Присоединение к вечности

Присоединение к вечности Сёлета пабачыла свет другое выданне "Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. Зборнік навуковых прац", падрыхтаваны філіялам "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта вялікая кніга на 528 старонак, надрукаваная РУП "Выдавецкі дом "Беларуская навука" накладам 300 асобнікаў. Значыць, яе ўжо цяпер знайсці няпроста.

 

Зборнік змяшчае раздзелы "Даследаванні", "Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас", "З калекцыі фальклорных запісаў", "Матэрыялы палявых экспедыцый", "Фальклор беларусаў замежжа", "Рэцэнзіі", "Юбілеі". Ён разлічаны перш на фалькларыстаў, этнолагаў, мовазнаўцаў, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца народнай спадчынай. Для жыхароў нашай Міёршчыны кніга цікавая тым, што ўтрымлівае на 305-379 старонках у раздзеле "Матэрыялы палявых экспедыцый" публікацыю "Песні, далучаныя да вечнасці: са збораў Сяргея Панізьніка". Гэта запісы, зробленыя нашым земляком у 1968-1970 гг. у вёсках Бабышкі, Лявонпаль, Даўгінава, Ільмовікі ў спявачак вельмі сталага веку.
Аўтар сцвярджае, што надрукавана толькі частка яго запісаў—148 помнікаў вуснай народнай творчасці нашых землякоў. Адна з пяюх жыве ў Міёрах, гэта мама Тамары Рагоўскай Ліда Ігнатаўна Шук, якая нарадзілася 10.12.1927 года, спявала ў бабышаўскім гурце. Сяргей Сцяпанавіч нагадвае: песні валачобныя, купальскія, жніўныя, восеньскія, хрэсьбінныя, вясельныя, песні лірычныя, а таксама галашэнні і творы дзіцячага фальклору пачуты былі ад Яўгеніі Адамовіч, Зінаіды Кліманскай, Адэлі Панізнік, Альжбеты Панізнік, Ліды Шук, Вольгі Грэцкай, Марылі Кезік, Маруты Пальчэх і Пятра Пальчаха, Андрыяна Кісляка і Ядзвінні Кісляк, Ядзі Сялюн, Любы Мядзюха, Ірыны Талочка, Стася Шаркеля, Агаты Лакотка, Фёдара Партаса і Ганны Партас.


Дзякуючы Таццяне Бярковіч, Сержуку Доўгашаву і яго шчырым сябрам у 2013 годзе быў выдадзены дыск "Пад ясну зарыцу" (песенна-абрадавая традыцыя Міёршчыны) па маіх запісах, з якіх паўсталі з небыцця 42 песні. І вось падрыхтаваны тэксты каранёвага меласу майго роднага Падзвіння для чарговага акадэмічнага зборніка фальклорных твораў.


Будзем спадзявацца, што гукнецца з дыска запісаная мною ў 1969 г. гудзьба вяселля ў Лявонпалі, дзе песня суседнічала з такім творам, як "гутарка", а ліпеньскае неба над берагам Дзвіны ўзнімала музыка інструментальнай капэлы з вёскі Ліпава — Рагоўскія з Рудзёнкам. Гэтыя запісы яшчэ чакаюць дабрадзеяў.
— З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны,— сцвярджае паэт у публікацыі "Радзіму-песню маем!", а зварот у рэдакцыю "Міёрскіх навін" заканчвае так: "Лагоднай вам вясны! З пашанаю Сяргей з бабышкаўскага папару". 
Адным словам, пагартаць другі выпуск зборніка "Беларускі фальклор" для жыхароў Міёршчыны — гэта тое самае, што яшчэ раз дакрануцца да нашай агульнай спадчыны.


Леанід МАТЭЛЕНАК.
На здымку ад 3.11.2014 г. Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік

у Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы горада Рыга. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.