Галоўная > Культура > Даўняя гісторыя вясельных традыцый

Даўняя гісторыя вясельных традыцый


8-11-2018, 11:43. размясціў: gazeta

 Захаванне народных традыцый, іх прымяненне ў дні сённяшнім — важны напрамак работы Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба. Установа працуе па праграме “Нам засталася спадчына”. Дзейнічае музей народнага побыту, дзе сабраны рэчы хатняга ўжытку з мінулага. Адным наведвальнікам экспанаты добра знаёмы, іншыя не здагадваюцца, для чаго яны патрэбны. Як і колішнія традыцыі. 

У жніўні ў бібліятэцы-клубе святкавалі вяселле. Цяпер у ціхіх вёсачках такое здараецца нячаста. Размова пойдзе пра асобныя традыцыі, да якіх звярталіся падчас урачыстасці, і іх значэнне.

Абсыпанне маладых
Перад дарогай у загс жаніха і нявесту абсыпаюць зернем. Традыцыя мае глыбокія карані. Дождж сімвалізуе ўрадлівасць і дабрабыт. Ствараючы падобны эфект з зерня, маладым забяспечваюць матэрыяльныя выгоды ў будучым.

“Рагатка”
Традыцыя перакрываць шлях вясельнаму картэжу на Міёршчыне называецца “рагаткай”. У іншай мясцовасці распаўсюджаны выразы “драць зайца” або “закідваць зайца”. Ставяць “рагатку” мясцовыя жыхары, віншуюць маладых і патрабуюць выкуп за далейшую дарогу.


Згодна з прыкметай, калі вяселлю перагародзяць шлях, шлюб будзе трывалым і ўдача стане пастаянным спадарожнікам сямейнага жыцця. Даючы пачастункі, маладыя гавораць: “Вам — піва ды мёд, нам — шчасце ў кожны наш год”.

Сустрэча з хлебам-соллю
Сімвалам шчаслівага і бестурботнага сямейнага жыцця ў народзе лічаць каравай. З ім сустракае маладых пасля рэгістрацыі шлюбу маці жаніха. Разам з караваем перадае ласку, цеплыню, сямейны вопыт і бласлаўленне.


Па традыцыі, каравай павінен быць вялікім, круглым і з рознымі ўпрыгожаннямі, кожнае з якіх мае сваё значэнне. Так, лебедзі — сімвал вернасці, ружы і каліна азначаюць каханне, каласы пшаніцы — багацце і дабрабыт, пераплеценыя косы — перапляценне лёсаў жаніха і нявесты, вінаград — урадлівасць і працяг роду.


У даўнія часы вясельны каравай выпякала жанчына, якая шчасліва жыве ў шлюбе. Вымешваючы цеста, напявала песні пра каханне і сямейнае шчасце. Надаючы круглую форму, чытала малітвы. У печ каравай ставіў шчаслівы ў шлюбе мужчына.

Зняцце фаты
Гэты абрад мае глыбокі сэнс. Пакуль галава дзяўчыны пакрыта фатой, яна яшчэ нявеста. Павязалі хусцінку — стала замужняй жанчынай, гатовай да сямейных абавязкаў і нараджэння дзяцей. Звычайна фату здымае свякроўка, бо дзяўчына пераходзіць у сям’ю мужа. Такая традыцыя з’ядноўвае новых сваякоў.


У народнай культуры славян фату надзялялі асаблівым статусам. Лічылася, што ёй можна лячыць дзіцячыя захворванні, выкліканыя сурокам ці нядобрым словам. Калі на 15-20 хвілін пакрыць фатой дзіця, якое пакутуе ад бяссонніцы, яно спакойна засне.

Танец дачкі з бацькам
Па даўніх традыцыях, танец бацькі і дачкі на вяселлі — гэта развітанне дзяўчыны з бацькоўскім домам. Лічылі, што душа нявесты памірае ў родзе бацькі і адраджаецца наноў у родзе мужа.


ПРАЗ стагоддзі звяртаючыся да народных традыцый, вывучаем культуру нашых далёкіх продкаў, імкнёмся зразумець глыбокі сэнс абрадавых дзеянняў, дакрануцца да векавой мудрасці і спадчыны.

Фота для ілюстрацыі.
Людміла БЕЛАЯ, загадчык
Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба.


Вярнуцца назад