На экологическом фестивале "Журавли и клюква Миорского края" побывали ремесленники и мастера

На экологическом фестивале "Журавли и клюква Миорского края" побывали ремесленники и мастераНа экалагічны фэст "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" рамеснікі і майстры з'ехаліся з розных куточкаў. Багаццем вырабаў вылучалася экспазіцыя Антаніны Красоўскай з Віцебска.
 
Здзівіла, як удалося даставіць цэлымі столькі "хрумсткага" посуду, дэкаратыўных пано, падвесак, фігурак на магніціках. Гаспадыня заўважыла, што ўжо мае пэўныя навыкі. З мужам Аляксеем, які таксама ганчар, часта ездзяць на розныя фэсты. Працаваць з глінай Антаніна пачала, калі паступіла вучыцца ў Віцебскі каледж мастацкай керамікі, і яе 20-гадовы вопыт дапамагае выконваць адмысловыя работы.
—Каб зрабіць нават самы маленькі гарлачык, спатрэбіцца не адзін дзень, калі весці адлік ад нарыхтоўкі гліны, яе мыцця, высушвання,—кажа субяседніца.—Каб атрымалася прыгожая рэч, неабходна фантазія. Увогуле ніводнага аднолькавага вырабу сярод посуду. Іншы раз здаецца, што стаяць побач ідэнтычныя сасуды ці гаршкі, а калі прыгледзецца, бачны шматлікія адрозненні. 

Набыла некалькі невялічкіх гліняных сувеніраў на магніціках рамеснікаў клуба "Святліца".
—Кіраўнік аб'яднання Алена Батарчук на вучобе, але падрыхтавала эксклюзіўныя тэматычныя сувеніры,—адзначае Эвеліна Грэцкая. Яна таксама ў складзе творчага аб'яднання, але накірунак іншы—вязанне, шыццё, з нітак і тканіны вырабляе сувеніры і цацкі. Звярнула ўвагу на бутэлечкі, аплеценыя льняным шпагатам, на божых каровак з ваўняных нітак і грыбкі, птушачак з нейтронавай пражы. Побач стаялі дрэўцы і іншыя вырабы з бісеру, а таксама дамавікі з паклі і льняной тканіны—гэта вынік творчай работы Вольгі і Дзіяны Дзядзюраў, якія таксама адшліфоўваюць сваё майстэрства ў складзе "Святліцы".

Рамеснік Віктар Дудкевіч з Глыбокага прывёз драўляных конікаў, птушак, самалёцікі. Для дзяцей арганізаваў стральбу з драўлянай катапульты ваўнянымі шарыкамі па акенцах "замка". За трапнасць—прыз. 
Народны майстар Беларусі па лозапляценні Уладзімір Лук'янец з Браслава прывабліваў пакупнікоў прыгожымі кошыкамі з лазы, свяцільнямі, мэбляй з гэтага прыроднага матэрыялу. Яго жонка Валянціна прапаноўвала, напрыклад, плецены капялюш за 15 рублёў, на які са слоў майстра спатрэбілася вузенькая стужка даўжынёй ля 12 метраў і карпатлівая праца па фарміраванні старадаўняга ўбору.
Кошыкі з кары сасны і бяросты—вынік намаганняў Пятра Ціценкі з Полацка.10-літровую ёмістасць прапаноўваў за 13 рублёў, астатнія—танней. Ён майстар-самавучка, прыахвоціўся да справы год таму, пераняўшы навыкі ад бацькі.

Прыгожа выглядалі фігуры з гіпса, якія прывезла сям'я Тамары Кузьміной з вёскі Бельчыцы: птушкі, гномікі і іншыя казачныя героі. Вырабляць іх дапамагаюць муж, 5-гадовы сынок і 12-гадовая дачушка. На лепку савы, якая сярод фігур выглядала самай масіўнай, рамесніца патраціла крыху больш за паўгадзіны. А даводзіць яе да таварнага выгляду давялося 4 дні. Як правіла, расфарбоўваюць пэндзалямі дзеці. Упершыню сям'я Кузьміных выстаўляла свае работы ў Міёрах на свяце горада летам. 
Адмысловыя вырабы з бісеру прапаноўвала Ірына Дзядзюра.

—Я родам са Случчыны, муж—з Міёр. Жывём цяпер у Мінску. У сям'і падрастае Арцёмка і я, пакуль у водпуску па доглядзе, займаюся народнай творчасцю, што вельмі падабаецца з дзяцінства. Наогул, вяжу, вышываю, займаюся саломапляценнем, што перадалося ад мамы і бабулі. Не першы раз прыязджаю ў Міёры з сям'ёй, і мне тут падабаецца.  Мяркуем перабрацца ў райцэнтр на пастаяннае месца жыхарства,—прызнаецца Ірына.

Паблізу бойка гандлююць вучні Міёрскай БШ і СШ№2. Прапануюць набыць вырабы з творчых  школьных  майстэрняў: кветкі, мяшэчкі з тканіны для сухіх лекавых траў, сурвэткі, бісерныя вырабы, драўляныя лапаткі для кухні і іншае.
Побач грыміць молат, адбіваючы манеткі з выявай герба Міёрскага раёна і надпісам "Жураўлі і журавіны. Міёры". Гэта працуе рамеснік Яўген Канапелька з Глыбокага. Падкрэсліў, што прыяз-джае на кожнае свята. Адзначыў, што напярэдадні экалагічнага фэсту яму даставілі "пячатку" для адбівання манетак з Вільнюса. Ля майстра шматлюдна, знаходзіліся жадаючыя не толькі купіць памятны сувенір, які "нараджаўся"  пад моцным узмахам рукі волата, але і сфатаграфавацца разам.

На Завуццеўскім падворку ўвагу прыцягнулі разасланыя на траве палавічкі.
—Гэта работа маёй свякроўкі Тамары Агафонаўны Баслак з Папшулёў,—кажа гаспадыня святочнай сядзібы.—А вось гэтыя дываночкі-пасавічкі—праца Соф'і Зянонаўны Хрол, яе ўжо няма, а каштоўную памяць зберагае нявестка Вольга.
Захапіла і выстава-распродаж з Чапукоў, дзе вылучаліся работы тэхнікай выканання: прыгожыя шкатулкі ў форме паненкі ў шляпцы, вырабы з бісеру, плеценыя кошычкі са штучнымі грыбамі і натуральнымі журавінамі. Усё гэта праца Алены Дулінскай і Тэрэзы Корсак. Карціны з воўны, большасць якіх выкананы ў тэхніцы мокрага валяння. Прадукцыя захапляльная. 

Рамеснікі з Дзісны прывезлі  цэлы скарб, створаны творчым калектывам Дома рамёстваў. На выставе адразу кідаліся ў вочы журавінавыя пацеркі Людмілы Ганебнай. Прыемнай адметнасцю былі вялікія  лялькі, зробленыя Аленай Балаш.
—А абрэзкавыя коўдры—гэта сумесная праца,—кажа Наталля Валенцік.—Увогуле, многія творчыя работы выкананы калектыўна.
Сярод шматлікай рамесніцкай прадукцыі беспамылкова распазнаюцца карціны выразаныя з дрэва, у тым ліку і з жураўлямі, Уладзіміра Майсяёнка.
На кожным імправізаваным сельскім падворку прадстаўляліся работы народнай творчасці і рамесніцтва. 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.