Авторизация
 

Аўтар першай хвалі: Ян Гушча

Автор первой волны: Ян Гуща Ян Гушча (12.12.1917—26.06.1986) — польскі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў былым фальварку Загасцінне паблізу Цвеціна ў сям'і чыноўніка. Скончыў гімназію ў Дзісне, пастаянна друкаваўся ў гімназічным часопісе "Наш голас" і рэдагаваў яго ў 1932-34 гадах. Дэбютаваў у "вялікім друку" вершам "Горад" (1933) у сталічным часопісе "Кузня маладых". У 1934-м паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, адначасова вучыўся ў Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні, якую скончыў у 1939-м. Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне. У 1937 годзе стаў сябрам прафсаюза польскіх пісьменнікаў. На працягу 1935-1939 публікаваў вершы, эпіграмы і рэцэнзіі ў шматлікіх польскіх часопісах пад псеўданімамі Ян Олехна і Арон Прымас.

 

Ян Гушча нагадваў, што яго сям'я паходзіла з Браслаўскага павета. Сам ён нейкі час у 1920 годзе жыў з маці ў Міёрах і пазней прыязджаў сюды з бацькам; бацька па чарзе працаваў гмінным сакратаром у Мікалаёве, Стэфанполлі і Залессі. Аднак у прадмове да беларускага выдання кнігі "Пан Грыцыян і іншыя" Ян Гушча напісаў: "Паходжу я з ваколіц мястэчка Дзісна над Дзвіною, мяркую, што мовы польскую і беларускую пачуў адначасова". І ў апавяданні "Экзамен" пакінуў наступнае апісанне Дзісны:


"У мястэчку, аддаленым ад самай блізкай чыгуначнай станцыі—глупства!—усяго на сорак кіламетраў, не было нават стацыянарнай кінаўстаноўкі, але дзейнічаў там народны дом, дзе адбываліся даволі частыя на той час мясцовыя ўрачыстасці, выступленні самадзейных тэатральных калектываў, а таксама вандроўных труп…


Найбольш частай формай бавіць час былі прагулкі ўздоўж дзвюх разгалінаваных рэчак, якія сыходзіліся за горадам каля могілак, і ў лес або блуканне па незабрукаваных вуліцах з драўлянымі тратуарамі. Бо чытаць не заўсёды надаралася магчымасць: тартак, які быў прыватнай уласнасцю нейкага пана Бімбады, падаваў у хаты электрычнасць толькі раннімі вечарамі, у адзі-наццаць гадзін усюды святло гасла, а карыстацца нафтавымі лямпамі не ўсе жадалі. Гаспадыні, у якіх кватаравалі вучні, казалі, што лямпы страшэнна чадзяць, аднак, калі сказаць праўду, справа была ў ашчаднасці, бо мала хто грэбаваў тут капейкай.


Толькі ранняй вясной, пасля крыгаходу на Дзвіне, у паветры пахла залатаноснай Аляскай, Кландайкам, Залатым Берагам. Аж з самой Рыгі прыязджалі купцы лесу, каб выкарыстаць паводку і прасачыць за сплавам лесу нарыхтаваных зімой і цяпер звязаных у плыты бярвенняў. Сезонную работу знаходзілі плытагоны і людзі, знаёмыя са сплавам, а рэшта дарэмна наступала на пяты сытым маладым бландзінам, якія прадстаўлялі латвійскі гандаль лесам. Як высвятлялася на кожным выездзе купцоў, крыху на іх зарабілі і некаторыя мясцовыя прадпрыемствы і дзве ці тры маладыя жанчыны, вядомыя па легкадумных поглядах на жыццё. У такія часы нядрэнна адчувалі сябе клапы ў адзіным мясцовым тракціры, які меў вялізную, павешаную на дратах, скрыпучую ў ветранае надвор’е шыльду : "Гатэль Еўропа"…


Каля мястэчка, побач з якім пад сховамі бяроз сівеў пяскамі "напалеонаўскі тракт", знаходзіўся зямельны маёнтак са старым, запушчаным паркам. У гэты парк, які высока ўзнімаўся над булькочучай на каменнях ракой, мы не раз уцякалі з урокаў, а ўвечары прыходзілі з дзяўчатамі паўздыхаць на месяц. Маёнтак Дарашковічы належыў калісьці Кастравіцкім. Адам, сын Адама, маршала Віленскай губерні, за ўдзел у паўстанні 1863 года быў высланы ў Арэнбург. Маёнтак канфіскавалі і аддалі нейкаму царскаму "ўнтэр-Прышыбееву" высокага звання. Маці Адама, Людвіга з роду Пангоўскіх, як вядома, добра ведала Міцкевіча, трымала апеку над арыштаванымі філарэтамі.


Верш Міцкевіча "Майтэк" быў запісаны ў яе альбом. Вось таму і хадзілі чуткі, што Міцкевіч нейкі час хаваўся менавіта ў капліцы таго маёнтка… Заўсёды ў часе прагулак мы шукалі гэту капліцу, але дарэмна. Нарэшце мы ўбачылі над Дзвіной мураваную, з вежамі сушыльню траў і даказвалі, што менавіта ў ёй хаваўся паэт. На гэту тэму з'явіліся лірычныя вучнёўскія творы. Адзін з вучняў, Мечыслаў-Дзмітрый Касаты, вялікі том вершаў якога пад назвай "Свянтаянскія агні" гімназія выдала за свой кошт, напісаў нават нядрэнную баладу.


Трэба яшчэ дадаць, што прозвішча Кастравіцкіх, менавіта тых, з Дарашковіч, апрача ўсяго, звязана з французскім паэтам Апалінэрам..."
У апавяданні "Лямпа" прыведзена наступнае апісанне бацькоўскага фальварка Задвор'е:


"Задвор'е, размешчанае на адлегласці васьмі вёрст на паўднёвы ўсход ад Дзісны, было невялічкім маёнткам, раздзеленым паміж трыма братамі. Яго землі з аднаго боку абмывала рэчка Васьмёрка, праз гэтыя землі праходзіў пясчаны, а вясной і позняй восенню ўсеяны лужынамі напалеонаўскі тракт, якому сям-там спадарожнічалі разгалістыя бярозы…


Дзесьці за Васьмёркай, ад якой блізка было да зялёнай грані-цы, сонца ўзыходзіла, а за Наваполлем і Наваселлем, у казёных лясах, яно заходзіла.


Праз две вярсты вы маглі апынуцца ў Загасцінні, уладанні бацькоў маёй маці. Навакольныя вёскі—гэта Канаршчызна, Субочава, Капцёва…
Задвор'е—маёнтак ці фальварак? І ці ў гэтай фармальнасці справа?! Яго ўладальнікі адчувалі сябе значна ніжэй за памешчыкаў, былі працавітыя і сціплыя…


Вялізны двор з рабінай пасярэдзіне акружалі гаспадарчыя будынкі; да агарода прылягала лядоўня. Яе дах з замшэлай гонтай, які абапіраўся на зямлю, пакрываў глыбокі пограб, у якім на маёй памяці лёду не было, але і без яго ў ёй стаяў холад, што доўга трымаў свежым малако і розную жыўнасць. Дом быў не надта вялікі, на дзве палавіны з падмураваным ганкам, дашак якога падпіралі дзве невялічкія калоны. Дах казыталі бярозавыя галінкі, пад застрэшшам віселі кошыкі для галубоў, якіх шанавалі таму, што яны быццам бы ратавалі ад перуноў. За домам пачынаўся даволі вялікі сад, абрамленне якога было выключна багатым: некалькі старых елак і чародка ліп, бярозавая алейка, дзе можна было знайсці маслякі і баравікі, маленькі гаёк каля тракта, арэшнік. Ляшчына, што зацяняла адно з задніх акон дома, давала плённы ўраджай "гатунковых" прадаўгаватых арэхаў. Паблізу яе раслі бэз, язмін, а паміж рабін, што былі абвіты хмелем і ўтваралі ўнізе амаль квадрат, стаяла трухлявая альтанка з укапаным пасярэдзіне сталом. Там адбываліся часам вечарынкі…


За свірнам і хлявамі, у напрамку Дзісны, цёмна паблісквалі невялічкія стаўкі—іх было аж пяць—у двух з іх увосень мачылі лён. Каля самага вялікага з іх стаяла лазня, у некаторых вадзіліся карасі, але найбольш было п'явак. У тых стаўках я навучыўся плаваць… 

 

Паэтычны працяг успамінаў
Яна Гушчы пра сваё дзіцяцае
жыццё ў Задвор'і:


Блаславёна часіна, якая ўсім дорыць вяртанне…
Звыкла гаўкаюць цюцькі, напавер, у парыве вітання.
Граблі месцяцца ў рад каля клуні; і шумна, і людна;
зараз кожны, каб змыць спёку дзённую, рушыць да студні.
Кій заместа каня—я нашуся наўскач панадворкам.
Азірае змярканне хату ў яблынях месячным вокам.
Брат стрыечны, які, трохгадовы, утапіўся ў ставе,
свае граблі таксама ля сцяны, побач з іншымі, ставіць.
Бабка сварыцца з ганка, што жартаў даволі ўжо, годзе,
(з маладзіцамі жарты да граха, як вядома, даводзяць!).
Пад насценнаю лямпай на доўгім стале мноства місак:
там тварог з малаком, між якім шнырыць бляск вёрткім лісам;
(шчэ ніхто не сядае за стол, шчэ вядзецца бяседа
у чаканні на ўсіх. Хай вяртаюцца з белага свету,
хай прыходзяць з акопаў і сцюж, са счарнелага глогу,
з невядомых расстанняў-разлук, з меандрычнай дарогі).
Вокны насцеж, і з цемрадзі, што загусае жывіцай,—
цвыркуны і мацейка, спакушоныя лямпай начніцы.
Вечар зноўку зычлівы, таму мітусні ані звання.
У абуджаным рэху выцікоўваю столькі вяртанняў!..
Вечар гэткі ціхі, што па лесе, як прывід, блукаю,
а ўсе чыста імёны абліччы свае спатыкаюць.
Лямпа там, па-за лесам, тварагу там цэлыя горы.
Упаду на мурог у адрыне, знясілены зморай.
Блаславёна часіна, якая ўсім дорыць вяртанне,
нават зайцу таму, нават зайцу, што бацька падраніў.

 

Калі я вучыўся ў Вільні, дык напісаў пра Задвор'е верш…:
Чорнымі вачыма стаўкі неба бачаць
І сівыя вейкі з надбярэжных лозаў,
А бяроз галінкі нібы срэбрам плачуць,
У алеях вецер шастае трывожна.
Пугаў пастушыных чуюцца лясканні,
Выплывае месяц медзяны з-за хмары,
Але ўжо ў альтанцы не тыя спатканні,
І мяне не тыя ўжо даймаюць мары".
(Друкуецца па кнізе Яна Гушчы "Пан Грыцыян і іншыя". Апавяданні. Мн., "Маст. Літ.", 1976. Стар. 9-10, 26-27, 180-183).

 

Звесткі з біяграфіі

 

У 1940 годзе вывезены з-пад Дзісны ў Казахстан. У 1943-м уступіў у Войска Польскае, служыў афіцэрам пяхоты трэцяй дывізіі імя Р. Траўгута. У 1944-м працаваў у Саюзе польскіх патрыётаў у Маскве, рэдакцыі двухтыднёвіка "Новыя далягляды". З пераездам у Люблін уладкаваўся ў рэдакцыі газеты "Рэспубліка", дзе друкаваў вершы, прозу, рэпартажы. У канцы 1945-га перасяліўся ў Лодзь і стаў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў, цалкам аддаўся літаратурнай і грамадскай дзейнасці. У гэты час выходзяць яго вершы (зборнік "Помнік лірычны"), гумарэскі і фельетоны ("Ілбом аб сцяну", "Нахабства"). У 1955-1957 уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі "Літаратурнай Лодзі" і двухтыднёвіка "Хроніка". У 50-80-я гады публікаваў паэтычныя творы, прозу і пераклады, галоўным чынам, з беларускай мовы. У 1970-1971—галоўны рэдактар ло-дзінскага штоквартальніка "Аснова".


Вершаваныя творы Я. Гушчы апублікаваны ў зборніках "Балада аб падарожных" (1938), "Штодзённасць кахання", "Выбраныя вершы", "Сентыментальнае падарожжа", "Размовы і заклёны", "Гады сярод гадоў". Зборнік вершаў "Стары павільён" (1969) атрымаў узнагароду як найлепшая паэтычная кніга 25-годдзя. Аўтар аповесцей "Мястэчка над Альшанкай" (1948), "Пярсцёнак з кайданоў"(слухачы радыё "Свабодная Еўропа" прызналі яе лепшай кнігай 1974-га ў Польшчы), шматлікіх апавяданняў. З яго эсэістыкі вылучаюцца "Успаміны не заўсёды журботныя" пра літаратурнае жыццё Вільні ў міжваенны перыяд, зборнік успамінаў і рэпартажаў "Здарэнні і прызнанні", а таксама "Урыўкі, эпізоды, нарысы". Сатырычныя творы ўвайшлі ў зборнікі "Ані так, ані сяк", "Дажынкі ў Адамове", "Аб людзях і з людзьмі", "Розныя нашыя справы", "Ноч перад агульным сходам", "Зачараваны банкнот", "Жарты, сатыры, эпіграмы". Усяго напісаў больш за 40 кніг.


Я. Гушча перакладаў з беларускай мовы апавяданні 20 аўтараў, у тым ліку У. Караткевіча. Рэдагаваў польскае выданне выбраных вершаў М. Багдановіча, пераклаў большаць вершаў для зборнікаў беларускай паэзіі.


У беларускім перакладзе выйшлі вершы Я. Гушчы ў зборніку "Горад мільённы і мы" (1972) і кніга "Пан Грыцыян і іншыя" (1976). Многія яго творы тэматычна звязаны з Беларуссю (апавяданні "Экзамен" і "Лямпа", вершы "Да сябра-беларуса", "Вязынка", зборнік эсэ "Аповесці ў чорных рамках" (1979) пра сваё падарожжа па нашай рэспубліцы).


У 1975 Я. Гушча атрымаў узнагароду г. Лодзі за дасягненні ў галіне навукі і культуры. Ён адзначаны Залатым крыжам заслугі (1955), Кавалерскім крыжам ордэна "Адраджэнне Польшчы" (1969), знакам Заслужаны дзеяч культуры (1965).


Юрый ВАШКЕВІЧ.

 

На гэтым публікацыю звестак пра "творцаў першай хвалі" заканчваем. На жаль, твораў Пётры Беларуса і Дзмітрыя-Мечыслава Касатага мы пакуль не адшукалі, але надзеі не губляем. Працягвацца рубрыка "Літаратурная Міёршчына" будзе пад прапанаваным Сяргеем Панізьнікам загалоўкам "Не зарасці пракладзенаму следу". Ён пра паэтаў і празаікаў пасляваеннага перыяду і аўтараў цяперашняга часу.


Рубрыку вядзе Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 486
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 32 376
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 109
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 10 914
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 10 877
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 9 917
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 793
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 августа 2017
Александр, Василий, Макар, Максим, Марк, Мартин, Федор, Мария

Именины 23 августа 2017
Вячеслав, Роман, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта