У чарговы раз Міёршчына прыме ўдзельнікаў фестывалю нацыяльных культур. Што прадставіць на ім квінтэт выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў, чаго чакаць аматарам музыкі, мы пагутарылі з кіраўніком ансамбля Ігарам Віктаравічам Бунтам.
— Ігар Віктаравіч, якую праграму прапануе на суд журы і гледачоў квінтэт?
— Намі плануецца рэпертуар з двух твораў. Першы — польскага характару — будзе прадстаўлены ў конкурснай праграме, другі — эстраднага характару — у канцэртнай праграме.
—Якімі крытэрыямі карысталіся пры выбары кампазіцый?
— Польскі твор у першую чаргу вызначаўся згодна тэматыкі фестывалю і, канешне ж, па тым, наколькі ён спадабаецца слухачам. Кампазіцыя для канцэртнай праграмы намі была выбрана яшчэ ў мінулым годзе. З ёй мы ўжо неаднаразова выступалі на розных канцэртных пляцоўках.
— Якія творы ў выкананні квінтэта пачуюць госці фестывалю?
— Польскі накірунак будзе прадстаўлены п'есай кампазітара Віктара Бубна "Жарт". Другі твор уяўляе сабой варыяцыі на кампазіцыю групы Любэ пад назвай "Дарога".
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш квінтэт. Якія музычныя інструменты гучаць у яго складзе?
— У нашым ансамблі прадстаўлены акардэон, цымбалы, клавішы, барабаны, бас-гітара і баян. Нягледзячы на тое, што квінтэт традыцыйна складаецца з пяці выканаўцаў, мы задзейнічалі шэсць чалавек, проста ў залежнасці ад рэпертуару адзін чалавек узаемазамяняльны.
— Ігар Віктаравіч, гэта не першы ўдзел квінтэта ў фестывалі?
—Не, калектыў быў створаны яшчэ Алегам Драбам, з ім ён працаваў два гады. Пад маім кіраўніцтвам квінтэт выкладчыкаў удзельнічаў у фестывалі два гады назад. Тады мы атрымалі дыплом за ўдзел.