У Завуццеўскай бібліятэцы арганізавана выстава вышыванак Веранікі Бельскай. Прырода, жывёлы і ў кампазіцыях дзяўчаты і дзеці адлюстраваны рознакаляровымі ніткамі на тканіне, аформлены з густам і з асаблівай любоўю. У іх—подых душы самой творцы. Як распавядае мясцовы бібліятэкар Яўгенія Фурс, з нагоды выставы наведвальнікаў паболела.
Майстрыха Вераніка вучыцца зараз на другім курсе БНТУ на прыборабудаўнічым факультэце па спецыяльнасці біятэхнічныя медыцынскія апараты і сістэмы. Да мастацтва яе са школы далучыла настаўніца працоўнага навучання Алена Стаўская. Вераніка наведвала вышывальны гурток, гэтаму хобі і зараз прысвячае вольны час. За школьную пару яна мела шмат узнагарод, ды і не абы-якіх: першая ў раённых конкурсах, граматы за ўдзел у абласным конкурсе і велікодным фестывалі, дыплом І ступені ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па абслугоўваючай працы. За апошнюю заслугу ўганаравана паездкай на Прэзідэнцкую елку ў Віцебск. Пасля дзевяці класаў Завуццеўскай школы Вераніка вучылася ў Наваполацкім ліцэі па фізіка-матэматычным профілі. Так дзяўчына пракладвала свой шлях у БНТУ.
На маё пытанне, чаму творчая асоба выбрала такую дакладную спецыяльнасць, Вераніка адказала: "Творчыя здольнасці пры вырабе розных пратэзаў таксама спатрэбяцца."
Як расказала яе маці Рэгіна Бельская, дачка школьніцай танчыла пад усходнія матывы і займала прызавыя месцы. Новае хобі набыла пасля курсаў цырульніка ў сталіцы. Зараз у вольны час любіць паэксперыментаваць з прычоскамі. Выстава будзе дзейнічаць яшчэ тыдзень, здымецца крыху раней за Каляды. На свята каталіцкага Божага нараджэння работы ўпрыгожаць сцены дома Бельскіх. Таму спяшайцеся наведаць выставу і падзівіцца прыгажосці!