Галоўная > Культура > Не ныць і не тужыць умеюць міёрскія бажэнаўцы

Не ныць і не тужыць умеюць міёрскія бажэнаўцы


4-12-2017, 08:00. размясціў: gazeta

 Клуб "Бажэна" не мае патрэбы ў паслугах тамады. Тут умеюць ладзіць запамінальныя і цёплыя сустрэчы, дзе кожны адчувае сябе ва ўтульным коле сяброў. "Бажэнаўцы" мелі тры нагоды сабрацца разам у лістападаўскі дзень. Па-першае, наведаць асенні кірмаш. Па-другое, павіншаваць імяніннікаў. І галоўнае — адзначыць юбілей сяброўкі-актывісткі Анастасіі Лукоўскай.

АСЕННІ кірмаш справілі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі. Ролі скамарохаў удаліся Святлане Матэленак і Вользе Арцімовіч. Бойкімі гандлярамі зарэкамендавалі сябе Вольга Федуковіч і Алена Галавіна. Прапаноўвалі дары восені, натуральныя і кансерваваныя, кандытарскія вырабы, хусцінкі. Гандаль ператварыўся ў аўкцыён. Хвілін праз пятнаццаць усё распрадалі.


ЗА ВЯСЁЛЫМ і шумным кірмашом "бажэнаўцы" забыліся на традыцыйны гімн, з якога пачынаюцца пася-джэнні. Між тым музыка, песні і вершаваныя радкі сталі пастаянным фонам сустрэчы. Прысвячаліся музычныя і паэтычныя віншаванні імянінніцам лістапада, добрым сяброўкам Рэгіне Аланцьевай і Анастасіі Лукоўскай. "Замечательные люди в мир приходят в ноябре", — гэта пра іх.


 БОЛЬШ ЗА трыццаць год прысвяціла дзецям Рэгіна Васільеўна. Да яе ў групу ў садок №1 ахвотна прыводзілі бацькі сваіх сыночкаў і дачушак. Адказнасць і арганізатарскія здольнасці дапамагаюць у правядзенні пасяджэнняў "Бажэны". Штораз аматарка кулінарыі радуе сытнымі ласункамі. "З першай сустрэчы ў клубе заўважыла, што арганізатар тут Рэгіна Ва-сільеўна. Усіх бачыць, да кожнага падыдзе," —ахарактарызавала сяброўку Ала Смерцьева. Віншаванні сыпаліся на імянінніцу градам цёплых слоў і прыемных падарункаў.


ЛАВІНАЙ накрылі сюрпрызы юбілярку Анастасію Лукоўскую. Трэба заўважыць, што імені ў яе два. Анастасія — па дакументах, Надзея — для блізкіх і сяброў. Прыгожай і пазітыўнай, ёй не трэба ўтойваць свой узрост. Да пашпартных 70 год далёка. Раздзяліць радасць з Анастасіяй Ермалаеўнай прыехалі сяброўка з Мінска, стрыечная сястра з Лёзна, прыйшлі былыя калегі. Колішняя старшыня раённага Савета дэпутатаў Раіса Парфёненка прыгадала першую сустрэчу: "Я была маладым спецыялістам у калгасе "Кастрычнік". Неяк размаўлялі пра жаночую прыгажосць, а наш вадзіцель кажа: "Самая прыгожая жанчына працуе ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання". Калі Анастасія Лукоўская прыехала з праверкай, усе глядзелі на яе з вакна. Заўважылі вадзіцелю: "Густ у цябе ёсць." Каб хто сказаў тады, што шмат год мы будзем працаваць поплеч".


ПРЫГАЖОСЦЬ, знешняя і ўнутраная, ветлівая ўсмешка і святло ў вачах па-ранейшаму ўласцівы Анастасіі-Надзеі. Сяброўкі падрыхтавалі для яе шмат падарункаў, цікавых, жартоўных, ад душы. У вобразе султана віншаваў юбілярку Мікалай Федуковіч, вясёлыя танцы паказалі Галіна Конанава, Ніна Федуковіч і Рэгіна Аланцьева. Яшчэ ад "Бажэны" — медаль "Заслужаны юбіляр" і стракаты альбом з фотаздымкамі, куды загадзя ўпісалі пажаданні ўсе ўдзельнікі клуба. Аформіць гэты падарунак дапамаглі бібліятэкары.


Фінальнай песняй сустрэчы стаў хіт Газманава "Просто надо жить". Простыя словы прыпеву: "Просто будем жить… жить и не тужить… никогда не ныть… надо просто жить". Так "Бажэна" і жыве.

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ. 


Вярнуцца назад