Двусторонняя связь — музей
gazeta 25-05-2015, 11:47 0 Культура
Любы музей дзейнічае паўнацэнна, пакуль яго экспазіцыі і зборы цікавыя для наведвальнікаў. У гэтым плане нашы школьныя могуць ганарыцца колькасцю экскурсій для дзяцей і дарослых, наглядных тэматычных урокаў для вучняў, іншых мерапрыемстваў. Нярэдка іх наведваюць асаблівыя госці, якія не толькі шукаюць тут нешта цікавае для сябе, але гатовы падзяліцца ўласнымі знаходкамі, набыткамі, успамінамі, творамі.
Вось, напрыклад, пісьменнік Славамір Даргель нагадаў паданне пра пана Бяляўскага, ад прозвішча якога нібыта пайшла назва яго роднай вёскі Белеўцы. Дапоўніў звесткі пра тутэйшых хлопцаў, якія трагічна загінулі ад рук захопнікаў. Расказаў пра збіты ля Чахоўшчыны нямецкі самалёт. А яшчэ падарыў некалькі старых кніг і часопісаў, сваю леташнюю кнігу "Вера. Надзея. Любоў".
Дадаткова з Мінска Славамір даслаў здымкі 1935 года з выявамі вучняў, сярод якіх і яго будучая маці, і настаўніцы аднакласнай польскай школы ў Чахоўшчыне, выпускнікоў больш позняга перыяду з Наўгародскай школы. І, вядома, свае вершы.
Не з пустымі рукамі заўсёды наведвае Міёры жыхар Даўгаўпілса Мікола Паўловіч. Гэта заўзяты краязнаўца, калекцыянер. У час апошняга прыезду ён падзяліўся выдадзенымі ў даваенны і ваенны час расійскімі і латышскімі кнігамі і календарамі. Папоўніў нумізматычную калекцыю паўсотняй манет, некаторыя з іх надта рэдкія. У іх ліку 10 грошаў Варшаўскага герцагства 1812 года, рарытэтныя грашовыя знакі Румыніі, Славакіі, Грэцыі, Мальты, нават Індыі і Конга. А колькі прывёз марак і паштовак!
Дапамагае нам у пошуку краязнаўчых крыніц па рэгіянальнай гісторыі малады жыхар Параф'янава, што ў Докшыцкім раёне, Кастусь Шыталь. Нядаўна ён набыў на аўкцыёне ў Польшчы часопіс "Пшэводнік каталіцкі" за 1930 год, які для нас каштоўны публікацыяй пра Лявонпаль.
У каваля з Бігосава Сяргея Гендзіка залатыя рукі. Ён не раз займаўся рэстаўрацыяй металічных рэчаў для нашых музеяў. Вась і зараз аднаўляе свяцец і медны кафейнік.
Шчыра дзеліцца з землякамі сваімі зборамі знакаміты паэт, журналіст, пісьменнік і краязнаўца Сяргей Панізнік. Зусім нядаўна ён перадаў некалькі манет са скарба, некалі знойдзенага ля Дварчан,—соліды і дзінарыі Жыгімонта ІІІ Аўгуста. А яшчэ — цэлы альбом марак, пакунак кніг з аўтографамі аўтараў, малюнкі, сучасныя цікавыя выданні, у тым ліку з творамі нашай зямлячкі Алены Масла.
'
Спадзяюся, былога настаўніка Дварнасельскай школы Анатоля Пракоф'ева чытачы раёнкі памятаюць па дакладных доўгатэрміновых прагнозах надвор'я. А я яму ўдзячны за папаўненне музея кнігі і друку. Для іх ён падарыў некалькі старых газет былой Югаславіі, Ірака, Кітая, Якуціі і Арменіі.
Жыхар Міёр Іван Калкоўскі падзяліўся з намі сваёй багатай дамашняй бібліятэкай. Настаўніца з Туркова Алена Лапіцкая перадала старую кнігу і прыгожы партрэт пані Абрампольскай з маёнтка Аблятова. Студэнт Ігар Кандратовіч набыў на аўкцыёнах калекцыі марак і пломб, аўстрыйскую запальнічку часоў Першай сусветнай вайны.
Гэты пералік далёка не поўны. Шчыра ўдзячны ўсім рупліўцам за падтрымку школьных музеяў, за імкненне захаваць гістарычную спадчыну родных мясцін.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.