Объединяя прошлое и современность
gazeta 15-10-2013, 15:42 0 Культура
Рабіць вялікія справы лепш разам. Гэтая простая думка ў чарговы раз была падцверджана падчас правядзення вельмі важнага для ўсёй Міёршчыны мерапрыемства — усталявання мемарыяльных дошак у гонар Генрыха Дмахоўскага і Яна Гушчы.
Ідэя ўшанавання памяці знакамітых землякоў была прапанавана ўдзельнікамі клуба ЮНЕСКА "Адраджэнне", які дзейнічае на базе СШ №3. Там 10 кастрычніка і сабраліся ўсе, хто прымаў удзел у гэтай справе.
Дырэктар школы Валянціна Генадзьеўна Атрошка адзначыла важнасць падзеі, што пацвердзілі і высокія пасады гасцей, якія актыўна дапамагалі ў рэалізацыі задумы.
Павіншаваць удзельнікаў клуба з паспяховай рэалізацыяй праекта прыехаў старшыня БелАЮ, віцэ-прэзідэнт еўрапейскай федэрацыі асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, член нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКА Д. Ю. Субцэльны. Не пакінула падзею без увагі і мясцовае кіраўніцтва, якое аказала значную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства: намеснік старшыні райвынкама па сацыяльных пытаннях М. М. Баніфатава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамі А. С. Тронькін, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Г. Б. Гур'ева, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т. А. Стальмачонак, галоўныя спецыялісты І. П. Кубарка, М. М. Чалала, Л. В. Малецкая, дырэктар гісторыка-этнаграфічнага музея А. А. Лагунёнак, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму, куратар школы С. А. Захарэвіч, начальнік Міёрскага ўчастка Полацкага малочнага камбіната А. М. Іваноў, дырэктар ААТ "Чэрасы" Г. М. Колбун. Актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі сустрэчы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 В. М. Федуковіч, настаўнікі Г. А. Урбановіч, Т. Г. Крук, Л. Ф. Пракоф'ева, кіраўнік школьных музеяў В. А. Ермалёнак, вельмі дапамагалі былыя і цяперашнія вучні школы.
Валянціна Генадзьеўна асобна падзякавала спонсарам: райвыканкаму, аддзелу адукацыі, спорту і турызму, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ААТ "Міёрскі мясакамбінат" і яго дырэктару В. В. Бандарэнку, ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс" і яго кіраўніку І. Г. Сушко.
Перад прысутнымі выступіла куратар клуба "Адраджэнне" Ларыса Генрыхаўна Лапкоўская. Яна расказала аб рабоце клуба, праведзенай за чатыры гады яго існавання, і адзначыла, што толькі аб'яднаўшы ідэі настаўнікаў і вучняў, можна дабіцца выдатных вынікаў.
— Разам можна зрабіць многае. Я часта жартую, што калі б нам сказалі павялічыць тэмпературу на вуліцы на адзін градус — мы гэта зрабілі б, а вось як — гэта ўжо толькі наш сакрэт.
Прадстаўнік ЮНЕСКА Дзмітрый Юр'евіч Субцэльны адзначыў, што каштоўнасці-гэта не толькі помнікі, але і тыя людзі, якія выступаюць за іх аднаўленне і захаванне. Ён уручыў клубу афіцыйную падзяку за праведзеную работу.
Намеснік кіраўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Барысаўна Гур'ева гаварыла пра мноства карысных спраў, ужо праведзеных удзельнікамі аб'яднання і пажадала ім далейшых поспехаў.
Шлях у Забалоцце — месца нараджэння Генрыха Дмахоўскага — аказаўся вельмі кароткім дзякуючы цікавай і змястоўнай лекцыі, якую прачытаў падчас паездкі член рэспубліканскага савета таварыства аховы помнікаў, кіраўнік школьных музеяў В. А. Ермалёнак.
У Забалоцці гасцей сустракала загадчыца мясцовай бібліятэкі-клуба Людміла Міхайлаўна Белая, а таксама вучні Перабродскай і Мілашоўскай школ. Вітольд Антонавіч нагадаў прысутным біяграфію славутага земляка. З выдатнай падзеяй прысутных павіншавала Г. Б. Гур'ева. Л. В. Малецкая падзялілася ўспамінамі пра свае школьныя гады, калі ўпершыню даведалася пра Генрыка Дмахоўскага, і прызналася, што вельмі рада ўдзельнічаць ва ўшанаванні яго памяці.
Асобнай увагі заслужылі стваральнікі памятных дошак — дырэктар школы мастацтваў, мастак Баляслаў Часлававіч і яго сын Аляксандр Баляслававіч Чарняўскія.
— Гэтая праца была для нас вельмі ганаровай, бо не кожнаму выпадае магчымасць увекавечыць у сваёй творчасці такую вялікую асобу, — прызнаўся Баляслаў Часлававіч.
Старшыня Перабродскага сельсавета Віктар Мікалаевіч Дзеравянчык падкрэсліў, што ўшанаванне памяці землякоўвельмі важнае тым, што заахвочвае дзяцей захоўваць і паважаць нашу гісторыю.
Людміла Міхайлаўна падзякавала ўсім прысутным за ўдзел, а вучні СШ №3 прачыталі верш уласнага сачынення, прысвечаны знакамітаму скульптару.
Мемарыяльную дошку адкрылі М. М. Баніфатава, Б. Ч. Чарняўскі і былы ўдзельнік клуба "Адраджэнне", а цяпер студэнт журфака БДУ, Андрэй Грыгор'еў.
І адразу курс на Дзісну, дзе нас ужо чакалі вучні школы, гараджане, каб устанавіць яшчэ адну мемарыяльную дошку ў гонар земляка Яна Гушчы.
Намеснік дырэктара СШ №3 па выхаваўчай працы Вольга Мікалаеўна Федуковіч адзначыла, што час можа разбурыць будынак, але не можа знішчыць памяць, якая з'яўляецца самай вялікай каштоўнасцю. Старшыня Дзісенскага гарсавета Аляксандр Аляксандравіч Качан звярнуў увагу на значэнне мерапрыемства для горада з яго багатай гісторыяй.
В. А. Ермалёнак расказаў прысутным біяграфію пісьменніка Яна Гушчы і ўзгадаў сваё першае знаёмства з яго творчасцю і лёсам. М. М. Баніфатава зазначыла, што ўрачыстасць па ўшанаванні славутых землякоў пацвярджае,што людзі не забудуцца на мінулае.
Асабліва прачулена выказалася Т. А. Стальмачонак. Для яе Дзісна — родны горад, гісторыя якога важная для кожнага з яго жыхароў, вельмі пранікнёна гучаў верш, прачытаны С. А. Захарэвіч. Сваім выступленнем падвёў вынікі дзісенскі гісторык Пётр Уладзіміравіч Баговіч, які адзначыў, што людзі, якія нясуць культуру і з'яўляюцца яе стваральнікамі, павінны асабліва ўшаноўвацца нашчадкамі.
Напрыканцы вучні трэцяй школы прачыталі верш, прысвечаны Яну Гушчу.
Памятную дошку ў гонар паэта адкрылі Д.Ю. Субцэльны, В.А.Ермалёнак, А. А. Качан і вучаніца СШ №3 Марта Курловіч.
На здымках: удзельнікі ўстаноўкі мемарыяльных дошак Б.Ч. Чарняўскі, В.А. Ермалёнак, Д.Ю.Субцэльны, А.Б. Чарняўскі; падзяку клубу «Адраджэнне» прымае настаўніца Л.Г. Лапкоўская.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.