Пяць настаўнікаў і трыццаць пяць вучняў з дзясяці школ паўдзельнічалі ў раённым конкурсе паэтычных твораў "Рыфма.by". Конкурс меў дзесяць намінацый. У кожнай свае пераможцы. Усяго даслалі пяцьдзясят твораў на рускай і беларускай мовах. Вызначаючы лепшых аўтараў, журы ўлічвала паўнату раскрыцця тэмы, валоданне літаратурнымі сродкамі, арыгінальнасць і творчы падыход.
Самыя актыўныя паэты — у Дзісенскай школе і Міёрскай СШ №2. З гэтых навучальных устаноў даслалі найбольш вершаў. Многія ўвайшлі ў тройку пераможцаў па намінацыях.
Лепшыя сямнаццаць работ накіравалі на абласны этап конкурсу. Дыпломам другой ступені адзначаны верш адзінаццацікласніка Арцёма Лонскага “Ступі крок” у намінацыі “Маладосць. Творчасць. Талент”. Дыплом трэцяй ступені прысудзілі васьмікласніцы Паліне Свердзел з Узмёнскай школы за верш “Радзіма” ў намінацыі “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” Такую ж узнагароду атрымаў адзінаццацікласнік Сіцькоўскай школы Арцём Балаш за верш “Пра біятлон” у намінацыі “О спорт, ты — свет!”.
Паліна СВЕРДЗЕЛ
Радзіма
Праз лугі,
Палі,
Дубровы,
Праз вясновы
Гул і гоман
Мчыць Дзвіна —
Зямлі сястрыца.
Вунь зірні —
На беражок
Выбег
Малады
Дубок.
Мудрымі
Глядзіць вачыма
Вартавы
Маёй Айчыны.
Колькі
У лугах дубоў,
Столькі добрых
Мар і сноў.
Мчыць Дзвіна —
Зямлі сястрыца,
Як жа ёй
Не ганарыцца?
Арцём ЛОНСКІ
Ступі крок
Вочы ў радасці,
Вочы ў слабасці,
Вочы ў роспачы
І ў адчаі.
Толькі крок ступі —
Умомант зменяцца,
Заплывуць слязьмі,
Разняверацца.
Крок ступі далей —
Зноўку зменяцца,
Стануць маладзей,
Аж засвецяцца.
Дык рабі ж ты крок!
Атрымаецца
Ў цябе ўсё,
Хай не верыцца.
Годзе лынды біць!
Лепш будуй масток,
Па якім пройдзеш ты
Свой наступны крок.
Арцём БАЛАШ
Пра біятлон
У біятлоне Домрачава Даша —
Надзея і павага наша.
Мы помнім медалі яе,
Заваяваныя ў цяжкай барацьбе.
Гады так хутка праляцелі,
Што мы заўважыць не паспелі,
Як дзверы расчыніў Пхёнчхан,
Дзе тыграня — галоўны талісман.
У Дашы стартаў было многа.
У кожным мроілась нам перамога.
Хацелася пабачыць яе на п’едэстале,
І каб саперніцы ў гонцы не дагналі.
Пхёнчхан сустрэў недружалюбна:
То снег ішоў, то вецер дзьмуў натужна.
Траплялі кулі ў “малако”,
І вынік прадказаць не мог ніхто.
З мас-стартам Даша саўладала
І серабро ў ім заваявала.
Было не простым гэта серабро —
З адлівам залатым было яно.
Трыумфам стала эстафета.
Зайздросціла ўся планета
Дзяўчатам нашым з біятлона,
І чулася “Ура!” са стадыёна.
Старцёрам, як заўжды, была Скардзіна,
За ёй другой ішла Крыўко Ірына,
Не падвяла каманду і Дзінара —
Алімпіяда ёй дэбютам стала.
Этап чацвёрты — для адважных,
Тут кожны промах вельмі важны.
І пераможа толькі той,
Хто саўладае сам з сабой.
Была нялёгкай гонка тая,
Бо з нервамі не кожны саўладае.
Характар Даша паказала,
Надзеі нашы апраўдала.
Ёй пакарылісь тры алімпіяды:
Ванкувер, Сочы і Пхёнчхан.
Мы перамогам яе рады,
Чакаем новы п’едэстал!
Фота для ілюстрацыі.