Авторизация
 

Не зарасці пракладзенаму следу: Браніслаў Мароз

 Браніслаў Юльянавіч Мароз нарадзіўся 4 мая 1938 года ў вёсачцы Міёркі-2, якая пазней стала называцца Дубашынскі Двор. Пасля дзесяцігодкі на выдатна закончыў мінскую школу кінамеханікаў і затым з 1960 да 2002 года працаваў у раённай кінасетцы старшым кінамеханікам гарадской кінаўстаноўкі, кінаінжынерам, мастаком па рэкламе. 

Супрацоўніцтва з раённай газетай пачаў невялікімі штотыднёвымі рэкламнымі заметкамі пра кінафільмы. Потым да іх далучыліся вершы, першым апавяданнем стала "Дзень добры, сынок". Дакладнае слова, лёгкі гумар, замілаванне роднай зямлёй, яе прыродай і людзьмі заўсёды вызначалі яго творы, таму іх прыязна сустрэлі чытачы і аўтарскі актыў міёрскай "Сцяг працы", Браніслаў Мароз быў прыняты членам літаратурнага аб'яднання "Ручаёк". Пісаў успаміны, замалёўкі, гумарэскі. Друкаваўся ў "Браслаўскай звяздзе", плённа супрацоўнічаў з "Вожыкам", газетамі "Літаратура і мастацтва", "Звязда", "Чырвоная змена", "Знамя юности", "Сельская газета", "Віцебскі рабочы" і іншымі. Яго байкі друкаваліся ў калектыўных зборніках. На тэксты паэта напісана шмат песень, адна з іх стала гімнам Міёр, а "Святы Юзафат" увайшла ў парафіяльны песеннік і выконваецца кожную пятніцу ў мясцовым касцёле. Адзіную ўласную кнігу лірыкі, баек, гумарэсак, прыпевак "Добры дзень, мае родныя людзі" выдаў невялікім накладам у Мінску ў 2010 годзе.


Браніслаў Мароз быў частым госцем у рэдакцыі, бібліятэках і школах Міёр і раёна, Шаркаўшчыны, Браслава, Дзісны.
Памёр 18 жніўня 2015 года.

Пра сябе
Паэт я, як кажуць, мясцовы.
Навокал нямала такіх.
Як пчолка нектар, так я словы
Збіраю для вершаў сваіх.
Знаходжу ў сасновым іх лесе
Пры ззянні барвовых зарніц,
А часам нашэптвае месяц
Мне іх ля бурлівых крыніц.
Паблізу лячэбныя травы
У кошык бабулька кладзе…
Хачу, каб не дзеля забавы
Прыходзіў мой верш да людзей.
Прысеўшы ў садочку кляновым,
Пад спеў салаўіны пішу.
Хачу паэтычным я словам
Узрушыць людскую душу.
Але я з пявучаю лірай
У дом не пайду к лайдаку.
Яго я жыгучкай-сатырай
У байцы сваёй апяку.
1979

Мой лес
Як ты пастарэў, о мой лес меднастволы,
Мохам аброс, быццам дзед барадой…
Зноў, бы ў дзяцінстве—шчаслівы, вясёлы—
Спяшаю ў шацёр пазалочаны твой.
Мяне ты пазнаў і махнуў па-сяброўску
Галінкамі-лапкамі елак сівых.
Насустрач мне выслаў нявесту-бярозку,
Чародку шумлівых дубкоў маладых.
Не трэба мне ўтульнай, з камфортам кватэры,
Бо так непрывычны дамашні спакой.
Ты зноў адчыняеш мне ветліва дзверы,
Калі я бягу на сустрэчу з табой.


Сельскі кінамеханік
Кінаэкран, як белы ветразь,
У цёмным моры кіназалы.
На ім—і снег, і подых ветру,
Адбіткі радасці і жалю.
Як на пасту, кінамеханік
За ім глядзіць праз шкло акенца.
І ёсць, сябры, на тым экране
Праменчык светлы з яго сэрца.

Міёрскія зоры
Вяртаюся ці зблізку, ці здалёк,
Пагодным днём ці ночанькаю зорнай—
Заўсёды стрэціць родны гарадок
Мяне пявучай хваляю азёрнай.
Бярозы-сёстры выйдуць да шашы,
Аблашчаць твар духмяным мяккім веццем.
І ўсё сплывае нуднае з душы,
Раблюся зноў шчаслівым я ў свеце.
Праходжу, горад, праз твае масты,
Дзе на парэнчах сонца піша ўзоры.
О як цудоўна, што на свеце ты
Ёсць—невялічкі гарадок Міёры!
З табою разам я сталеў і рос,
Таполі ў парку я садзіў і клёны.
З табой навекі я звязаў свой лёс,
Бо я з маленства ў цябе ўлюбёны.


**
Дзе гараць найяснейшыя зоры,
Там мястэчка юнацтва—Міёры,
Што мяне прытуляе, як маці.
Расчыняю ўсе вокны ў хаце.
Хай на крылах ляціць з паднябесся
Жаўрука мілагучная песня,
Светлай радасцю поўняцца грудзі.
Добры дзень, мае родныя людзі.

Бурак і цукар
Байка
І адбылося гэта так:
Цукровы вырваны Бурак
Аднойчы з Цукрам побач апынуўся
І да яго ён незнарок даткнуўся.
Аж пасінеў ад злосці Цукар
І закрычаў: "Гэй, валацуга,
Ты што, мяне запэцкаць хочаш?
Пратры бацвіннем свае вочы.
Ты ўвесь запырсканы зямлёй
І нейкім кіслым пахнеш потам,
Мне сорамна стаяць з табой.
Тваё, брат, месца там—пад плотам.
А я—бліскучы рафінад,
Навук салодкіх кандыдат.
Са мною мудрыя галовы
П'юць чай штодзённа ў сталовых".
Ад крыўды зморшчыўся Бурак
І прашаптаў: "Эх, небарак,
Як хутка ты аб тым забыў,
Што бураком нядаўна быў".

Чараўніцы
О, ёсць на свеце чараўніцы,
К якім трапляем мы ў палон.
Іх вочы ззяюць, як зарніцы,
А галасок, бы срэбра звон.
Іх вусны—ягадкі на ўзлессі,
Што ружавеюць і зімой.
Калі хоць раз да іх даткнешся—
Навекі згубіш ты спакой.
У белых, жоўтых, сініх блузках,
З пшанічнай доўгаю касой—
То вы, дзяўчаты-беларускі,
Зачаравалі нас красой.
Вы наша радасць і надзея,
Старонкі нашай маладосць.
Бярозкі стройнай і лілеі
Вы ўвабралі прыгажосць.
Заўжды сябруеце вы з песняй,
Няма ў працы роўных вам.
Усмешка ваша—промень весні,
Ён сагравае сэрцы нам.

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 486
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 32 376
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 109
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 10 914
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 10 877
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 9 917
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 793
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 августа 2017
Александр, Василий, Макар, Максим, Марк, Мартин, Федор, Мария

Именины 23 августа 2017
Вячеслав, Роман, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта