Не зарасти проложенному следу. Нина Янсоне

 Ніна Сцяпанаўна Янсанэ, у дзявоцтве Панізнік, беларуская перакладчыца. Нарадзілася 21.11.1933 у Бабышках Браслаўскага павета (цяпер Міёрскі раён) у сялянскай сям'і, якая параднілася з латышамі яшчэ з дарэвалюцыйных петраградскіх часоў. Вучылася ў беларускай школе ў вёсцы Латышы. Пасля заканчэння Лявонпальскай сямігодкі паступіла  ў 1951  годзе ў тэхнікум малочна-мясной прамысловасці ў Рызе (у гэтым горадзе жылі родзічы). Да выхаду на пенсію працавала на адным з рыжскіх заводаў. Замужам за латышом. З 1998—грамадзянка Латвійскай Рэспублікі, жыве ў Юрмале.

За паўстагоддзя жыцця ў Латвіі Н. Янсанэ ўвабрала ў сябе дух латышскай культуры, дасканала авалодала глыбіннымі пластамі мовы, што дазволіла ёй падступіцца да складаных тэкстаў у час падрыхтоўкі ў Мінску выбраных твораў Яна Райніса для серыі "Скарбы сусветнай літаратуры" (1993). Перакладала латышскія народныя казкі, прозу Соўлцэрытэ Віесэ і Аі Лацэ, успаміны Яніса Ніедрэ, навуковае даследаванне Петэрыса Зэйдэ аб латышска-беларускіх узаемадачыненнях, нарыс Матыльды Езавітавай "Кароткі агляд старажытнай беларускай культуры і літаратуры", брашуру 1938 года Вілбертса Краснайса "Беларусы як адгалінаванне народа латышскага", якая ўяўляе цікаваць і цяпер.
Н. Янсанэ была дарадчыцай Мірдзы Абала пры падрыхтоўцы латышска-беларускага і беларуска-латышскага слоўнікаў.


Сяргей ПАНІЗЬНІК.

 БАЦЬКАВА МУДРАСЦЬ

Латышская народная казка ў перакладзе Ніны Янсанэ.

Даўным-даўно жыў надта злосны і прагны кароль. Здзекаваўся ён з беднага люду як толькі хацеў.
Аднаго разу кароль выдаў загад, каб сыны сваіх старэнькіх нямоглых бацькоў звозілі ў лес ды там і пакідалі на пагібель. Бо навошта, казаў ён, карміць таго, хто ўжо не ў сіле працаваць.


Было гэта суровай зімовай парой, калі адзін чалавек, спаўняючы загад караля, сабраў свайго бацьку ў лес завезці. Пасадзіў старога на санкі, прывязаў і пацягнуў у пушчу. З ім хлопчык пацёгся, дзедаў унук.


Зацягнуў чалавек бацьку на санках далёка ў лес і хацеў было ўжо вяртацца дадому. Аж тут хлопчык, дзедаў унук ды бацькаў сын, просіць не пакідаць санкі ў лесе. Яго бацька надта здзівіўся гэтаму: навошта валачы дадому гэтыя саначкі? Хлопчык быў разумны, і ён адказаў: "Бацька, калі ты састарэеш, то на чым жа я цябе завязу ў лес?"


Задумаўся чалавек, бо яго самога чакае галодная і халодная смерць, калі і яго сыну давядзецца выконваць загад караля. Сорамна стала яму, што збаяўся каралеўскай кары і хацеў было пакінуць свайго бацьку на пагібель. Падумаў ён, разважыў усё як след — і павалок саначкі са сваім старым бацькам дадому.


Схаваў чалавек бацьку ў пограб і сказаў яму, што будзе тайком прыходзіць да яго і прыносіць есці. Кожнага дня сын прыносіў старому ежу, і ніхто аб гэтым ва ўсёй акрузе не ведаў.


Ды хутка так сталася, што ва ўсім каралеўстве голад пачаўся. У людзей не было жыта, каб пасеяць, не тое што змалоць на хлеб. Пагэтаму і сын прыносіў бацьку ў пограб з кожным разам усё меншы і меншы акрайчык хлеба. Стары трываў, цярпеў голад, а потым і запытаў у сына, чаму гэта ён бацьку стаў крыўдзіць, хлеба мала прыносіць? Тады сын і прызнаўся свайму старому бацьку, што людзі пакутуюць: не маюць жыта, каб засеяцца, не тое што хлеб спячы. Бацька падумаў і так сказаў сыну: "Скінь страху з нашай старой пуні, салому перамалаці, збяры насенне і пасей. Тады ў цябе будзе хлеб".


Сын выбраўся з пограба і думае сам сабе: што рабіць — скідаць страху ці не? Хто ведае, ці будзе ў старой саломе зерне. Але голад — не цётка. Узяўся чалавек, скінуў саламяную страху з пуні, салому добра перамалаціў і, на сваё здзіўленне, сабраў аж дзве сявенькі жыта. Адразу ж і пасеяў яго. На другое лета, калі ва ўсім каралеўстве пуставалі палеткі, у чалавека жыта налівалася на радасць усім людзям.
Вестка, што ў аднаго селяніна вырасла добрае жыта, абляцела ўсё каралеўства і прыйшла да самога караля. Той загадаў прывесці селяніна ў палац. Прывялі чалавека. Кароль адразу ж і запытаў у яго, дзе ўзяў насення, калі ва ўсім каралеўстве і зернейка не засталося, каб пасеяць. Чалавек, вядома, баяўся кары за парушэнне каралеўскага загаду: не пакінуў жа ён свайго бацьку ў лесе, пашкадаваў. Але адчуў, што калі не прызнаецца ва ўсім, дык з палаца яму не выбрацца. І расказаў каралю, як было і хто яму параіў абмалаціць салому са страхі.
Задумаўся кароль і адпусціў нарэшце селяніна. І з тае пары ўжо не загадваў лю-дзям звозіць старых бацькоў у лес — няхай жывуць пры дзецях, разумныя парады сынам даюць. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.