Непадалёку ад маёй вёскі знаходзіцца вялікае балота. Гэтае балота можна з упэўненасцю назваць унікальным. Улетку тут збіраюць ягады буякі, якія па-мясцоваму яшчэ называюць "п'яніцы" або "дурніцы".
Гэта таму, што яны растуць ля багульніку, ад пыльцы якога чалавек узбуджаецца, нібы выпіўшы чарку гарэлкі. Вечарамі над вёскай лунае пах багульніку, чабору і іншых кветак і траў. А ў канцы жніўня і ў верасні балота ўпрыгожваецца бэзавым цветам верасу. Тады можна сказаць, што яно з'яўляецца сапраўдным "журавіным раем". Восенню сотні жыхароў навакольных вёсак, а таксама прыезджых з іншых мясцін адпраўляюцца па журавіны. Балота шчодрае, ветлівае. Нікога не абдзяляе. Ягад хапае для ўсіх.
Хто з беларусаў не ведае смак журавін? Хутчэй за ўсё, няма такога чалавека. Мне з ранняга дзяцінства помніцца смак кісяля з журавін, булачак, начыненых журавінамі з цукрам, кіслай капусты з журавінамі. Кампот з гэтых ягад узмацняе здароўе — зімой людзі не хварэюць. Улетку морс спаталяе смагу. Журавіны — гэта цэлы склад вітамінаў.
Наступае пара збору журавін. Мяне, яшчэ зусім маленькага хлапчука, мама заўсёды брала з сабой па ягады. Балота не толькі давала людзям журавіны, яно яшчэ ўмацоўвала здароўе. Вакол цішыня. Паветра чыстае, напоўненае водарам кветак, траў. З-пад моху прасочваецца вада. Людзі спецыяльна намочвалі ногі гэтай вадой, каб адчувалася лёгкасць. Але самым каштоўным усё ж былі журавіны. Прыйшоўшы на балота, ты бачыш россып чырвоных ягад. Нібы нейкі добры чараўнік шчодра раскідаў рубіны па курганах, па моху. Вакол цябе рассцілаецца абрус з яркімі ўзорамі. Адчуваецца нейкае яднанне прыроды і чалавека. Глядзіш на гэту прыгажосць і душа радуецца.
На смак журавіны кіславата-гаркаватыя. Колер у іх не аднолькавы. Адны цёмна-чырвоныя, другія ружовыя з зеленаватым адценнем знізу. Але, паляжаўшы некалькі дзён, яны ўсе пачырванеюць, і могуць захоўвацца вельмі доўга, аж да новага ўраджаю. Іх трымаюць у маразільніках або ў шкляным посудзе з вадой. Якасць пры тым не губляецца.
— Чаму журавіны называюцца так, а не інакш? — спытаў я тады ў мамы.
— Мне пра гэта апавядала мая бабуля, у якой я таксама пыталася пра назву. Адказ вельмі просты: ад назвы птушак — жураўлёў. Наша краіна — радзіма жураўлёў. Але яны не могуць тут зімаваць і абавязаны ляцець у цёплыя краіны. Жураўлі збіраюцца ў чароды і адлятаюць. Яны смуткуюць па сваёй радзіме і ў іх з вачэй капаюць слёзы. Падаючы на мох, гэтыя слёзы ператвараюцца ў ягады. Ранішняя раса поіць тыя ягады свежай вільгаццю, а зорка фарбуе ў чырвоны або ружовы колер. Карэньчыкі журавін глыбока пранікаюць у балота. З глыбінь нетраў ягады набіраюць вітаміны і становяцца вельмі карыснымі для чалавека, жывёл і птушак. У даўнія часы іх называлі "жураўліныя слёзы", потым "жураўліны", цяпер — "журавіны". Ты паглядзі ўважліва на ягады. Яны сваёй формай нагадваюць птушынае вока: па краях светлыя, бліжэй да цэнтра больш цёмныя, а ў самым цэнтры — кропачка, як зрэнка. На смак яны гарклявыя з кіслінкай — яшчэ адзін доказ, што гэта і сапраўды "жураўліныя слёзы". Слёзы растання жураўлёў з родным краем, а слёзы растання заўсёды горкія. Ты ж бачыў, як жураўлі клінам ляцяць на поўдзень, а зверху чуваць самотнае "кур-лыы, кур-лыы, кур-лыы". Прыслухайся больш уважліва. Можна пачуць у гэтых крыках такія словы: "Бы-вай, бы-вай, бы-вай".
Успомні, як мы з табой вясной хадзілі на балота і там збіралі журавіны. Яны тады былі салодкія. Гэта жураўлі перадалі ягадам, што яны вяртаюцца, і журавіны сталі салодкімі. Слёзы радасці сустрэчы заўсёды салодкія.
На балоце рубінамі ззяюць журавіны, "жураўліныя слёзы".
Фота для ілюстрацыі.
(Друкуецца ў скарачэнні з кнігі "Над тучами чистое небо", стар 115-117.).