Мінулі калядныя і навагоднія святы. У многіх мерапрыемствах гэтага цыкла ўдзельнічалі жанчыны з клуба "Бажэна", а яны натуры ініцыятыўныя, творчыя. Яшчэ бажэнаўкі рыхтавалі ёлкі, падарункі і застоллі для сваіх сем'яў, для дзяцей, унукаў, нават праўнукаў. Нарэшце, вырашылі парадаваць сябе. Да чарговага, першага ў гэтым годзе пасяджэння падрыхтавалі маскарадныя касцюмы, віншаванні для сябровак, любімыя стравы... І запасліся добрым настроем.
І вось на стале ў зале тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запальваецца калядная свечка. З вуснаў вядучай Таццяны Шульга гучыць біблейская гісторыя нараджэння Хрыста — самы падыходзячы момант для святочных віншаванняў. І лепшыя пажаданні жанчынам выказвае гаспадыня — дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак. Паміж святочнымі ўспамінамі, варажбой, калядаваннем знаходзіцца час у кожнай бажэнаўкі для звароту да сябровак.
Пад гармонік Мікалая Федуковіча гучыць гімн клуба, а потым успамінаюцца незабыўныя словы папулярных песень мінулых гадоў. І верыцца, што "ў "Бажэне" добра, прыходзьце з намі весяліцца". Гэта радкі прыпеву з гімна, якім пачынаецца кожнае пасяджэнне.
Абавязкова трэба сказаць, што вядучая пасяджэння Таццяна Шульга працуе загадчыцай аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН, а ёй дапамагалі ў правядзенні мерапрыемства падначаленыя — спецыялісты аддзялення Марына Кайнарава, Вера Гродзь, Ала Федарэц, Валянціна Пундзіс.