Авторизация
 

Не зарасці пракладзенаму следу. Пятро СІНЯЎСКІ з Язна

 Пётр Іванавіч Сіняўскі (10.07.1946-8.02.2008) — пісьменнік, драматург, журналіст. Нарадзіўся ў Полацку ў сям'і партыйнага і гаспадарчага работніка, якога часта "перакідвалі" на новы ўчастак кіруючай дзейнасці. За ім пераязджала сям'я. Такім чынам Сіняўскія трапілі ў Клётаў Двор на Міёршчыне. Тут Пётр пайшоў у першы клас Лявонаўскай школы. 

Прадоўжыў вучобу ў Язненскай СШ, бо бацьку абралі старшынёй калгаса "Язна". Пасля восьмага класа накіраваўся "ў вялікі свет" у пошуках самога сябе. Вучыўся ў Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, аднак яго не закончыў. Апынуўся ў Рыжскім вучылішчы сродкаў грамадзянскай авіяцыі і лічыў, што гэты выбар па ім. Толькі і тут не атрымалася: абавязковым скачкам з парашутам перашкодзілі негатыўныя наступствы даўняй дзіцячай хваробы.


Творчыя здольнасці ў Пятра праявіліся яшчэ ў школе, у Рызе яны атрымалі пэўную агранку на літаратурных курсах, якія вёў Мікалай Задорнаў, бацька будучага вядомага артыста Міхаіла Задорнава. У 1966-м нават удзельнічаў у з'ездзе маладых пісьменнікаў Латвіі.
Да гэтага часу Пётр Сіняўскі ажаніўся на сваёй аднакласніцы Саламеі, якая стала медыцынскай сястрой. Маладая сям'я ў 1969 годзе перабралася ў Дзісну, дзе Пётр з поспехам працаваў метадыстам ГДК па драме. Трэба меркаваць, у наступным гэта падштурхнула яго да напісання п'ес. Быў культработнікам у Празароках, загадваў клубам у Зябках.


Нейкі час жыў у Міёрах, тут закончыў школу рабочай моладзі, працаваў будаўніком, слесарам. Як стаў меліяратарам Браслаўскай ПМК-145, пачаў супрацоўнічаць з мясцовай раённай газетай. У 1979-м па запрашэнні рэдактара Артура Карэнькі стаў творчым работнікам "Браслаўскай звязды" і паступіў завочна на факультэт журналістыкі БДУ. Пасля яго заканчэння ў 1985-м перабраўся ў Віцебск, працаваў у газетах "Віцебскі рабочы", "Народнае слова", "Жыццё Прыдзвіння", уступіў у члены Саюзаў журналістаў БССР і СССР.


І былі казкі. Іх друкавалі газеты і рэспубліканскія літаратурныя часопісы, калектыўныя зборнікі "Дзвіна", "Цвіце верас Бацькаўшчыны" і іншыя, яны гучалі па рэспубліканскім радыё. Пісаў сцэнарыі "Калыханкі". Па яго казцы "Зачараваны круг" зняты мультфільм у студыі "Беларусьфільм", а спектакль "Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка" па казцы "Зачараваная гаспадарка" многія гады ішоў на сцэне Віцебскага абласнога тэатра "Лялька". Пасля сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам прысвяціў яму сваю "Фількаву грамату".


Невылечная хвароба забрала Пятра Сіняўскага ў росквіце творчых сіл. Адзіная кніга яго казак "Зачараваная гаспадарка" выйшла намаганнямі жонкі і сына толькі ў 2013-м (Мінск, выдавецтва "Мастацкая літаратура") з блаславення рэдактара, а таксама нашай зямлячкі Алены Масла, з яе "слоўкам" пра аўтара. Твор пад такой назвай атрымаў другое жыццё ў Язне, дзе па сцэнарыі дырэктара СДК Ларысы Бервячонак (музыка Вольгі Александроўскай, харэаграфія Ларысы Карпавай) з поспехам прайшоў спектакль, які пазней прынёс перамогу язненскім артыстам у раённым аглядзе. Пастаноўка аднаўляецца ў нашы дні.


Леанід МАТЭЛЕНАК.

Самабраны абрус

Пятро СІНЯЎСКІ
Друкуецца па кнізе "Зачараваная гаспадарка", стар. 54-57.

ыў-быў Мікіта: карыта разбіта, нячэсана воўна і ў двары работы поўна—каса не кляпана, канёк не каваны, мука не пытлявана, вяроўка парвана, ніўка не ўзарана…


Выйшаў Мікіта з хаты, глянуў наўкол — работы не адбавілася. Махнуў рукою: "Зраблю зімою". І толькі да дзвярэй павярнуўся, каб парог пераступіць ды лезці на печ даглядаць сон пра грашовы звон, аж бачыць: тры сарокі селі на ліпіну ў двары. Яны па свеце наляталіся, ад мудрых слоў вяршкоў нахваталіся.


Вось адна сарока і кажа:
— Бедны Мікіта. І тры гады не пройдзе, як не стане ў яго ні хлеба, ні шарсцінкі, ні птушкі, ні скацінкі. А не марозіў бы на печы маладзецкія плечы, каб ведаў, што за трыдзевяць зямель у караля Саса кірмаш будзе. На ім шчасце можна ўхапіць такое…
Другая сарока кажа:
— У яго і конік трывалы. Невялічкі, здаецца, марудны, але ўдалы — перавёз бы Мікіту праз агонь, ваду і медную гару.
Трэцяя кажа:
— Толькі даедзе Мікіта да караля Саса, калі ехаць будзе хутка, але не спяшацца.
Мікіта падумаў: "А чаму б мне, малайцу, і не паехаць на той кірмаш!"


Пабег ён канька запрагаць. Аж бачыць — ідзе капна сена, пад ёй — дзядзька Сева. Тут жа з мяхом надышоў і Пахом. Кажуць яны Мікіту:
— Узяў бы ты, Мікіта, збіў карыта, касу пакляпаў, вяроўку звязаў, коніка падкаваў, муку спытляваў, ніўку ўзараў, воўну счасаў — глядзіш, чалавекам бы і дома стаў!


 — Не, — адказвае Мікіта, — дома, вядома, салома ядома. А вось у Саса каралеўскія піва, хлеб і мяса.
Сказаў так Мікіта, лейцы тузануў, канька пугай сцебануў і паехаў па абрус-самабор.


Ехаў Мікіта, ехаў і раптам у цёмным лесе нібы на сонца ўз'ехаў. Разгубіўся. Лейцы тузае, каню пашчэнкі цуглямі рве, а ўсё без толку. Куды не паткнецца, як не павернецца—кругом агонь гарыць, ламачча трашчыць, полымя аж да неба шугае, каго б спаліць шукае.
Выпусціў тут Мікіта лейцы з рук, пугу кінуў. Сам у вазку прытаіўся і не дыхае.


А канёк (і адкуль спрыт браўся!) як адчуў волю, хоць і ў хамуце — цераз пень-калоду, праз полымя — у ваду… Дзе агонь аб'едзе, дзе аб-скача… Вось табе і кляча! Вывез Мікіту туды, дзе жыць можна.


Выпраміўся тут Мікіта, лейцы ў рукі і гогалем сядзіць у вазку. Пугай махае, канька паганяе-пакрыквае:
—Но, воўчае мяса, стралой імчы ў каралеўства Саса!


Ідзе канёк, а за ім вазок, калі збоку глянуць — спорна коціцца. Раптам бачыць Мікіта: навокал вада знізу зялёная, зверху рудая—якраз такая, як у тым балоце, што чалавеку заўсёды радуецца.
Спужаўся Мікіта і лейцы з рук выпусціў.


Канёк жа яго, хоць і ў хамуце, ды волю адчуўшы, дзе ўплаў, дзе брод натрапіць, праз хмыз на купу, з цяжкасцю, але вазок коціць і коціць. Так і вырваў яго з балота. У вазку — Мікіта. І ў руцэ яго ўсё тая пуга, што дротам перавіта. Распраміўся ён — дзяцюк мажны, сядзіць важна і канька паганяе:


— Го-о-о, ледзь паўзеш, спіш ці чалавека вязеш?! Калі не знайду самабранку — скручу ў абаранку!
Раптам бачыць: перад ім гара медная. Гладкая, нібы люстэрка, і крутая.


У канька хамут з шыяй зросся. Хоць і не каваны, а цягне ўгару вазок. Мікіта сцішыўся, прытаіўся, рукамі ў дошкі ўчапіўся, аж пазногці ў пальцы ўехалі. І думаць баіцца: "Ведаў бы конь аб сваёй сіле — разок крутануўся, і быць мне ў магіле".
А канёк вывез Мікіту ў роўнае поле. Удалечыні горад караля Саса паказаўся. Па дарозе ж з усяго свету туды малайцы на хутканогіх конях імчаць, Мікіту абганяюць, пылам вочы яму засцілаюць.


А тут адкуль ні вазьміся тры сарокі ляцяць побач з вазком і сакочуць:
— Каб Мікіта паспяшаўся, на кірмашы яму б добры куш дастаўся.
— А-а, з такой клячай быць яму ўвесь век з нястачай.
— Каб падагнаць сумеў — якраз бы паспеў!
Сказалі так сарокі і паляцелі далей з толку збіваць лю-дзей.
Усхапіўся тут Мікіта, сячэ канька пугай так, аж рубцы крывавыя на спіне яго ўздуліся.
Трывае канёк, цягне вазок.


Тады Мікіта на зямлю саскочыў, важкі кол ухапіў…
Першы раз ударыў — здрыгануўся канёк.
Другі раз ударыў — аж прысеў канёк.
Трэці раз ударыў — на дыбы ўзняўся канёк. Віхрам крутануўся, парваў гужы, супоню, азадкам вазок у трэскі разнёс. Сам жа ў лес да ваўкоў збег.


І як толькі Мікіта жыў застаўся?!
Сабраў ён усё, што ад вазка засталося, хамут парваны сабе на шыю надзеў і павярнуў да сваёй вёскі. Назад, хоць і горка, але ісці лёгка. І дзе толькі агонь, вада ды медная гара падзеліся — як скрозь зямлю праваліліся!
Калі ж Мікіта да дома падыходзіў, Пахом штосьці кляпаў абухом, дзядзька Сева ячмень сеяў. І здзівіўся толькі дзед Мітроша — што гэта ў Мікіты за незвычайная ноша?!


Ну, а тут сарокі прыляцелі, на ліпіну селі. Вось адна сарока і кажа:
— Дзіўны чалавек Мікіта. Сядзеў бы дома — дома, усім вядома, салома ядома.


— Вось-вось. А так прыцягнуўся з-пад каралеўства Саса, не бачыўшы год ні хлеба, ні мяса, — сказала другая.
Трыццаць тры гады Мікіта пражыў, а розуму не нажыў. Быццам не ведае, што не бывае на свеце, каб віламі не махаць, на пуп не падымаць, а толькі есці каравай, спаць, гуляць, пальцам ківаць ды на дзевак паглядаць.


Пужнуў Мікіта сарок каменем, сам жа ў двор пайшоў, збіў карыта, касу пакляпаў, вяроўку звязаў, муку спытляваў, воўну счасаў… "Бач ты, Мікіта і дома чалавекам стаў!"— везучы сена, здзівіўся дзядзька Сева. Пахваліў яго і дзед Мітроша: "Мікіта цяперака ў нас харошы!" Пажадаў Мікіту Пахом: "У хату шчасце нясі мяхом". А як там праходзіў Якаў — той ад радасці ледзь не плакаў. І ўсе яны ведалі, што прыйдзе Мікіта ўвечары дамоў, засцеле на стол абрус, паставіць на яго соль, хлеб, а там і яшчэ штосьці зной-дзецца. Потым сядзе за яго Мікіта і падумае: "А што, чым мой абрус не самабор?!"

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 90 584
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 64 471
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 31 369
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 30 177
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 29 568
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 26 289
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 18 586
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 октября 2018
Денис, Иван, Павел, Петр

Именины 15 октября 2018
Андрей, Борис, Василий, Георгий, Давид, Иван, Константин, Михаил, Петр, Степан, Федор, Анна

Госці краін
free counters
Партнеры сайта