На стары Новы год вечарына ладзілася ў Язненскім СДК. Галоўнымі яе ўдзельнікамі былі розныя казачныя персанажы, у якіх пераапрануліся ўдзельнікі клуба "Вера. Надзея. Любоў" — пераважна жанчыны сталага ўзросту, а таксама культработнікі. Кіраўнік клуба Саламея Антонаўна Сіняўская ў ролі Снежнай каралевы загадзя чакала за накрытым сталом сваіх сябровак.
На карнавальным шоу гучалі песні, вадзілі карагоды і жартавалі, цыган з цыганкай, у ролі якіх выступалі Ева Мікалаеўна Астроўская і Валянціна Сцяпанаўна Махальская, — варажылі. Здзівіла ўсіх імітацыяй голасам гавайскай гітары Ірына Казіміраўна Сачыўка, яна ж выканала песню, якую сама напісала. Не абышлося і без "падстаўнога" Дзеда Мароза — Наталлі Мікалаеўны Ленскай, у ролі "сапраўднага" выступала Вольга Канстанцінаўна Александроўская, Снягуркай была Дар'я Казлоўская. Весялілі ўсіх "язненскія бабкі": Цвяточак — Ларыса Эдуардаўна Карпава і Матрона—Ларыса Генадзьеўна Бервячонак. У падарунак кожны ўдзельнік шоу атрымаў персанальны жартоўны гараскоп на гэты год.
… і калядаванне
"Сама каляда ідзе, казу вядзе, шчасце і радасць нясе", "Добры вечар таму, хто ў гэтым даму" — не так і часта сустрэнеш цяпер на вуліцы калядоўшчыкаў з такімі словамі. На Язненшчыне гэтая традыцыя жыве. Карнавальнае шоу ўступіла месца калядаванню. Жанчыны з клуба "Вера. Надзея. Любоў" і культработнікі СДК выправіліся да аднавяскоўцаў, не абмінулі мясцовую краму. З песняй і сцэнкай завіталі да ўдзельніцы клуба Зінаіды Васільеўны Янушонак, якая па стане здароўя не змагла быць разам з імі. Як падкрэсліла жанчына:" Калядоўшчыкі літаральна за некалькі хвілін дадалі мне пяць год жыцця!" Затое частавала яна іх таксама шчодра: каўбаскай і паляндвіцай, яблыкамі.