Л.Э. Карпава працуе культработнікам у Язне з 1983-га, пачынала мастацкім кіраўніком СДК, затым яго дырэктарам, некаторы час загадвала клубам ад мясцовага ПМК і вось ужо сем гадоў — бібліятэкар.
— Работа цікавая, адрозніваецца ад клубнай. У мяне, як у сапраўднага культработніка, тут шматлюдна і шумна. Да абеду — дарослыя, пасля — дзеці. Усе адчуваюць сябе, як дома. Прыходзяць людзі, якія цікавяцца, чытаюць. Высокая кнігавыдача сведчыць пра тое, што наведваць нашу бібліятэку падабаецца многім.
Ларыса Эдуардаўна адзначае, што ёй прыемна быць лепшым прафесіяналам у вобласці. Але яна, незалежна ад прызнання, і працягвала б так працаваць, бо інакш не можа, а вось моладзь, напэўна, такія ўзнагароды стымулявала б.
Жанчына сумяшчае асноўную дзейнасць з пасадай хармейстара ў мясцовым СДК. Кіруе вакальнай групай, драматычным калектывам, вядзе клуб выхаднога дня. У мінулым годзе сумесная работа СДК, бібліятэкі і музычнай школы, якія знаходзяцца пад адным дахам, адзначана першым месцам на абласным узроўні.
— Узнагароды, як, дарэчы, і апошняя, прыходзяць нечакана. Калі на нарадзе аб'явілі, я нават не паспела ўзрадавацца.
Поспех прыйдзе, калі праца будзе прыносіць задавальненне, — мяркуе лепшая ў сваёй прафесіі.
Аляксандр Сяргеевіч Тронькін у культуры мае невялікі юбілей працоўнай дзейнасці — пяцігадовы, на дзяржаўнай службе ён 10 гадоў. Прызнаецца, што кіраваць цяжка, бо даводзіцца несці адказнасць за падначаленых, якіх у раёне больш за 200, за падбор кадраў, матэрыяльна-тэхнічную базу, арганізацыю культурнага адпачынку жыхароў раёна, захаванне народных традыцый і промыслаў.
— Гэта Ваша самая высокая ўзнагарода? — пытаюся.
— Самая высокая — людская ўдзячнасць. А гэтая — падтрымка і прызнанне абласнога кіраўніцтва за нашу работу.
І.П. Кубарка ў культурнай сферы з 1986-га, а ў апараце аддзела — з 1989-га, стаж дзяржаўнай службы — амаль 26 гадоў. У яе непасрэдныя абавязкі ўваходзіць кантроль за работай клубнай і бібліятэчнай сістэм, музея, ДШМ. Узнагароду на абласной калегіі Ірына Паўлаўна атрымала па прафсаюзнай лініі, бо ўжо 15 гадоў старанна і прафесійна ўзначальвае раённую арганізацыю беларускага прафсаюза работнікаў культуры. За самаадданую працу ў гэтай сферы адзначана юбілейным значком і ў 2004-м.
Ірына Паўлаўна сваім паплечнікам лічыць вопыт:
— За ўвесь час назапасіліся веды, якія дазваляюць працаваць на высокім узроўні.
Аляксей Эдуардавіч Гайдзель стаў лепшым у прафесійным майстэрстве культработнікаў. Да агляду-конкурсу рыхтаваўся старанна, прадумваў кожны этап. У відэавізітоўцы ён паўстаў і як кравец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Словам, майстар многіх спраў, і не толькі клубных. Прадставіў у відэаро-ліку і славутасці нашага раёна. Паказваў майстэрства работы з залай, якую актывізаваў без слоў пры дапамозе жэстаў і мімікі.
— Быць пераможцам — прыемна. Бачыш, што твая праца патрэбна людзям. Да таго ж, не менш прыемна ведаць, што ў табе ёсць нейкае Божае зерне. Любоў да сваёй работы і старанне — вось тыя кіты, на якіх трымаецца поспех.
Усе адзначаюць урачыстасць ушанавання ў Віцебскай філармоніі, уражаны канцэртам з лепшых нумароў ад лепшых культработнікаў і калектываў мастацкай самадзейнасці.
Алена БАСІКІРСКАЯ.