ды енчыць, так і складзецца ў жыцці — кісла і нікчэмна. А калі ж і сябе паважаць, і людзей цаніць, і жыццё любіць — дык усё, глядзіш, і наладзіцца. Не здавайся ніколі. Жыццё ўпартых любіць!”


Андрэйка ў сваім не надта яшчэ доўгім жыцці не вельмі і раскісаў. І крыўды не насіў ніколі — ні на тую суседскую дзяўчынку Лізку, што любіла дражніцца, абзываючы яго недарэкам, ні на хлопцаў-аднакласнікаў, якія падаліся раптам у круцякі: ім паесці не дай, дай з каго-небудзь пакпіць ці паздзеквацца, вось яны і выбралі яго, Андрэйку. То да курткі яго прычэпяцца, маўляў, старая ды латаная, то да канапатага носа. Усміхнецца Андрэйка ды прамаўчыць: на праўду чаго крыўдаваць?


А мамка ў Андрэйкі была сапраўды добрая, сардэчная. Толькі нешта адбылося з ёй пасля таго, як кінуў іх бацька — падаўся некуды ў горад, завёў там другую сям’ю. Ні адной слязіны не бачыў на яе шчацэ хлопчык, ніводнага стогну не чуў. Толькі апошнім часам зачасціла ў іх дом вясёлая цётка Нюрка, пасля прыходу якой мамка назаўтра станавілася хворай. Як хацелася Андрэйку, каб мамка яго была здаровая і па-ранейшаму радасная! Як толькі мог, наколькі хапала яго дзіцячай фантазіі, імкнуўся ён парадаваць мамку, дагадзіць ёй.


Па шашы ззаду неслася машына. Кола трапіла ў выбоіну на асфальце, у бок хлопчыка паляцелі пырскі бруднай вады, Андрэйка ледзь паспеў адскочыць. Аўто праімчала далей, але каля павароту на вёску прыпынілася, засігналіла жоўтым вокам. “Дык гэта ж сусед!” — здагадаўся Андрэйка. Нічога ён не ведаў пра гэтага свайго суседа-навасёла. З’явіўся ён тут год таму, купіўшы хату бабкі Насты, якую прадаў сын, забраўшы старую ў горад без асаблівай на тое яе згоды. А новы жыхар неўзабаве знёс хату і ўзяўся будаваць харомы ў два паверхі ды з вежаю, абнёсшы будоўлю высачэннай агароджай. За тым шчыльным плотам не відалася, што робіцца на двары, чуўся толькі жорсткі брэх аўчаркі, якая лётала па ўсёй тэрыторыі, вартуючы гаспадарскія ўладанні і адганяючы на другі бок вуліцы нават тых, хто праходзіў міма.


Андрэйка раптам спыніўся, умомант забыўшыся і пра няветлівага суседа, і пра яго ваўкадава. Дзіцячыя вочы наткнуліся на ляжачую нерухома ля дарогі калматую горку поўсці і аж пашырыліся ад нечаканасці.


— Гэта хто тут? — услых запытаўся хлопчык.
— Дык гэта ж… сабака, — наблізіўшыся да жывёлы, сам сабе адказаў Андрэйка.
Прысеў на кукішкі ля самай яго морды. Сабака цяжка дыхаў.
— Цюцік, цюцька! — ласкава паклікаў Андрэйка.


Сабака крыху зварухнуўся, ледзь-ледзь прыадкрыў вочы, але адразу ж заплюшчыў зноў.
— Падымайся, ну, што ж ты тут ляжыш? — гаварыў хлопчык.


Ён хацеў расштурхаць сабаку, падышоў да яго ззаду, абхапіў, спрабуючы паставіць. Сабака ледзь змог абаперціся на пярэднія лапы і адразу ж паваліўся на бок. Андрэйка паспрабаваў яшчэ раз, і зноў беспаспяхова. Ён выпраміўся, паглядзеў па баках. Нікога не было побач. Бязлітасны дождж быццам вырашыў паздзеквацца з абодвух — абступіў туманнай, халоднай сцяной, забарабаніў па плячах, засцілаючы вочы. Андрэйка зноў глянуў на сабаку, разважаючы, мабыць, пра яго і сваё становішча. Раптам ён падхапіў жывёлу пад грудзі, паднатужыўся, адарваў ад зямлі і прытуліў да сябе. Так і пайшоў па дарозе са сваёй ношай, мокрай, бруднай, але яшчэ з трапечучым сэрцам, яшчэ жывой. Ці была цяпер магчымасць звяртаць увагу на цяжкасць і слату?


Калі-нікалі хлопчык крыху затрымліваў хаду, каб падгрэбсці сабаку на грудзях сваіх вышэй, каб больш зручна было несці. Так і ішоў тыя свае трыста метраў, якія заставаліся да веснічкаў дома. Сабака быццам разумеў сітуацыю, ён даверліва, але нават моцна, туліў, выгібаючы ўверх, галаву да хлапечага пляча. І ў гэты іх сумесны шлях яны абодва сталі як адно. Між імі не было аніякай прасторы і не было пустэчы, якая ўзнікае часта там, дзе няма сардэчнага імкнення.


У свеце, дзе перш за ўсё дбаюць пра ўласны дабрабыт і абгараджаюць сябе ад болю, яны тварылі зараз сваю асабістую рэальнасць. Там, у гэтай рэальнасці, два маленькія сэрцы, нягледзячы на невыгоды і асабістую пакуту, падносілі адзін аднаму свае вялікія дары.


*Апавяданне было надрукавана ў часопісе “Маладосць”.

Фота для ілюстрацыі.

Ала МАЙСЯЁНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 297
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 76 906
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 396
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 209
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 37 940
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 155
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 128
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 апреля 2019
Аркадий, Георгий, Даниил, Петр, Акулина, Евдокия

Именины 19 апреля 2019
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта