Авторизация
 

Наш таленавіты зямляк Браніслаў Мароз

 Наш таленавіты зямляк паэт Браніслаў Мароз чытачам "раёнкі" запомніўся не толькі лірыкай. Пісаў ён байкі і тонкі дасціпны гумар, які сапраўды можна назваць народным. Сярод твораў няма "прахадных". Кожны верш — нібы асобная песня, глыток паветра, малітва-споведзь. 

Паэтычныя гумарэскі не пакінуць без усмешкі ніводнага, нават самага сур'ёзнага, чытача. 18 жніўня 2015 года Міёршчына страціла вялікага Паэта, які б пры іншых умовах, застаўшыся ў сталіцы, мог заявіць пра сябе ўсяму народу і стаць сапраўдным агульным любімцам, літаратурнай зоркай прыкметнай велічыні. Але ён выбраў больш высакародны шлях мясцовага паэта, апяваў прыроду, апякаў жыгучкай-сатырай заганы, вучыў моладзь, раскрываў таямніцы слова — як толькі мог, усёй душой служыў міёрскаму краю. Сама за сябе гаворыць назва яго першай і адзінай пры жыцці кнігі, выдадзенай па сямейнай ініцыятыве, — "Добры дзень, мае родныя людзі!"

На вокладцы чытаем:


Паэт я, як кажуць, мясцовы.
Навокал нямала такіх.
Як пчолка нектар, так я словы
Збіраю для вершаў сваіх.
Знаходжу ў сасновым іх лесе
Пры ззянні барвовых зарніц.
А часам нашэптвае вецер
Мне іх ля бурлівых крыніц.
Паблізу лячэбныя травы
У кошык бабулька кладзе…
Хачу, каб не дзеля забавы
Прыходзіў мой верш да людзей.
Прысеўшы ў садочку кляновым,
Пад спеў салаўіны пішу.
Хачу паэтычным я словам
Людскую ўзрушыць душу.
Але я з пявучаю лірай
У дом не пайду к лайдаку.
Яго я жыгучкай-сатырай
У байцы сваёй апяку.


Пасля дзесяцігодкі Браніслаў Мароз на выдатна скончыў мінскую школу кінамеханікаў і 52 гады адпрацаваў у раённай кінасетцы горада на розных пасадах: старшым кінамеханікам, кінаінжынерам, мастаком па рэкламе… Актыўна публікаваўся ў раённай газеце "Сцяг працы". Не заканчваў філалагічных устаноў, але выдатна валодаў беларускай мовай, адчуваў яе тонкасці і пявучасць.

Выступаў на творчых вечарынах у мясцовых школах і бібліятэках, шчыра верыў у Бога, у кнізе нават ёсць цыкл рэлігійных вершаў. Асобная навука — гэта байкі. Мараль іх самая надзённая — жыць верай і праўдай, працаваць, любіць людзей і не рабіць нікому кепскага.


Давайце павучымся разам з аўтарам:


І адбылося гэта так:
Цукровы вырваны Бурак
Аднойчы з Цукрам
побач апынуўся
І да яго ён незнарок даткнуўся.
Аж пасінеў ад злосці Цукар
І закрычаў: "Гэй, валацуга,
Ты што, мяне запэцкаць хочаш?
Пратры бацвіннем свае вочы.
Ты ўвесь запырсканы зямлёй
І нейкім кіслым пахнеш потам,
Мне сорамна стаяць з табой.
Тваё, брат,
месца там—пад плотам.
А я—бліскучы рафінад,
Навук салодкіх кандыдат.
Са мною мудрыя галовы
П'юць чай штодзённа
У сталовых".
Ад крыўды зморшчыўся Бурак
І прашаптаў: "Эх, небарак,
Як хутка ты аб тым забыў,
Што бураком нядаўна быў".


***
Калі чытаем гумар, звычайна як? "Смешна", — падумаем, а ўсмешка так і не з'явіцца. З творамі Браніслава Мараза іначай. Непрыхаваныя, дасціпныя жарты абуджаюць, нібыта зыркае святло цёмнай ноччу. І незалежна ад настрою чытач шчыра ўсміхнецца.


Па хадзьбе стаць чэмпіёнкай
Можа наша паштальёнка.
Раз прынесла тэлеграму:
"Сустракайце, дзеткі, маму".
"Дзякуй",—кажуць у адказ,—
Трэці дзень, як маці ў нас.
—Мусіць, дурань ты, Уладзік,
З адной жонкаю не зладзіў.
Я ж іх маю больш чым трыццаць
І не думаю жаніцца.


***
Адказаць на запытанне
Не змаглі ні Стась, ні Таня.
Ды руку падняў Лявон—
Папрасіўся выйсці вон.


***
«Зноў прыйшоў
ты ў клас мурзаты»,—
Лаяў Грышку наш важаты.
Кажа Грыша: «Там вяснушкі».
І закрыў рукамі вушкі.


***
Раней міярчане не раз чулі ў выкананні народнага ансамбля "Мерыца" песні пра Міёры на словы Браніслава Мараза, музыку да якіх напісаў Сяргей Аляксееў. Гэтыя песні часта гучалі з раённай сцэны. Цяпер змянілася пакаленне. Маладзейшыя пра гэтую спадчыну не ведаюць, старэйшыя забыліся перадаць. У новым складзе выходзіць на сцэну "Мерыца", яна не памятае, як залівіста гучалі, бадай праціналі да слёз, абуджалі гордасць за родную старонку не менш чым гімн краіны — "Міёрскія зоры".


Вяртаюся ці зблізку, ці здалёк,
Пагодным днём
ці ночанькаю зорнай —
Заўсёды стрэціць родны гарадок
Мяне пявучай хваляю азёрнай.
Бярозы-сёстры
выйдуць да шашы,
Аблашчаць твар
духмяным мяккім веццем.
І ўсё сплывае нуднае з душы,
Раблюся зноў
шчаслівейшы я ў свеце.
Праходжу, горад,
праз твае масты,
Дзе на парэнчах
сонца піша ўзоры.
О як цудоўна, што на свеце ты
Ёсць—невялічкі гарадок Міёры.
З табою разам я сталеў і рос,
Таполі ў парку я садзіў і клёны.
З табой навекі я звязаў свой лёс,
Бо я з маленства
ў цябе ўлюбёны.


***
У сумеснай творчасці Сяргея Аляксеева і Браніслава Мараза ёсць і іншыя песні — "Вітальная Міёр", "Горад юнацтва — Міёры" , "Вызваліцелям Міёр", "Цячэ рэчка"… Толькі дзе яны гучаць? Не цаніць сваю літаратурную спадчыну—значыць, не паважаць свой народ. Жыць у райцэнтры і толькі на паперы мець яго музычную візітоўку, а то і не мець наогул — ці правільна? Як і немагчыма пагадзіцца з тым, што ў мясцовага паэтычнага любімца, вядомага ўсяму раёну, выйшла толькі адна кніга паэзіі, счэпленая скрэпкай, па ўласнай і сямейнай ініцыятыве. Гэта пра што сцвярджае? Што ў нас няма цікавасці і павагі да літаратурнай спадчыны. Між тым, кніга — гэта візітоўка рэгіёну, і не толькі тая, што дэманструе пейзажы і архітэктуру. Але і тая, якая апявае гэтыя краявіды не шаблоннымі канцылярызмамі, а мастацкімі метафарамі, паказвае мясцовых талентаў, прызнаных землякамі.

***
Маёй ты радасці выток,
Люблю цябе я ад калыскі.
Міёры — родны гарадок,
Ты мне як сябар самы блізкі.
У школе тут выпускніком
Я быў калісь амаль што першым.
Ля рэчкі Мерыцы цішком
Складаў сваёй каханай вершы.
Праводзіў ты мяне ў шлях,
Калі выходзіў з дому ў людзі.
Сустрэчны ветрык на палях
Мне цёплай хваляй песціў грудзі.
Тады я сэрцам зразумеў,
Дзе пачынаецца Радзіма,
Што я прырос да гэтых дрэў,
Да яркіх зор і снежных зімаў.


Так пісаў наш слаўны Браніслаў Мароз. Ці скажа пра Міёры хто-небудзь лепш? А з большай шчырасцю прызнацца ў пачуццях роднаму гораду немагчыма.


Алена БАСІКІРСКАЯ.

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 728
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 35 311
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 706
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 11 827
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 11 025
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 10 763
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 906
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 октября 2017
Александр, Богдан, Денис, Иван, Кузьма, Макар, Максимилиан, Мартин, Николай, Тарас, Федот, Доминика

Именины 24 октября 2017
Александр, Анатолий, Антон, Иларион, Иосиф, Исаакий, Лев, Макар, Моисей, Зинаида, Филипп

Госці краін
free counters
Партнеры сайта