Мерапрыемства, прысвечанае Дню бібліятэк, у Міёрскай ЦРБ складалася з некалькіх кампанентаў — вулічная акцыя "З нагоды Дня бібліятэк — у падарунак кнігу атрымай!", выстава "Цуд, імя якому кніга", акцыя "Бясплатна часопіс на дом з фонду чытальнай залы".
З самай раніцы 15 верасня жыхарам і гасцям горада, што праходзілі міма будынка бібліятэкі, прапаноўваліся ў падарунак кнігі. Фантастыка, прыгоды і дэтэктывы, гістарычныя і раманы пра каханне. Гэтыя выданні раней падарылі бібліятэцы чытачы. У фондзе такія кнігі ўжо ёсць, таму вырашана было прапанаваць іх аматарам літаратуры. У кожную кнігу ўклалі візітку і рэкламны буклет пра бібліятэку.
Тым, хто пераступіў парог кніжнага храма, прапаноўвалася паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне і выпіць кубачак гарбаты.
Арганізатары мерапрыемства адчулі цяпло і цікавасць міярчан да кнігі і бібліятэкі, а таму атрымалі вялікае задавальненне і цяпер чакаюць новых зацікаўленых чытачоў.